• Агляд польскага друку
  • Audio6.2 MB
  • 10.05.2011

 

Такім чынам гінуць нелегалы. Жаўнеры NATO дазволілі 61 імігранту з Афрыкі памерці ў адкрытым моры з голаду й смагі, заяўляе брытанская штодзёнка „The Guardian”. Хаця абязьсіленыя афрыканцы падымалі ўверх дзяцей перад лятаючымі нізка самалётамі, ім ніхто не дапамог. Гэты інцыдэнт апісвае „Gazeta Wyborcza”.

На водах Сыцылійскага каналу, які для афрыканцаў, якія ўцякаюць ад вайны й голаду, стаў дарогай у рай, толькі сёлета загінула больш за 800 імігрантаў.

Гэтыя нешчасьліўцы плацяць кантрабандыстам па 1 тысячы эўра (даволі часта гэта ашчаднасьці ўсяго жыцьця) за перакід іх на Мальту альбо італьянскую выспу Лямпэдуза. Часамі яны тонуць на перагружаных лодках, альбо абязьсіленыя гінуць, ня маючы магчымасьці даплыць да берага, калі капітан проста выкідвае іх у адкрытае мора, уцякаючы ад патрулёў італьянскай памежнай службы.

Некаторыя ўцекачы паміраюць павольна без вады й харчаваньня, хаця на гэтых тэрытарыяльных водах шмат яхтаў і турыстычных кацераў, а паветраную прастору патрулююць вайсковыя самалёты й верталёты.

- Кожны дзень, прачынаючыся, мы знаходзілі на борце цела чарговай асобы. Адчакаўшы 24 гадзіны, мы выкідвалі цела пакойніка за борт. Апошнюю бутэлькі вады мы хавалі для 2 дзяцей, але яны й так памерлі, - распавядаў  24-гадовы Абу Куркэ з Эрытрэі, які цудам выжыў. Больш за 2 тыдні ён спажываў зубную пасту й уласную мачу. Менавіта ён дапамог брытанскім журналістам падрыхтаваць дакумэнтацыю па факце, што жаўнеры NATO наўмысна праігнаравалі лодку, якая дрэйфавала па Міжземным моры.

А ўсё пачыналася так: 25 сакавіка з Трыпалі выплыла лодка, на борце былі 72 асобы - 47 грамадзянаў Этыёпіі, па 7 нігерыйцаў і эрытрэйцаў, 6 грамадзянаў Ганы й 5 суданцаў. Капітан з Ганы пасьля 17 гадзінаў рэйсу зразумеў, што памыліў шлях, паліва канчалася й трэба было шукаць дапамогі. Пасажыры пры дапамозе спадарожнікавага тэлефону, які знаходзіўся на лодцы, патэлефанавалі да айца Масэса Зэрая, эрытрэйскага сьвятара, які працаваў у Рыме. Сьвятар паінфармаваў італьянскую памежную службу, ад якой даведаўся, што ўцекачоў не пакінуць на паству лёсу. Неўзабаве з вайсковага верталёта на борт лодкі вайскоўцы скінулі бутэлькі зь мінэральнай вадой і ежай. Пасажыры лодкі меркавалі, што неўзабаве надыйдзе дапамога, але памыліліся. Калі капітан зразумеў, што можа разьлічваць выключна на сябе, апошні раз паспрабаваў даплыць на Лямпэдузу. Сёньня ніхто не прызнаецца, што ён быў на борце верталёта. Італьянцы неафіцыйна гавораць, што папярэдзілі мальтанцаў пра тое, што ў іх бок накіроўваецца лодка з афрыканцамі. Мальта абвяргае гэтую заяву.

30 сакавіка лодка наблізілася да авіяносца. Брытанскія журналісты высьветлілі, што гэта было францускае судна „Charles de Gaule”.  Выжыўшыя афрыканцы кажуць, што над лодкай нізка праляцелі два самалёты. Імігранты спрабавалі паказаць пілётам дзяцей, каб дачакацца дапамогі, але бязвынікова.

