• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • Audio6.85 MB
  • 10.05.2011

Польскія інваліды ды праца

Сярод каля 2,5 мільёна польскіх інвалідаў, якія маглі б працаваць, на самой справе працуе толькі адна чацьвёртая.

Дзеля параўнаньня, працаўладкаваньне інвалідаў у краінах гэтак званай „старой пятнаццаткі” Эўрапейскага Зьвязу сягае 50%.

Меркаваньнем Пятра Паўлоўскага, старшыні арганізацыі „Інтэграцыя”, страх перад пажыцьцёвай стратай сацыяльнай дапамогі для інвалідаў адбівае ў людзей ахвоту шукаць працаўладкаваньне.

Пётр Паўлоўскі: Перад усім гэта пастка, якой зьяўляецца дапамога для інвалідаў. Значная частка інвалідаў ня хоча працаўладкавацца, баючыся страты згаданай дапамогі. Таму патрэбная выразная інфармацыя пра тое, што такім чынам не адбудзецца. Яна можа пераканаць вялікую групу інвалідаў. Нагадаю, што патэнцыял згаданых асобаў у Польшчы вялікі. Польшча займае апошняе месца, калі гаворка ідзе пра прафэсійную актыўнасьць гэткіх асобаў. Таму гэта сапраўды важная задача.


Пётр Паўлоўскі падкрэсьлівае, што на шляху да павелічэньня прафэсійнай актыўнасьці інвалідаў вельмі істотнай зьяўляецца адукацыя.

Пётр Паўлоўскі: Ня будзе прафэсійна падрыхтаваных працаўнікоў, калі ня будзе добра падрыхтаваных інтэграцыйных школаў. Дзеці з абмежаванымі магчымасьцямі павінны праходзіць усю сыстэму адукацыі, пачынаючы ад базавай, гімназіяльнай, сярэдняй школаў ды ВНУ. Гэта на цяперашні момант асноўная справа.

- лічыць Пётр Паўлоўскі.

Важнай справай зьяўляецца таксама ліквідацыя архітэктурных бар’ераў, доступ да інтэрнэту ды грамадзянская актыўнасьць асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі.

Толькі пасьля рашэньня згаданых праблемаў можна будзе адказна сьцьвердзіць, што інваліды ў Польшчы не падвяргаюцца дыскрымінацыі, - лічыць старшыня арганізацыі „Інтэграцыя”. 

аз


Энэргетычны мост зь Беларусяй праз чатыры гады!?

Канцэрн Польскія электра-энэргетычныя сеткі „Operator” (PSE Operator) увосеньні вырашыць, ці пабудаваць новае энэргетычнае спалучэньне зь Беларусяй.

Калі будуць ахвотныя карыстацца новай энэргалініяй, інвэстыцыя стартуе да 2015 году.

PSE Operator, які адказвае за дзейнасьць найбуйнейшых энэргетычных сыстэмаў у Польшчы, пачаў зьбіраць уступныя прапановы ад фірмаў, зацікаўленых перасылкай электраэнэргіі ў Беларусь і зь Беларусі. Вынікі згаданага апытаньня будуць падставай інвэстыцыйнага рашэньня.

Як заявіў старшыня Operatоr Генрык Майхшак, канчатковае рашэньне будзе прынятае восеньню.

Ад магчымага зацікаўленьня й выніку далейшых аналізаў залежыць моц спалучэньня, а значыць, і патэнцыял перасылкі.

Паводле ўступных плянаў, PSE хоча рэалізаваць інвэстыцыю ў двух этапах: у першым (да 2015 году) энэргетычнае спалучэньне магло б служыць дзеля імпарту энэргіі зь Беларусі ў Польшчу. А ад 2020 году (другі этап) энэргію можна было б пасылаць у абодвух напрамках.

Кіраўніцтва PSE Operator прызнае, што энэргетычнае спалучэньне трэба будзе збудаваць з самога пачатку, паколькі стан існуючай сыстэмы настолькі адмоўны, што ня хопіць звычайнай мадэрнізацыі.

