• Агляд польскага друку
  • 12.05.2011

 

Набліжаецца суд над Анджэем Пачобутам – піша польская штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.

Пракурор паведаміў адвакатам журналіста, што ў чацьвер пройдуць сьледчыя дзеяньні зь іх удзелам. На думку абаронцы Аляксандра Бірылава, пракурор прадставіць афіцыйнае абвінавачаньне журналісту. Магчыма, скажа таксама, калі адвакаты змогуць азнаёміцца з матэрыяламі справы. Суд над Анджэем Пачобутам можа пачацца ўжо неўзабаве – паведаміў адвакат Аляксандар Бірылаў. 

Пракуратура ўзбуділа крымінальную справу супраць беларускага карэспандэнта  “Gazety Wyborczej”, абвінаваціўшы яго ў зьнявазе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. За гэта Анджэю Пачобуту пагражае да 4 гадоў турмы.


Дэвальвацыя ў Беларусі. Расея адмаўляецца аказваць дапамогу – працягвае беларускую тэматыку “Gazeta Wyborcza”.

У выніку дэвальвацыі, праведзенай у сераду, беларускі рубель згубіў 30% сваёй вартасьці. Нацбанк Беларусі заявіў, што гэты крок павінен зьменшыць попыт на замежную валюту, якую насельніцтва масава купляла ў апошнія месяцы, чакаючы дэвальвацыі.

Сытуацыя ў Беларусі крытычная  - піша “Gazeta Wyborcza”. У краіне па-ранейшаму нехапае валюты, сотні фірмаў спыняюць сваю дзейнасьць і высылаюць працаўнікоў у неаплочваемыя адпачынкі. Растуць цэны – на некаторыя прадукты яны павысіліся на 50%. Беларускую эканоміку дабіваюць высокія цэны на расейскія энэрганосьбіты ды запазычанасьць, якая дасягнула 28 мільярдаў даляраў.

Часовую палёгку павінен быў прынесьці 3-мільярдны даляравы крэдыт, які Беларусь прасіла ў Расеі ад сакавіка. Міністар фінансаў Аляксей Кудрын абяцаў, што пытаньне крэдыту будзе разгледжана ў траўні, пасьля таго, як Беларусь прадставіць плян рэформаў. Учора Расея нечакана адмовілася ад сваіх словаў. Кудрын сказаў, што Масква ня будзе фінансаваць Менск са свайго бюджэту. Беларусь можа лічыць толькі на крэдыт ад ЭўрАзЭС – па адным мільярдзе даляраў у год да 2013 году. Таксама Кудрын параіў Менску папрасіць грошай у Міжнароднага валютнага фонду ды прадаць некаторыя дзяржпрадпрыемствы.

Аналітыкі неаднаразова казалі, што Расея ўзамен за крэдыты хоча атрымаць ключавыя прадпрыемствы хімічнага й нафтаперапрацоўчага сэктараў, а таксама машынабудаваньня й тэлекамунікацыі – піша “Gazeta Wyborcza”.

 

Гомасэксуальныя пары ў Эўразьвязе прыроўненыя ў правах да сямейных– піша “Dziennik. Gazeta Prawna”. 

У сваю чаргу Міністэрства замежных справаў Польшчы вырашыла выдаваць бясплатныя шэнгенскія візы для беларускіх, расейскіх ды ўкраінскіх удзельнікаў Парада роўнасці, які пройдзе ў Варшаве11 чэрвеня. З матэрыялаў, якія патрапілі ў рэдакцыю “Dziennikа”, вынікае, што ад гомасэксуалаў і абаронцаў правоў геяў з краінаў-суседак Польшчы ня будуць патрабаваць нават запрашэньня.

Але важнейшай за бясплатныя візы зьяўляецца пастанова суду Эўрапейскага Зьвязу ў Люксэмбургу. У ёй гаворыцца, што ў краінах, якія прызнаюць партнэрскія саюзы ды гомасэксуальныя шлюбы, гэтыя інстытуты павінныя мець такія самыя правы й прывілеі, як клясычныя сямейныя пары. Рашэньне Эўрапейскага суду ня будзе прымяняцца ў Польшчы, Італіі, на Мальце й яшчэ ў 8 краінах ЭЗ, дзе гомасэксуальныя пары не прызнаюцца – піша “Dziennik Gazeta Prawna”.

Польшча захавае эканамічны ўзрост – зьвяртаецца да гаспадарчай тэматыкі “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Эканамічны рост “старых” краінаў Эўразьвязу павінен запаволіцца ў выніку скарачэньня бюджэтных выдаткаў. Тое самае адбудзецца ў краінах Азіі. Польшча, дзякуючы росту ўнутранага попыту, захавае высокія тэмпы эканамічнага росту. Такую ацэнку дало міжнароднае страхавое агенцтва Coface. Паводле эканамістаў кампаніі, валавы ўнутраны прадукт Польшчы ў 2011 годзе вырасьце на 4,1%. Акрамя Польшчы, лідарамі па эканамічным росьце ў Эўропе будуць Чэхія, Славакія ды Эстонія.

Рухавіком эканамічнага росту Польшчы, як ужо было сказана, зьяўляецца разьвіцьцё ўнутранага рынку. Менавіта вера ў набыўчую сілу польскіх спажыўцоў і дынамізм польскіх прадпрыемстваў дазволілі Варшаве ўтрымаць добрыя пазыцыі ў міжнародных эканамічных рэйтынгах нават у часах сусьветнага крызысу – піша “Dziennik. Gazeta Prawna”.

 

Забойца летувіскіх памежнікаў асуджаны праз 20 гадоў – піша польская газэта “Rzeczpospolita”.

У сераду Віленскі акруговы суд асудзіў аднаго з забойцаў летувіскіх мытнікаў, якое адбылося ў Медніках у ліпені 1991 году. Былы супрацоўнік рыжскага АМАПу Канстанцін Міхайлаў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Трое іншых забойцаў хаваюцца ў Расеі.

31 ліпеня 1991 году група ўзброеных міліцыянтаў напала на мытны пункт Летувы, якая абвесьціла сваю незалежнасьць. АМАП і раней праводзіў акцыі супраць памежных службаў рэспублікі. Масква тлумачыла гэта тым, што Летува не зьяўляеццца незалежнай дзяржавай і ня можа мець уласных мытных і памежных службаў. Звычайна міліцыя зьбівала мытнікаў і падпальвала пастарункі. У Медніках сем няўзброеных мытнікаў былі забітыя, а адзін быў цяжка паранены. Да сёньняшняга дня не вядома, хто аддаў загад – мясцовыя сілавікі ці Крэмль, піша “Rzeczpospolita”.

АП