Пасьля 16 дзён дрэйфаваньня на моры хваля выкінула лодку каля лібійскай Містраты. На борце засталося толькі 11 жывых чалавек. Адзін памёр, сыйшоўшы на бераг, а чарговы ў турме, дзе сілы Муамара Кадафі трымалі людзей 4 дні, пасьля таго, як знайшлі іх на пляжы.

Прэс-сакратар NATO Кармэн Рамэра аспрэчвае абвінавачаньне ў тым, што якое-колечы судна альянсу магло праігнараваць просьбу аб дапамозе, паколькі гэта парушэньне марскога права. Аднак, як стала неафіцыйна вядома, па гэтай справе NATO пачало ўнутранае сьледзтва.

У Італію й на Мальту сёлета прыплыло больш за 30 тысяч лібійцаў, тунісцаў ды іншых афрыканцаў, прыгадвае „Gazeta Wyborcza”.

 

Іншаземцы змогуць працаўладкавацца толькі ў саліднай польскай фірме, пра што можа даведацца з эканамічнага дадатка выданьня „Rzeczpospolita”.

Міністар працы й сацыяльнай палітыкі Ялянта Фэдак хоча зрабіць больш шчыльнымі працэдуры запрашаньня ў Польшчу на працу грамадзянаў Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расеі й Украіны.

Цяпер польскія прадпрымальнікі могуць без асаблівых фармальнасьцяў запрашаць на працу іншаземцаў, калі іх працаўладкаваньне не перакрочыць тэрміну 6 месяцаў. Дастаткова ў ваяводзкае працоўнае ведамства падаць заяву пра намер працаўладкаваць іншаземца. Пасьля гэты дакумэнт зьяўляецца  падставай для польскага консульства для выдачы іншаземцу візы.

Пасьля зьменаў у заяве неабходна будзе пазначыць, колькі дакладна іншаземец будзе зарабляць і ці будзе ён у стане сябе ўтрымаць. Акрамя таго, прадпрымальнік будзе вымушаны давесьці, што спрабаваў знайсьці адпаведнага працаўніка ў Польшчы, а паколькі гэта было немагчыма, вырашыў прыняць на працу іншаземца. Апрача гэтага, прадпрымальніку трэба будзе прадставіць адпаведныя даведкі, што ў яго няма запазычанасьцяў з падаткамі й аплатай сацстраховак. Гэтыя дакумэнты не зацягнуць самых працэдураў, але ў выпадку неабходнасьці дапамогуць інспэктарам працы й памежнікам прасачыць працэс працаўладкаваньня іншаземца.

У мінулым годзе спрошчанымі прынцыпамі працаўладкаваньня скарысталася 200 тысяч іншаземцаў з усходніх ад Польшчы краін, пераважная большасьць зь іх - гэта грамадзяне Ўкраіны, паведамляецца ў эканамічным дадатку выданьня „Rzeczpospolita”.

 

Іншаземцы з Усходу палюбілі Балтыку. Нестабільная сытуацыя ў краінах паўночнай Афрыкі спрычыніцца да таго, што турысты з-за ўсходняй мяжы, замест адпачынку на Чырвоным моры, выбяруць Балтыйскае, прагназуе „Dziennik Gazeta Prawna”.

Пра гэта можа сьведчыць факт, што цягам студзеня –лютага падчас зімовых канікулаў польскія зімовыя курорты наведала на 40% больш расейцаў у параўнаньні зь мінулым годам. На 33% прыехала больш беларусаў і на 24 % больш украінцаў. У гэты пэрыяд усходнія суседзі зазвычай любілі грэцца на пляжы ў Эгіпце. Польскі гатэльны бізнэс пачаў падстройвацца пад гасьцей з Расеі, павялічылася колькасьць 5-зоркавых гатэляў з разнастайнымі прапановамі адпачынку, дзе расейскія турысты любяць праводзіць водпуск.

Аднак гасьцей з Усходу прывабліваюць ня толькі польскія турыстычныя ўмовы, але й ніжэйшыя цэны ў крамах зь фірменнымі таварамі. Са статыстыкі вынікае, што шопінг у Польшчы карыстаецца папулярнасьцю сярод летувісаў, украінцаў і расейцаў, піша „Dziennik Gazeta Prawna”.

КР