• Польскія газэты пішуць пра...
  • 18.05.2011

 

Андрэй Пачобут патрабуе выклікаць у суд Лукашэнку. Польская штодзёнка “Gazeta Wyborcza” амаль штодзённа інфармуе чытачоў пра лёс свайго беларускага карэспандэнта Андрэя Пачобута, які ўжо больш за 40 дзён знаходзіцца ў гарадзенскім СІЗА. Журналісту пагражаюць 4 гады турмы па абвінавачаньні ў абразе й паклёпе на прэзыдэнта.

Паклёп заключаецца ў тым, што ў сваіх артыкулах Пачобут называў Лукашэнку дыктатарам, а выбары сфальсіфікаванымі. Журналіст хоча выклікаць Аляксандра Лукашэнку ў суд, каб кіраўнік дзяржавы пацьвердзіў словы, якія ён казаў на сустрэчы з украінскімі журналіствмі ў 2008 годзе й расейскімі ў 2010-м. Тады Аляксандар Лукашэнка сам заяўляў, што вынікі выбараў ён сфальсіфікаваў. Пачобут прыгадаў таксама, што на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка сам называў сябе дыктатарам.

 Анджэй Пачобут маральна падрыхтаваны да таго, што яго кінуць у турму. Пры гэтым ён просіць, каб сьвет і Польшча не ішлі на ўступкі Лукашэнцы ўзамен за вызваленьне палітычных зьняволеных – сказала ў інтэрвію “Gazecie Wyborczej” жонка журналіста Аксана Пачобут.

Расея ганьбіць Кадафі – працягвае міжнародны агляд “Gazeta Wyborcza”.
Эмісар Муамара Кадафі Ахмэд аль-Шарыф ўчора прыехаў у Маскву. Прадстаўнікі Трыпалі спадзяваліся, што Расея асудзіць вайсковую апэрацыю NATO. Спадзяваньні, аднак, аказаліся марнымі. З вуснаў расейскага міністра замежных справаў не прагучала аніводнага слова крытыкі Альянсу. “Трыпалі павінны выконваць рэзалюцыю ААН, якая патрабуе спыніць баявыя дзеяньні супраць мірнага насельніцтва,” – заявіў Сяргей Лаўроў.

Ахмэд аль-Шарыф паабяцаў, што войскі Кадафі спыняць агонь, калі гэтак сама зробяць паўстанцы ды авіяцыя NATO. Цяжка прымаць гэтыя словы ўсур’ёз, піша “Gazeta Wyborcza”, бо Кадафі неаднаразова аб’яўляў спыненьне агню, пасьля чаго яго парушаў.

Войскі NATO узмацняюць прапагандысцкае ўзьдзеяньне на армію Кадафі – піша газэта. Яны распаўсюджваюць улёткі ды радыёперадачы, у якіх пераконваюць жаўнераў пакінуць вайсковую тэхніку й пазыцыі, бо яны могуць стаць цэлямі паветраных атак – піша “Gazeta Wyborcza”

 

Хто будзе наступным шэфам Міжнароднага валютнага фонду?  - задае пытаньне газэта “Rzeczpospolita”. Дамінік Строс-Кан може даказаць сваю невінаватасьць у амэрыканскім судзе, але ня мае шанцаў захаваць пасаду шэфа МВФ – піша газэта. Яго сыход ставіць пад знакам пытаньня шматгадовы прынцып падзелу ўладаў у міжнародных фінансавых установах.

Ад пасьляваенных часоў на чале Сусьветнага банку заўсёды стаяў амэрыканец. Затое шэфам Міжнароднага валютнага фонду заўсёды быў выхадзец са Старога сьвету. Гэты прынцып павінен быць захаваны – лічыць нямецкі канцлер Ангела Мэркэль.

Сярод прапанаваных кандыдатураў – міністар фінансаў Францыі Крысьцін Лягярд, былы нямецкі міністар фінансаў Пэтэр Штайнбрук і старшыня Нацыянальнага банку Польшчы Марэк Бэлька. Аднак ўсё гучней пра свае правы на пасады кіраўнікоў уплывовых міжнародных арганізацыяў заяўляюць дынамічныя паўднёвыя краіны – Турцыя, Паўднёвая Афрыка ды Сінгапур – піша “Rzeczpospolita”.

“Rzeczpospolita” зацікавілася лёсам савецкіх ваеннапалонных, ўзятых у палон падчас вайны 1920 году. 

На мінулым тыдні ў польскай вёсцы Стшалкаў улады дэмантавалі табліцу, прымацаваную невядомымі да мясцовага помніка. Табліца на расейскай мове прыгадвала пра 8 тысячаў савецкіх ваеннапалонных, якія былі “жорстка замучаныя” ў “польскіх лягерах сьмерці”.

Сапраўды, ў 1919-1921 гг.  у польскім палоне загінулі 18 тысячаў савецккіх жаўнераў– кажа гісторык Зьбігнеў Карпусь. Яны не былі, аднак, замучаныя й ніхто іх не расстрэльваў. Яны загінулі ад тыфу ды іншых хваробаў, якія лютавалі ў лягерах для ваеннапалонных ў зьнішчанай вайной галоднай краіне.

Абвінавачаньні ў тым, што савецкіх ваеннапалонных наўмысна заразілі тыфам, таксама ня маюць пацьверджаньняў – кажа гісторык. У тагачаснай Польшчы была савабода слова, у лягеры мелі доступ журналісты, місіі Чырвонага Крыжа, у тым ліку савецкая.

Лёсам савецкіх ваеннапалонных Масква не цікавілася ажно да раскрыцьця праўды пра Катынь. Расейскія гісторыкі хацелі паказаць, што кожны бок у свой час зьдзяйсьняў злачынствы. Але ёсьць розьніца паміж ваеннапалоннымі, якія памерлі ад хваробаў, і сьвядомым загадам зьнішчыць польскі афіцэрскі корпус – кажа гісторык Зьбігнеў Карпусь.