• Ноч музэяў становіцца моднай (ФОТА)
  • Audio5.6 MB
  • 16.05.2011

Увечары 14 траўня на вуліцах Варшавы было непараўнальна больш народу чым у звычайны выходны дзень. Людзкое мора захлынула карцінныя галерэі й тэатры. Перад уваходамі ў музэі выцягнуліся велізарныя чэргі. Ноч музэяў у польскай сталіцы прайшла зь вялікім посьпехам.

На перапоўненых вуліцах начной Варшавы гучала музыка, сьвяціліся рознакаляровыя ліхтары. Супрацоўнікі музэяў, апранутыя ў гістарычныя касьцюмы, запрашалі людзей завітаць да іх. Пасажыраў па начных вуліцах развозілі рарытэтныя, у стылі рэтра аўтобусы й трамваі. Дзясяткі музэяў працавалі да першай гадзіны ночы. Уваход у іх быў абсалютна бясплатным. У Ноч музэяў кожная ўстанова стараецца прывабіць гасьцей новымі выставамі. Людзі ідуць знаёміцца зь гісторыяй масава – кажа супрацоўнік музэя Варшаўскага ўнівэрсытэту Адам Тышкевіч.

А. Тышкевіч: У гэтым годзе мы ўпершыню раз адчыняем для наведвальнікаў усе залі палацу Тышкевічаў – Патоцкіх. Мы падрыхтавалі выставу здымкаў, якія датычацца гісторыі палацу. Сёньня мы адчыненыя для 1 гадзіны ночы. Ноч музэяў толькі распачалася, а нас ужо наведала больш за 600 чалавек. Я мяркую, што сёньня да нас завітаюць каля 2-3 тысячаў чалавек.

Ноч   музэяў – гэта адзіны час, калі кожны жадаючы можа наведаць палац прэзыдэнта і ўбачыць, як жыве першая асоба Польшчы. Чарга да палацу расьцягнулася амаль на кілямэтр. Яе даўжыня, аднак, не палохае варшавян. Пра гэта распавядае студэнтка Караліна Раманоўска.

К. РаманоўскаГэта адзіная магчымасьць убачыць прэзыдэнцкі палац знутры. Я даўно хацела яго наведаць, таму вырашыла ахвяраваць сваім часам і пастаяць пару гадзінаў у чарзе. Апошні раз я была ў музэі паўгоду таму. А сёньня я вырашыла пайсьці на экскурсію, бо ведаю, што ўсе музэі адчыненыя. Я магу ўвайсьці абсалютна ўсюды, дзе захачу, і за гэта ня трэба плаціць. Акрамя таго, я даведалася пра шмат галерэяў, якіх раней ня ведала. Так што зь сяброўкай мы сёньня наведаем пару фотавыставаў.

У Ноч музэяў дапазна працуюць усе мастацкія галерэі – у тым ліку Galeria Art на Кракаўскім Прадмесьці – галоўнай турыстычнай вуліцы Варшавы. У гэты дзень пазнаёміцца з мастацтвамі прыходзяць тыя, хто звычайна ў галерэі ня ходзіць – кажа супрацоўніца арт-цэнтра Эва Пфанхаўзэр.

Э. ПфанхаўзэрУ звычайныя дні сюды ідуць людзі, якія ведаюць, чаго яны прыходзяць – тыя, хто хоча набыць добрыя творы мастацтва. А Ноч музэяў – гэта мерапрыемства, падчас якога мастацтва трапляе да звычайных людзей. І як вы можаце бачыць, галерэю наведвае неверагодная колькасьць народу. Людзі з задавальненьнем глядзяць карціны, творы графікі, скульптуры. Гэта посьпех!

Чаму ў Ноч музэяў у мастацкія ўстановы ідуць людзі, якія раней ніколі не захапляліся мастацтвам ці гісторыяй?  На гэтае пытаньне супрацоўніца галерэі дае наступны адказ.

