• Пра што пішуць польскія газэты?
  • 14.05.2011

 

Сьвятлана Алексіевіч атрымала ўзнагароду імя Рышарда Капусьціньскага– піша польская “Gazeta Wyborcza”.

Узнагарода ўручаецца штогод за лепшы літаратурны рэпартаж. Журы адзначыла вядомую дакумэнтальную аповесьць “У вайны не жаночы твар”. У мінулым годзе яна была перакладзеная на польскую мову.

Сьвятлана Алексіевіч вядомая сваім непаўторным стылем. У кнізе “У вайны не жаночы твар” Алексіевіч расказвае пра тое, як патрыятычны энтузіязм дзяўчын, якія дабравольцамі ішлі на вайну зь імем Сталіна на вуснах, сутыкнуўся зь бязьлітаснасьцю фронту, голадам, страхам, тугой – піша газэта.

“Гістарычная праўда на постсавецкім абшары яшчэ не раскрытая. Да сёньняшняга часу мы жывем па падручніках Сталіна. Правадыр не памёр. Ён глыбока сядзіць у нашых душах. Імпэрыі паміраюць доўга.  Пакуль што шмат людзей у нас лічыць, што свабода – гэта сто гатункаў каўбасы на прылаўкках і 40 відаў зубной пасты. Але падрастаюць маладыя людзі“ – сказала ў інтэрвію “Gazecie Wyborczej“  Сьвятлана Алексіевіч.


 

Летувіскі баскетбол дапаможа Лукашэнцы? - задае пытаньне буйная польская газэта “Rzeczpospolita”.

Усяго два дні прайшло з таго моманту, як старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк заклікаў не праводзіць Чэмпіянату Сьвету па хакеі ў Беларусі ў адказ на масавыя прысуды ўдзельнікам маніфэстацыі 19 сьнежня. Летувіская фэдэрацыя баскетболу нечакана абвесьціла, што хоча правесьці супольна зь Беларусьсю чэмпіянат Эўропы сярод жанчын у 2015  годзе.

Спартовая арганізацыя не ўзгадняла свайго рашэньня ані зь Міністэрствам замежных справаў Летувы, ані зь іншымі ўстановамі – камэнтуюць падзею летувіскія парлямэнтары. У сваю чаргу летувіская прэса нядаўна пісала пра прыцельскія адносіны, якія зьвязваюць уладальніка клюбу “Жальгірыс” Ўладзімера Раманава й кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку.

У адказ на заклік старшыні Эўрапарлямэнту не праводзіць хакейны чэмпіянат у Менску Міністэрства замежных справаў Беларусі абвінаваціла Ежы Бузэка ў спробах зьмяшаць спорт з палітыкай. Аднак гэта беларускія ўлады, а не Эўрапарлямэнт парушаюць прынцыпы Алімпійскай хартыі – кажуць беларускія камэнтатары. Кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў у Беларусі зьяўляюцца высокія дзяржаўныя чаноўнікі, напрыклад, Бэларускую фэдэрацыю баскетбола ўзначальвае старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду Віктар Камянкоў.

У сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі міжнародная фэдэрацыя баскетболу можа адхіліць прапанову летувісаў аб сумесным правядзеньні чэмпіянату Эўропы – піша “Rzeczpospolita”.

 

 

Сірыйскі рэжым размаўляе з апазыцыяй. Колькасьць ахвяраў пратэстаў зьменшыляся – піша аб сытуацыі на Блізкім Усходзе “Gazeta Wyborcza”.

Пачынаючы зь сярэдзіны сакавіка, кожная пятніца ў Сірыі прыносіць дзясяткі сьмяротных ахвяраў. Пасьля малітваў у мячэцях тысячы людзей выходзяць на вуліцы, дамагаючыся рэформ, адстаўкі аўтарытарнага прэзыдэнта Башара Асада, вызваленьня арыштаваных. Дэманстрацыі бязьлітасна падаўляюцца арміяй і паліцыяй. У Сірыі загінула ўжо каля 850 чалавек. На вуліцы трох сірыйскіх гарадоў выйшлі танкі. Яшчэ ў двух гарадах у пятніцу армія страляла па пратэстуючых.

Колькасьць ахвяр, аднак, была меншай ў параўнаньню з папярэднімі пратэстамі. Башар Асад даў загад не страляць па маніфэстантах. Прадстаўнікі рэжыму спрабуюць весьці перамовы з апазыцыяй, але ў посьпех перамоваў ніхто ня верыць. Сірыйскі ўрад неаднаразова абяцаў адмяніць ваеннае становішча, дазволіць шматапартыйную сыстэму, даць правы рэлігійным і этнічным меншасьцям, але замест гэтага толькі ўзмацняў рэпрэсіі. Рэжым Асада будзе трымацца да канца й ня згодзіцца падзяліцца ўладай – лічаць камэнтатары.


Ці змогуць родныя наведваць зьняволеных Гуантанама?  - цікавіцца “Gazeta Wyborcza”.

Дэпартамэнт абароны ЗША разважае над такой мажлівасьцю. Некаторыя зь вязьняў вайсковай базы знаходзяцца за кратамі ўжо 9 гадоў. Таму Міжнародны Чырвоны Крыж націскае на ўрад ЗША, каб амэрыканцы адчынілі Гуантанама для наведваньня. Выпадковых зьняволеных, якія патрапілі ў сумнявядомую турму ў выніку ілжывых даносаў ці памылак, там цяпер няма піша – “Gazeta Wyborcza”. Некалькі стоцень зьняволеных у апошнія гады былі выпушчаныя.

На амэрыканскай вайсковай базе зараз утрымліваюцца 172 вязьні. Амэрыканцы ня маюць дастаткова доказаў, каб  іх асудзіць, але баяцца іх выпусьціць на волю, асьцерагаючыся тэрактаў. Гэтых вязьняў адмаўляюцца таксама прыняць іх родныя краіны.

Сёньня вязьні Гуантанама маюць права на некалькі тэлефонных званкоў дадому ў год. Пачынаючы з 2009 году, некаторыя зь іх могуць зьвязвацца з роднымі пры пасярэдніцтве відэаканфэрэнцый, арганізаваных Чырвоным Крыжам. Плянуецца, што наведваньні вязьняў Гуантанама іх сем’ямі таксама будзе фінансаваць Чырвоны Крыж – піша “Gazeta Wyborcza”.

АП