• ПОМСТА ЛУКАШЭНКІ – агляд друку
  • Audio5.34 MB
  • 16.05.2011

ПОМСТА ЛУКАШЭНКІ – такія назовы, выдзеленыя вялікім чорным шрыфтам, бачны на тытульных старонках вядучых польскіх друкаваных выданьняў.

Пяць гадоў калёніі строгага рэжыму атрымаў Андрэй Саньнікаў - канкурэнт Лукашэнкі ў апошніх выбарах. Гэта першы, але не апошні апанэнт дыктатара, які пойдзе сядзець толькі за тое, што меў адвагу кінуць яму выклік.

У рэдакцыйным камэнтары да згаданай падзеі журналіст выданьня „Gazeta Wyborcza” Вацлаў Радзівіновіч шукае адказу на пытаньне „Што выйграе Лукашэнка?”

Лукашэнка пры дапамозе судоў і спэцслужбаў распраўляецца са сваімі апанэнтамі. Ён сам ужо трапіў у тупік, таму цяпер палохае ўсіх навокал. Эканоміка краіны, якую ён стварыў на працягу гадоў свайго кіраваньня, гэта нішто іншае, як фінансавая піраміда. З аднаго боку яна трымаецца на таннай энэргасыравіне з Расеі ўзамен за абяцаньне аб’яднаньня дзьвюх краінаў у адзіны саюз. Зь іншага боку трымаецца таксама на заходніх крэдытах, атрыманых за абяцанье лібэралізацыі рэжыму. „Доячы дзьве каровы” ён мог сабе дазволіць на ўтрыманье мойнай арміі й міліцыі, а таксама гарантаваць грамадзянам больш-менш нармальныя сацыяльныя ўмовы.

Аднак пасьла сьнежаньськіх падзеяў піраміда развалілася. За зьдзек над апазыцыяй Захад больш ня дасьць крэдытаў. Расея таксама не зацікаўленая ва ўтрыманьніі ненадзейнага суседа, які ўжо неаднойчы ня выканаў сваіх абяцаньняў. Масква зацікаўленая ў тым, каб прыціснуты да сьценкі Лукашэнка аддаў за капейкі прадпрыемствы, якія яшчэ могуць прыносіць прыбытак. Некалькі дзён таму расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын паведаміў, што Масква ня выдзяліць Лукашэнцы чарговы крэдыт і параіў зьвяртацца ў МВФ. Такім чынам ён высьмеяў Лукашнку, бо вядома, што ў гэтым фондзе Лукашнку „нічога ня сьвеціць”.

У эканоміцы краіны мітусьня. На мінулым тыдні адбылася дэвальвацыя на ўзроўні 30%, і гэта яшчэ мала. У краіне няма валюты. Прадпрыемствы, якія куплялі сыравіну й кампанэнты за мяжой, спыняюць вытворчасьць і высылаюць людзей у прымусовы адпачынак.

Лукашэнка спрабуе ратаваць сытуацыю правераным мэтадам. Пасьля папярэдніх выбараў ён пасадзіў толькі аднаго апанэнта - Аляксандра Казуліна, і гандлюючы ягоным лёсам „выціснуў” з Захаду чарговы крэдыт. На гэты раз Захад прынцыпова кажа „не” і ўводзіць эканамічныя санкцыі.

Аднак і на гэты раз можа спрацаваць ягоная тактыка. Ён чарговы раз паспрабуе напужаць, што зруйнаваная фінансава Беларусь патрапіць у рукі ўсходняга суседа. Лукашэнка ізноў паабяцае, што зь ім можна дамовіцца, бо ён вызваліць, лібэралізуе й гэтак далей.
Ня можна мець упэўненасьці, што й на гэты раз заходнія дыпляматы, у тым ліку й з Польшча, павераць ня столькі ў перспэктыву дэмакратызацыі Беларусі, колькі паспрабуюць вырваць яе з рук Расеі. Надышоў адпаведны момант выйсьці з мроі й не трапіць у чарговы раз „на кручок” старых лукашэнкаўсіх штучак, піша ў рэдакцыйным камэнтары „Gazeta Wyborcza”.

 

„Dziennik. Gazeta Prawna” прыгадвае, што акрамя Андрэя Саньнікава, прысудаў у іншых працэсах чакаюць яшча чатыры былыя кандыдаты ў прэзыдэнты.

Мікалай Статкевіч і Дзьмітры Вус абвінавачаныя паводле таго ж самага параграфа, што й Саньнікаў, ім пагражае да 15 гадоў турмы. Уладзімеру Някляеву й Віталю Рымашэўскімі пад ціскам Захаду перакваліфікавалі абвінавачаньні на больш мяккія. Ім „за парушэньне грамадзкага парадку” пагражае да трох гадоў зьняволеньня. Пяты кандыдат Алесь Міхалевіч уцёк у Чэхію.

Зь лютага ў палітычных працэсах прагучала ўжо 27 прысудаў. 24 чалавекі прысуджаныя на тэрмін ад 3 да 5 гадоў калёніі. Двум грамадзінам Расеі далі штраф у памеры 10, 5 мільёнаў беларускіх рублёў, прыгадвае „Dziennik. Gazeta Prawna”.

 

„Rzeczpospolita” зьмяшчае размову з жонкай журналіста, які чакае судовага працэсу па справе „вб зьнявазе прэзыдэнта” Аксанай Пачобут.

Жанчына распавядае, што ейны муж чакае вызначэньня даты паседжаньня суду. У Андрэя Пачобута два адватакаты, але адзін зь іх знаходзіцца ў шпіталі, таму бараніць журналіста будзе Аляксандар Бірылаў. Жанчына сустрэлася зь ім у пятніцу, але даведася няшмат. Паводле яе словаў, адвакаты неахвотна займаюцца такімі справамі, паколькі баяцца. Хто меў адвагу бараніць апазыцыянэраў у Менску, пазбавілі адвакацкіх ліцэнзіяў.

Аксана кажа, што яе муж сядзіць у гарадзенскім СІЗА ў камэры з двума мужчынамі, адзін зь іх бізнэсовец, другі – старэйшы чалавек, які перайшоў нелегальна зь Летувы ў Беларусь. Яна бачыла Андрэя двойчы й спадзяецца, што заўтра пабачыць яго яшчэ раз, пойдзе да яго з дачкой. Дазвол на кожную сустрэчу дае сьледчы й ніколі не вядома, ці дазволіць на чарговую. Тэарытычна арыштаваны мае права на дзьве сустрэчы ў месяц. На заўтрашнію сустрэчу дазвол ужо ёсьць. У СІЗА да Пачобута ставяцца як да усіх іншых вязьняў, ніхто адмыслова не чапляецца, але турма - гэта турма.

Аксана вельмі хвалюецца за мужа. Ён і раней трапляў за краты на тыдзень альбо два „за дробнае хуліганства” ці за „ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах”. За 19 сьнежня ён таксам адзядзеў, хаця знаходзіўся на плошчы, выконваючы свае прафэсійныя абавязкі.  Цяпер жа яму пагражае крымінальная адказнасьць. Андрэй Пачобут ня лічыць сябе вінаватым й намерваецца яшчэ перад працэсам накіраваць у суд заяву з патрабаваньнем спыніць крымінальную справу, паколькі ў актах сьледзтва няма доказаў віны журналіста. Пра гэта напісала „Rzeczpospolita”.

КР