• "Рана ці позна Лукашэнка адкажа за ўсё гэта насільле"
  • 13.05.2011

На першай староцы штодзёнкі „Gazeta Wyborcza” надрукаваны вялікі артыкул пра Анджэя Пачобута. Учора гарадзенская пракуратура высунула супраць журналіста афіцыйныя абвінавачаньні. Карэспандэнта „Gazety” вінавацяць у зьнявазе Аляксандра Лукашэнкі. Яму пагражае да 4 гадоў турмы.

Выданьне паведамляе, што ўчора Эўрапейскі парлямэнт прыняў чарговую рэзалюцыю ў сувязі з падзеямі ў Беларусі. Эўрапарлямэнтары заклікалі ўлады Беларусі вызваліць Анджэя Пачобута.

У калёнцы “Камэнтар” газэта зьмясьціла допіс намесьніка галоўнага рэдактара выданьня Яраслава Курскага.

“Беззаконьне, хай сабе апранутае ў мантыю пракурора й судзьдзі, застаецца беззаконьнем. Злачынства беларускай дзяржавы, якое трымае за кратамі нашага нявіннага сябра Анджэя Пачобута, застаецца злачынствам. Яно проста схаванае пад хлусьнёй і вычварэнцтвам. Рана ці позна Лукашэнка адкажа за ўсё гэта насільле.

Сёньня яго прозьвішча віднее ў доўгім сьпісе ганьбы сатрапаў, якія свой страх заглушаюць сілай супраць уласнага народа, супраць безабаронных.

Але Анджэй Пачобут свабодны чалавек, нягледзячы на краты й прысуды. Ён свабодны да той пары, пакуль яго справа зьяўляецца справай усіх салідарных зь ім людзей і арганізацый.

А вось Лукашэнка заўсёды будзе вязьнем уласнага страху й адзіноты. І гэтага мы яму жадаем ад шчырага сэрца.

Яраслаў Курскі зьвярнуўся й да самога Пачобута: “Дарагі Анджэй, трымайся! Мы цябе не пакінем аднаго. Мы нястомна будзем патрабаваць свабоды для Цябе і Тваёй Беларусі”

Эўразьвяз зьмяняе Шэнгенскае пагадненьне, піша „Dziennik”. Міністры ўнутраных справаў краін-чальцоў ЭЗ дамовіліся ўчора ў Брусэлі наконт прынцыпаў вяртаньня памежнага кантролю. Канчатковае рашэньне на гэты конт прымуць у чэрвені кіраўнікі 28 дзяржаў эўрасупольнасьці.

Эўракамсія папярэдзіла, што рашэньне пра ўсталяваньне памежнага кантролю павінна быць калектыўным. Адна дзяржава, напрыклад, ня мае права аднавіць кантроль, няхай сабе нават і на ўласнай мяжы.

Дарэчы, учора Данія паведаміла, што ў мэтах барацьбы са злачыннасьцю краіна аднаўляе памежны кантроль на сваіх межах зь Нямеччынай і Швэцыяй.

Да гэтай пары аднавіць кантроль на мяжы можна было толькі ў сувязі з унутранай пагрозай. У практыцы ж памежнікі зьяўляліся выключна падчас масавых спартовых імпрэзаў. Так у 2006 годзе зрабіла Нямеччына, калі на яе тэрыторыі адбываўся Чэмпіянат Эўропы па футболе.

Паводле новых правілаў, любая краіна ЭЗ зможа аднавіць памежны кантроль, калі яе сусед будзе ня ў стане забясьпечыць вонкавую мяжу саюзу.

Зьмена Шэнгенскага пагадненьня стала вынікам масавай міграцыі тунісцаў пасьля рэвалюцыі ў іхнай краіне. Каб пазбавіцца ад 26 тыс. мігрантаў, насуперак законам ЭЗ Сыльвіё Бэрлюсконі прызнаў ім від на жыхарства. Дзякуючы гэтаму ўцекачы з Тунісу маглі бесьперашкодна выехаць у іншыя краіны ЭЗ. Таму ініцыятыва пераразгляду дамовы аб Шэнгенскай прасторы зыходзіла акурат ад Італіі й Францыі. Дзіўна аднак, што пайсьці на такі крок іх прымусілі два дзясяткі тысяч чалавек пры тым, што штогод у Эўропы прыязджае каля мільёна нелегальных імігрантаў.

Украінскі ахоўнік канцлягеру Сабібор Джон Дзем'янюк прысуджаны да пяці гадоў турмы за саўдзел у забойстве 28 тыс. чалавек, піша „Rzeczpospolita”. Але за зьдзейсьненае злачынства ён не адседзіць за кратамі ніводнага дня. У сувязі з узростам (Дзем'янюку 91 год) і станам здароўя суд прыняў рашэньне вызваліць яго ў залі суда.

Адваката Дзем'янюка гэта не задаволіла. Ён зьбіраецца дабівацца зьняцьця віны са свайго кліента. Ульрых Буш сьцьвярджае, што ў судзе не было прадстаўлена доказаў непасрэднага ўдзелу Дзем'янюка ў забойствах у Сабіборы. Зрэшты, дзякуючы падобнай адсутнасьці прамых доказаў адказнасьці ў Нямеччыне змаглі пазьбегнуць тысячы падазраваных у нацысцкіх злачынствах.

Аднак бясспрэчным фактам зьяўляецца тое, што Дзем'янюк цягам шасьці месяцаў працаваў у лягеры ахоўнікам. Гэта пацьвярджае запіс у службовым пасьведчаньні Дземянюка, якое знайшлі ў нямецкім архіве. За паўгоду, якія ўкраінец працаваў у лягеры, там загінула каля 28 тыс. чалавек, пераважна габрэі з Галяндыі. Даказваць, што ён быў звычайным ахоўнікам, які сачыў за вязьнямі, Дзем'янюк ня можа, бо Сабібор быў лягерам сьмерці. Вязьні ў ім не працавалі, іх там забівалі.

дг