Э. Пфанхаўзэр: Посьпех Ночы музэяў заключаецца ў тым, што мастацтва становіцца даступным. Дзьверы ўсіх музэяў адчыненыя. Паказваюцца экспанаты, якія ў звычайныя дні не прадстаўляюць публіцы. Чалавек абсалютна задарма можа за адну ноч наведаць шмат розных цікавых месцаў. Ён атрымлівае вялікую дозу мастацтва ў сканцэнтраванай форме. 

Калекцыянэры таксама дзеляцца сваімі скарбамі з публікай. Нашую ўвагу прыцягнуў шыкоўны “Мэрсэдэс” з 1960-х гадоў. Мэханік Кшыштаф Казаноўскі аднавіў яго ўласнымі рукамі. У Ноч музэяў ён паставіў машыну на адной са шматлюдных вуліцаў і з задавальненьнем распавядаў пра свой шэдэўр усім жадаючым.

К . Казаноўскі: Гэта Мэрсэдэс 111, першая мадэль кляса S. Я шукаў яго амаль 10 гадоў. Пасьля чатыры з паловай 5 гады я яго рамантаваў. Можна сказаць, што сабраў яго ад пачатку па вінціку. У Ночы музэяў бяру ўдзел для ўласнага задаваленьня. Хачу проста паказаць людзям, якія раней былі аўтамабілі. Такіх, як гэты, засталося ўжо няшмат. Такія дні адчыненых дзьвярэй павінныя ладзіцца кожны месяц, і тады больш людзей будзе хадзіць у музэі.

Супрацоўнік кампаніі мабільнай сувязі Мацек Градзіньскі ў Ноч музэяў арганізуе зь сябрамі культурны паход ужо ня ў першы раз і вельмі любіць гэтае мерапрыемства.

М. Градзіньскі: Мы зь сябрамі ходзім на Ноч музэяў ужо ня першы раз. У гэтым годзе мы вырашылі наведаць Музэй тэлебачаньня, дзе ўбачылі старую тэлетэхніку. Таксама мы даведаліся, як раней рабілі перадачы й як іх робяць цяпер. Зараз мы вырашылі наведаць Музэй тэхнікі, каб убачыць абсталяваньне, на якім працавалі нашыя дзядулі, ды сучасныя машыны.

Так шмат народу ходзіць на Ноч музэяў у Варшаве, таму што яна стала моднай – кажа Мацек Градзіньскі.

М. Градзіньскі: Па-першае, пра яе шмат кажуць у СМІ. Па-другое, папулярнасьці Ночы музэяў паспрыялі сацыяльныя сеткі кшталту “Фэйсбуку”. Людзі пішуць да знаёмых, прапануюць ім разам выбрацца на культурны шпацыр. Ноч музэяў – гэта вялікая сяброўская вечарынка. Яна папулярная ў шматлікіх краях Эўразяьвязу й на працягу 4 гадоў – таксама ў Польшчы.

Ноч музэяў – гэта залаты час ня толькі для музэяў і мастацкіх галерэяў. Гэта сапраўднае сьвята для артыстаў. На вачах шматтысячнай публікі акцёры арганізуюць вулічныя спэктаклі, мастакі пішуць карціны ды ладзяць пэрформансы. Атмасфэру Ночы музэяў дапаўняюць мэлёдыі вулічных музыкантаў. 


Аляксандар Папко

 

У Ноч музэяў вуліцы Варшавы заліла шматтысячная рака людзей.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Людзі выстраіліся ў даўжэзныя чэргі перад уваходамі ў музэі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Вялікім посьпехам карысталіся мастацкія галерэі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Аншлаг у варшаўскім Музэі тэхнікі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На Кракаўскім прадмесьці супрацоўнікі музэяў у гістарычных касьцюмах запрашалі завітаць да сябе.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Шыкоўны рарытэтны мэрсэдэс пана Кшыштафа Казаноўскага нікога не пакінў абыякавым.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У іншай частцы горада раздаваліся стрэлы - рэканструктары інсцэнізавалі баі часоў Варшаўскага паўстаньня.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фаер-шоў на Замкавай плошчы Варшавы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Вулічныя музыканты надавалі Ночы музэяў непаўторную атмасфэру.