• “Паўночны газаправод” заблякуе Шчэцін
  • 17.05.2011

“Паўночны газаправод” заблякуе Шчэцін, піша “Dziennik. Gazeta Prawna”. Нягледзячы на абяцаньні канцлер Нямеччыны й старшыні польскага ўраду ў шчэцінскі порт ня змогуць заходзіць караблі з занужэньнем больш, чым 13,5 мэтраў. У будучыні ўваход у порт будзе зачынены і караблям з ватэрлініяй ў 15-ць мэтраў. Праблема ў тым, што менавіта такія караблі сёньня будуюцца ва ўсім сьвеце. Прыймаць такія караблі ўжо цяпер рыхтуюцца парты ў Радэрдаме, Растоку й Гданьску.

На мінулым тыдні Ангела Мэркэль заявіла, што ў выпадку блякаваньня порту ў Шчэціне прадугледжаныя аварыйныя варыянты. Але, як даведалася газэта, размовы на гэты конт паміж Варшавай і Бэрлінам да нічога не прывялі. Апошняе спатканьне на гэты конт адбылося два месяцы таму.

Кіраўніцтва кампаніі “Nord Stream”, якая будуе Паўночны газаправод абяцае закапаць трубу пад зямлёй на адрэзку больш чым 23 км. Аднак адпаведнага пляну працаў да гэтага часу няма, больш за тое, да гэтай пары фірма не правяла нават геалягічных дасьледваньняў дна Балтыйскага мора ў згаданым рэгіёне. У “Nord Stream” няма таксама досьведу закопваньня трубы пад зямлю. Такую апэрацыю кампанія правяла аднойчы каля тэрыторыі Швэцыі, аднак тады па трубе яшчэ ня ішоў газ. Цяпер такая апэрацыя была б даволі небясьпечнай. Кампанія прапанавала таксама альтэрнатыўную трасу газаправоду, але праблема ў тым, што яна ня мае на гэта права. Такі працэс можа працягвацца нават некалькі гадоў, бо на новую трасу будуць вымушаныя пагадзіцца ўсе краіны Балтыйскага рэгіёну.

Валтузьня вакол шчэцінскага порту, а ў пэрспэктыве блякада для буйных караблёў, можа азначаць аслабленьне як самога порту, так і ўсяго гораду, які жыве дзякуючы партоваму статус,  піша Dziennik. Gazeta Prawna.

Пра правасудзьдзе па-расейску піша Gazeta Wyborcza. Справа датычыць расейскага палітвязьня Міхаіла Хадаркоўскага. У 2006 годзе, падчас адбываньня пакараньня ў Краснакаменску ў Забайкальлі, адміністрацыя турмы адмовілася выпусьціць Хадаркоўскага датэрмінова з-за скаргі аднаго з вязьняў, маўляў, апальны бізнэсмэн спрабаваў яго згвалціць, калі абодва адбывалі пакараньне ў карцэры. Вязень па прозьвішчы Кучма хацеў нават судзіцца з Хадаркоўскім і патрабаваць каля 20 тыс. даляраў маральнай кампэнсацыі. Суд, штопраўда, адмовіў Кучму, але Хадаркоўскі тады страціў магчымасьць выйсьці датэрмінова. Цяпер на волю выйшаў Кучма. У інтэрвію парталу gazeta.ru ён прызнаўся, што паскардзіцца на Хадаркоўскага яму загадала адміністрацыя турмы.

Ахоўнікі, паводле Кучмы, спачатку зьбівалі яго, потым кінулі ў камэру да небясьпечных крымінальнікаў, якія яго гвалцілі й зьдзекваліся над ім. У выніку Кучма пагадзіўся сьведчыць супраць Хадаркоўскага. Цікава, дарэчы, што скаргу Кучма не пісаў, яе замест яго напісала кіраўніцтва турмы. Суд цяпер, па ідэі, абавязаны распачаць сьледзтва наконт заявы Кучмы, але абарона Хадаркоўскага ўпэўненая, што гэта нічога ня дасьць.

Адвакат бізнэсмэна Вадзім Клюўгант нагадаў гісторыю прэс-сакратара Хамоўніцкага суда Масквы Натальлі Васільевай, якая распавяла, што апошні прысуд Хадаркоўскаму судзьдзя выносіла не сама, а зачытвала з паперкі, якую ёй дало начальства. У выніку ніякага сьледзтва пасьля яе заявы так і не было распачата, піша Wyborcza.

Ці вернецца ў Вялікабрытанію пагроза ірляндзкага сэпаратызму? Пра гэта піша Rzeczpospolita. Выданьне піша пра неспакой у Лёндане ў сувязі з інфармцыяй аб магчымым замаху.

Паводле тэлевізіі Sky News, папярэджаньне аб магчымым выбуху бомбы даслалі рэспубліканскія сэпаратысты з Паўночнай Ірляндыі, якія не пагаджаюцца на мірны працэс.

Сёньня каралева Элізавета ІІ пачынае чатырохдзённы візыт у Ірляндыю. Гэта будзе першы візыт галавы брытанскай дзяржавы ў Ірляндыю за апошнія 100 гадоў. Праваахоўныя ворганы Лёндану заклікалі жыхароў сталіцы быць уважлівымі ў гэтыя дні. Прэс-сакратар паліцыі заявіў нават, што тэрарыстычная пагроза з боку сэпаратыстаў дастаткова вялікая. У сувязі зь небясьпекай замаху была зачынена вядомая алея The Mall, якая вядзе да Букінгэмскага палацу. Сапёры былі вымушаныя падарваць падазроную торбу, якую хтосьці забыўся ў цэнтры гораду. На днях невядомыя злачынцы ўварваліся ў будынак непадалёк ад МЗС Вялікабрытаніі. У гэты час у сядзібе Міністэрства знаходзіўся сам міністар Уільям Хаг.

Падчас візыту каралевы Элізаветы ІІ ў Ірляндыю прынятыя беспрэцэндэнтыя сродкі бясьпекі, якія гэтая маленькая краіна яшчэ не бачыла ў сваёй гісторыі, піша Rz.

дг