• Сікорскі наведаў Бэнгазі й падтрымаў паўстанцаў
  • 12.05.2011

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі нечакана наведаў Бэнгазі, цэнтар праціўнікаў Муамара Кадафі. Польскі міністар стаў першым кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства з так званай кантактнай групы па справах Лібіі, які наведаў гэтую паўночна-афрыканскую краіну.

Візыт польскага міністра ў Бэнгазі працягваўся 4 гадзіны й быў сыгналам падтрымкі дэмакратыі ў Лібіі. Час візыту абраны невыпадкова, бо празь некалькі тыдняў Польшча распачынае шасьцімесячнае старшынства ў Эўразьвязе.

Радаслаў Сікорскі сустрэўся ў Бэнгазі зь лідарам Пераходнай нацыянальнай рады Мустафою Абдэль Джалілем. Пасьля сустрэчы міністар выказаў спадзяваньне, што канфлікт ў Лібіі неўзабаве завершыцца. Польскі міністар дадаў, што падчас сустрэчаў у Бэнгазі ён прадстаўляе ня толькі Польшчу, але і ўвесь Эўразьвяз.

Р. Сікорскі: Мой візыт узгоднены з Высокім прадстаўніком Эўрапейскага зьвязу. Я заўляю, што мы прызнаем Раду паўнапраўным партнэрам у перамовах з Эўразьвязам. Адзіны выхад для Лібіі – гэта сыход палкоўніка Кадафі й пачатак канстытуцыйнага працэсу, які прывядзе да дэмакратызацыі Лібіі. Мы хочам, каб так сталася, і жадаем лібійцам перамогі ў працэсе дэмакратызацыі.

Ён таксама запрасіў 50 дзеячаў лібійскай апазыцыі наведаць Польшчу, каб асабіста пазнаёміцца з досьведам трансфармацыі. У Бэнгазі Сікорскі таксама сустрэўся з дыпляматамі зь Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША й Італіі. З сабою міністар прывёз некалькі тонаў мэдыкамэтаў, сабраных у Польшчы.

Мустафа Абдэль Джаліль падзякаваў Сікорскаму й заявіў, што сёньня для яго краіны самым важным зьяўляецца палітычная, вайсковая й гуманітарная падтрымка. Асноўная просьба паўстанцаў, паводле
карэспандэнта газэты „Tygodnik Powszechny” Анджэя Мельлера, які быў на месцы, зводзіцца да магчымасьці набыць зброю ў эўрапейцаў.

А. Мэльлер: Яны хочуць купіць зброю. Пра бясплатнае атрыманьне тут ніхто ня кажа. Яны б хацелі атрымаць крэдыт у эўрапейскіх банках, каб купіць зброю. Падаркункаў тут ніхто не чакае.

На жаль, падчас візыту не абыйшлося без праблемаў. Калі самалёт польскай дэлегацыі ішоў на пасадку ў Бэнгазі, польскія спэцслужбы атрымалі інфармацыю пра магчымы замах. Самалёт разьвярнуўся ў бок Эўропы й толькі празь некалькі дзясяткаў хвілін змог прызямліцца.

Міністар Сікорскі паабяцаў, што польскія дыпляматы будуць часта наведваць Бэнгазі й дапамогуць у палітычным дыялёгу. Апрача таго, галава польскай дыпляматыі запэўніў лібійцаў, што Варшава будзе працягваць гуманітарную дапамогу Лібіі. Яе аб’ём, паводле міністра, будзе значна павялічаны.

Вайна ў Лібіі працягваецца амаль 3 месяцы. Камэнтатары кажуць пра патавую сытуацыю, паколькі войскі Кадафі ня могуць узяць кантроль над усходам краіны, дзе базуюць паўстанцы. У сваю чаргу паўстанцы ня маюць сродкаў і зброі, каб вырушыць у бок Трыпалі.

дг