• „Я заўсёды марыў аб тым, каб жыць у цэнтры Горадні” , „Помсты Лукашэнкі”
  • 11.05.2011

 „Я заўсёды марыў аб тым, каб жыць у цэнтры Горадні” – так пачынае свой ліст, накіраваны бацькам, Андрэй Пачобут,  карэспандэнт „Gazety Wyborczaj”, які ужо 36 дзень сядзіць за кратамі гарадзенскай турмы й чакае працэсу за зьнявагу Александра Лукашэнкі. Ліст на самой справе быў накіраваны ў рэдакцыю „GW”, але адкрыта напісаць гэта Пачобут ня мог, бо цэнзура бы яго не прапусьціла. Журналіст сказаў аб гэтым жонцы, калі ліст ужо быў за мурам турмы.

„Я заўсёды марыў аб тым, каб жыць у цэнтры Горадні й, калі ласка, мара збылася. Зразумела, я думаў пра іншае, але ж зь лёсам біцца ня будзеш. Хацеў цэнтар, старую камяніцу, вось і атрымаў.
За апошнія месяцы я моцна адчуваў, што я трапляю ў пятлю. Быў стрэс, напружаньне, нэрвы, няўпэўненасьць… Аднак калі ўсё гэта адбылося, я быў цалкам спакойны. Я не шкадую ні аб чым. Усе літары, коскі й кропкі паставіў бы на тых жа месцах ды дадаў бы некалькі выклічнікаў”. Гэты ліст Андрэй Пачобут напісаў 20 красавіка, а сёньня надрукавала яго „GW”.

„Помсты Лукашэнкі” - гэта загаловак іншага артыкула „GW” на беларускую тэму.

Дыктатар помсьціць васьмі зь дзевяці контркандыдатам. Рэпрэсіі не закранулі Віктара Цярэшчанкі, невядомага бізнэсмэна, які хоць і балатаваўся, аднак выбарчую кампанію не праводзіў. Цярэшчанку выставіла сама ўлада на выпадак, калі б усе апазыцыянэры зьнялі свае кандыдатуры. Тэхнічны кандыдат быў неабходны, таму што, паводле беларускага права, у Лукашэнкі павінен быў быць хоць адзін контркандыдат.

Праблем з судамі няма сёньня ў двух іншых экс-кандыдатаў – Яраслава Раманчука й Рыгора Кастусёва, якія аднак заплацілі вялікую цану. Зламаліся, а  КДБ прымусіў іх публічна адрачыся ад калег і асудзіць апазыцыю, якая выступіла супраць Лукашэнкі.
Алесь Міхалевіч уцёк у Чэхію.

Менскія суды працуюць поўным ходам і судзяць канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. – Я не сумняюся, што Лукашэнка асабіста кіруе гэтымі працэсамі, - кажа Алесь Бяляцкі. Ён разьюшаны на людзей, якія пасьмелі кінуць яму выклік. Але рэпрэсіі закранаюць таксама шэраговых апазыцыянераў. Рэжым проста імкнецца паказаць грамадзтву, што трэба сядзець ціха.

 

Зазіраем на старонкі выданьня „Dziennik. Gazeta Prawna”. Тут на першай паласе артыкул пад назвай „Грошы на беспрацоўных урад забірае сабе”.
Польскія прадпрымальнікі плацяць абавязковыя ўзносы ў Фонд гарантаваных выплат для парацаўнікоў і ў Фонд працы. Сума ўзносаў агулам складае больш, чым расходы. А ўрад розьніцу забірае сабе.

„Гэтыя грошы павінны прызначацца на актывізацыю беспрацоўных, каб фірмам было прасьцей знаходзіць кваліфікаваных работнікаў, - кажа старшыня арганізацыі прадпрымальнікаў „Lewiatan” Ярэмі Мардасэвіч. Ён зазначае, што калі ёсьць розьніца на плюс, дык урад павінен зьменшыць узносы. – Фірмы лепш ведаюць, што зрабіць з грашыма, чым чыноўнікі, - упэўнены Мардасэвіч.

