• Стажыроўкі ў Польшчы для гарадзенскіх і берасьцейскіх журналістаў
  • Audio2.33 MB
  • 13.05.2011

Беларускія журналісты маюць магчымасьць прайсьці тыднёвую стажыроўку ў СМІ Беласточчыны. Набор на адмысловую праграму стартуе ў пачатку чэрвеня.

Цэнтар грамадзянскай адукацыі “Польшча-Беларусь” запрашае беларускіх журналістаў прыняць удзел у праграме па падтрымцы транспамежных СМІ. Пра падрабязнасьці праекту распавядае кіраўнік Цэнтру грамадзянскай адукацыі Марцін Рэмбач.

М. Рэмбач: Праект скіраваны да беларускіх журналістаў, якія працуюць на польска-беларускім памежжы. Цікавяць нас перадусім журналісты зь Берасьцейскай і Гарадзенсккай абласьцей. Галоўная мэта праекту – разьвіцьцё транспамежнай журналістыкі, разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж беларускімі ды польскімі СМІ. Мы арганізуем тыднёвыя стажыроўкі ў Беларускім Радыё “Рацыя”, у нас ёсьць што запрапанаваць таксама інтэрнэт-журналістам. Журналісты, якія працуюць у газэтах, змогуць стажавацца ў беларускамоўным тыднёвіку “Ніва”. Для тых, хто добра валодае польскай мовай, мы зьбіраемся арганізаваць стажыроўкі ў рэгіянальных выданьнях Беласточчыны – "Kurier Poranny" ды "Gazeta Współczesna".

Праект, на думку аўтараў, павінен спрыяць разьвіцьцю мясцовых незалежных СМІ ў Беларусі. Журналісты зь беларускіх рэгіёнаў змогуць пазнаёміцца з працай лякальных газэтаў і радыё ва ўмовах дэмакратычнай краіны, а таксма атрымаць карысныя кантакты – кажа Марцін Рэмбач.

М. Рэмбач: Мы можам даць беларускім журналістам кантакты да польскіх СМІ. Тыя, хто зацікаўлены супрацоўніцтвам, атрымаюць такую мажлівасьць. Мы хочам, каб беларускія журналісты пагасьцілі ў нас, убычылі, як мы працуем і атрымалі магчымасьці для супрацоўніцтва. Набор распачнецца ў чэрвені. Інфармацыю пра конкурс мы зьбіраемся разьмясьціць на мясцовых гарадзенскіх і берасьцейскіх інтэрнэт-сайтах. Спадзяемся, што абвесткі апублікуюць таксама мясцовыя газэты. Інфармацыя пра конкурс будзе таксама распаўсюджвацца мэйламі.

Усіх жадаючых прыняць удзел у стажыроўках, кіраўнік Цэнтра грамадзянскай адукацыі запрашае пісаць на яго электронную скрынку rebacz@onet.pl

Аляксандар Папко