Уступны кошт спалучэньня з тэрыторыі беластоцкага рэгіёну да мяжы зь Беларусяй інвэстар ацэньвае як мінімум на 320 мільёнаў злотых. Частка экспэртаў зьвяртае таксама ўвагу на неабходнасьць разбудовы энэргетычнай сыстэмы ў паўночна-ўсходняй Польшчы.

PSE Operator гарантуе, што калі сетка ўзьнікне, яна будзе даступная для ўсіх. Аднак інвэстар мусіць мець гарантыю, што яна будзе эфэктыўна выкарыстоўвацца, таму спадзяецца падпісаць уступныя дамовы з зацікаўленымі фірмамі. 

rp.pl/аз

 

Больш за 800 млн. злотых (~200 млн. эўра) будзе інвэставана ў памежныя пераходы на ўсходняй мяжы Польшчы.

Сродкі выкладаюць ваяводзкія муніцыпалітэты й Эўрапейскі Зьвяз. Мэта інвэстыцыі – шырока адчыніць усходнюю мяжу для прадпрымальнікаў. Іншая, таксама прыярытэтная мэта мадэрнізацыі – спрасьціць перасяканьне мяжы й стварыць добрыя ўмовы для прыняцьця заўзятараў на чэмпіянат Эўропы па футболе Эўра 2012.

Рэалізацыя інвэстыцый завершыцца ў 2013 годзе.

КПП у Будоміры на мяжы з Украінай будзе абсталяваны электроннай сыстэмай назіраньня й кіраваньня рухам, аўтаматамі, якія будуць чытаць нумары аўтамабіляў і вежай з інфрачырвонымні камэрамі. У Далгабычы КПП будзе пабудаваны з нуля.

Вялікая будова пачынаецца таксама ў Полаўцах на мяжы зь Беларусьсю. Гэта будзе сучасны КПП, зь некалькімі паласамі, на якім будзе таксама аэрадром для верталётаў.
У Тарэспалі ўжо ў чэрвені пачне працаваць адрамантаваны чыгуначны пераход. У Семяноўцы паўстане новы чыгуначны тэрмінал. Будуецца таксама пункт памежнай кантролі для турыстаў на Аўгустоўскім канале. Лічбавыя сыстэмы электроннага нагляду будуць усталяваныя ў Баброўніках і Кузьніцы Беластоцкай.

Напалову зьменшылася зацікаўленьне палякаў адпачынкам у Эгіпце, Тунісе й Марока.

Галоўная прычына - гэта напружаная сытуацыя ў гэтым рэгіёне сьвету.
Ян Корсак, старшыня Польскай палаты турызму лічыць, што гэта вялікая страта для турыстычнай галіны.

Я. Корсак: Турбюро паведамляюць, што ў гэтых краінах бясьпечна, і што яны зьвяртаюць вялікую ўвагу на бяспеку турыстаў. Аднак рашэньне прымаюць не турбюро, а кліенты. Гэта яны вырашаюць, куды ехаць і ацэньваюць, дзе будуць адчуваць сябе бясьпечна. У Эгіпет выяжджала прыблізна 600 тыс. у год, у Туніс – 200 тыс, 50-60 тыс. - у Марока. Калі абагульніць  - гэта амаль адзін мільён чалавек.

Сёлета паўмільёна гэтых кліентаў выбірае іншыя рэгіёны  - пераважна ў Эўропе, - зазначае Ян Корсак.

Турбюро значна панізілі кошт пуцёвак у краіны Паўночнай Афрыкі. У Эгіпце 9 дзён у камфортным гатэлі каштуе 400 даляраў.

 

 

 

Курсы валют паводле НБП

1 эўра    3.92 зл
1 $ ЗША  2.73 зл
1000 Бр  0.87 зл

Я. С. і А. З.