У наступным годзе фонд, які часова плаціць зарплаты працаўнікам збанкрутавалых фірмаў або прадпрыемствах у працэсе ліквідацыі, плянуе выдаткаваць 5 млн. злотых (прыкладна 1 млн. 250 тыс. эўра). Тымчасам фірмы й прадпрымальнікі перавядуць на рахунак гэтага фонду 380 млн.злотых (прыкладна 85 млн. эўра). Такім чынам урад за адзін год зьбярэ грошы на выплату сацыяльнай дапамогі на 600 гадоў.

Урад абкладае фірмы аплатамі, якія павінны прызначацца на канкрэтную мэту, а ўспрымае іх як падаткі, - зазначаюць дзеячы прафсаюзаў. Калі ўрад ня зьменіць гэтую палітыку, прафсаюзы пагражаюць падаць скаргу ў Канстытуцыйны суд.

Google пакажуць сьвету выгляд польскіх вуліц, - паведамляе тая ж штодзёнка „Dziennik. Gazeta Prawna”. На пачатку чэрвеня на вуліцах Варшавы, Уроцлава, Познані, Гданьска й Кракава зьявяцца славутыя ўжо аўтамабілі Google. Кожная машына абсталяваная адмысловымі камэрамі. – У нас ледзь некалькі летніх месяцаў на тое, каб сфатаграфаць горад. Здымкі неабходна рабіць, калі надвор'е сонечнае, - тлумачыць Артур Валішэўскі, кіраўнік Google Polska. І дадае, што паслуга пачне дзейнічаць на пачатку наступнага году, каб ёю маглі скарыстаць турысты, якія плянуюць прыехаць у Польшчу на EURO 2012. Фатаграфаваць польскія гарады дазволіў Галоўны інспэктар аховы пэрсанальных дадзеных. Высунуў аднак умову, што камэры на машынах будуць пазначаны, а жыхары загадзя атрымаюць інфармацыю аб здымках. І пры гэтым абсалютна няма гаворкі аб зборы нейкай іншай інфармацыі.

 

Больш за палову студэнтаў лепшых польскіх ВНУ хацелі б выехаць за мяжу, - паведамляе „Rzeczpospolita”. У чацьвер на сустрэчу з уроцлаўскімі студэнтамі прыедуць зь Нямеччыны кіраўнікі вядомай фірмы „Руцкэр”, якая вырабляе кузавы для вядучых аўтамабільных кампаній. –Яны хочуць сустрэцца са студэнтамі, сярэдняя адзнака ў якіх - мінімум чатыры (у Польшчы - шасьцібалавая сыстэма – рэд.), якія ведаюць ангельскую мову й крыху нямецкую, - кажа праф. Эўгеніюш Русіньскі, прарэктар па пытаньнях навуковых дасьледаваньняў Уроцлаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту. Колькі студэнтаў вырашаць выехаць, пакуль не вядома. Аднак паводле апытаньняў шэсьць зь дзесяці выпускнікоў найлепшых польскіх ВНУ гатовыя выехаць за мяжу ў выпадку, калі атрымаюць цікавую прапанову працы. –Калі Захад выйдзе з крызысу, у нас могуць узьнікнуць вялікія праблемы. Многія высокаадукаваныя, амбітныя маладыя людзі выяжджаюць і не вяртаюцца. А да нас вяртаюцца толькі вынікі іх працы ў выглядзе патэнтаў, - іранізуе навуковы супрацоўнік адной з варшаўскіх ВНУ ў размове з газэтай „Rzeczpospolita”.

Палякі ідуць на вайну, каб стаць амэрыканцамі. „Gazeta Wyborcza” паведамляе, што ў рамках кампаніі „Go to army” амэрыканскія вярбоўнікі «вылаўліваюць» іншаземцаў, у якіх ёсьць гэтак званыя зялёныя карты, галоўным чынам лацінаамэрыканцаў і палякаў. І амаль адразу ж даюць ім амэрыканскае грамадзянства. Потым – на вайну. Ужо 20 палякаў загінулі ў Іраку й Афганістане. У амэрыканскай арміі служыць іх каля 500, - кажа Рафал Стахоўскі, які ў ЗША вярбуе землякоў у войска.

-Амаль кожны дзень у Кабуле, калі прызямляліся амэрыканскія самалёты з жаўнерамі, я сустракаў сярод іх палякаў, - расказвае польскі афіцэр, які быў у гарачай кропцы цягам паўгоду.

яс