• Агляд польскага друку
  • Audio5.16 MB
  • 19.05.2011

 

Фальшыўкі з КДБ кружаць па Польшчы. Тэкст пад такім назовам паявіўся на тытульнай старонцы сёньняшняга выданьня „ Gazeta Wyborcza”.

Беларускія спэцслужбы пры дапамозе дакумэнтаў, скрадзеных з польскіх дыпляматычных установаў, праводзяць у Польшчы дэзынфармацыйную акцыю.

Студзень 2011 году. Супрацоўнікі польскага консульства ў Берасьці стандартна зьнішчаюць старыя дакумэнты – неактуальныя візавыя анкеты, рахункі й гэтак далей. Дакумэнты не насілі тайнага характару, таму зьнішчэньне адбывалася ў кацельні, па-за консульствам.Нечакана ў будынак уваходзяць функцыянэры беларускай міліцыі й КДБ. Яны заяўляюць, што няма дазволу на зьнішчэньне дакумэнтаў і што палякі атручваюць асяродзьдзе. Пачынаецца мітусьня.

- Праўдападобна, тады гэбісты забралі частку матэрыялаў, - сказаў штодзёнцы польскі дыплямат, які працуе ў Беларусі. Ён просіць захаваць ананімнасьць, паколькі МЗС ня хоча разгалошваць справу.

Анна Навакоўска, генэральны консул РП у Берасьці пацьвярджае, што інцыдэнт сапраўды меў месца. - Падрабязнасьцяў справы не магу паведаміць, - кажа дыпляматка й дадае, што, паводле словаў асобаў, якія былі сьведкамі інцыдэнту, канфіскацыі дакумэнтаў не было.

Справа сур’ёзная, паколькі на падставе матэрыялаў з надрукоўкамі й пячаткамі польскіх пляцовак у Беларусі тамашнія спэцслужбы фабрыкуюць фальшыўкі, якімі пазьней стараюцца зацікавіць польскія СМІ.

Першая партыя такіх фальшывак патрапіла ў Польшчу ў сакавіку, другая – некалькі дзён таму.
У абодвух выпадках мэханізм дзейнасьці аднолькавы: копіі сапраўдных дакумэнтаў з амбасады ў Менску й консульстваў перамешваюцца са сфабрыкаванымі „дыпляматычнымі дэпэшамі”. У сакавіку яны датычылі „польскага фінансаваньня маніфэстацыі ў Менску”. На гэты раз дэпэшы разасланыя з мэтаю кампраметацыі сям’і журналіста й польскага актывіста Анджэя Пачобута, а таксама аднаго з супрацоўнікаў  гарадзенскага консульства. Да гэтага далучана некалькі дзясяткаў старонак фінансавай справаздачы польскай амбасады ў Менску, старыя візавыя анкеты, матэрыялы пра стыпэндыі для палякаў зь Беларусі й аб курсах. Гэтыя арыгінальныя дакумэнты павінны пацьвердзіць сапраўднасьць фальшывак.

- Гэта чарговае „ўкідваньне” беларускіх спэцслужбаў. Ужо ў сакавіку мы перадалі гэтыя матэрыялы Агенцтву ўнутраняй бясьпекі. Факт, што фальшыўкі суправаджаюцца сапраўднымі дакумэнтамі, выклікае занепакоенасьць, - заявіў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі.

Паводле дадзеных  крыніцаў штодзёнкі, Агенцтва ўнутраняй бясьпекі лічыць, што матэрыялы былі скрадзеныя яшчэ да зьнішчэньня, альбо беларускія спэцслужбы ўламаліся ў электронную пошту польскага МЗС. Пра гэта можа сьведчыць тое, што польскае консульства ў Берасьці ня мае доступу да фінансавай справаздачы амбасады ў Менску, прычым выглядае на тое, што  гэтая справаздача таксама падробленая. Побач з разьлікамі выдаткаў на прадукты харчаваньня й офісныя тавары знаходзіцца інфармацыя пра высокія рахункі за абеды з актывістамі польскіх арганізацыяў, якія зьнішчаюцца рэжымам Лукашэнкі. Дакумэнты суправаджаюцца ананімным лістом зь інфармацыяй пра тое, што польскія дыпляматы ў Беларусі „прагульваюць грошы”.

Прэс-сакратар Агенцтва ўнутранай бясьпекі падпалкоўнік Катажына Канецпольска-Ўрублеўска адмаўляецца даваць інфармацыю па гэтай справе. Таксама не выказваецца адносна колькасьці справаў, якія вядуцца польскай контрвыведкай у сувязі зь дзейнасьцю беларускіх спэцслужбаў у Польшчы.

- Польшча зьяўляецца галоўным ворагам для Беларусі. Беларуская выведка праводзіць тут абшырную дзейнасьць, у асноўным супраць прадстаўнікоў апазыцыі, якія атрымалі ў нас прытулак. Дыскрэдытацыя эмігрантаў і апазыцыі ў краіне – гэта асноўная мэта КДБ, - лічыць афіцэр Агненцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

Беларускія спэцслужбы стараюцца завэрабаць у Польшчы супрацоўнікаў. У лютым 2008 году быў затрыманы афіцэр беластоцкага аддзелу Агенцтва ўнутранай бясьекі. У 2009 годзе „Gazeta Wyborcza” распаўсюдзіла інфармацыю, суаўтарам якой быў Анджэй Пачобут, што КДБ у Горадні атрымала з Польшчы сьпіс з дадзенымі дробных гандляроў, якія куплялі ў Польшчы тавары, а пасьла ім вяртаўся ПДВ. Гэтыя дадзеныя выкарыстоўваліся для шантажу гандляроў штрафамі. Па словах інфарматараў, гэтыя людзі маглі быць прыцягнутыя для супрацы, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

Беларусь тоне, ці Пуцін дапаможа? Гэтае пытаньне задае ў эканамічным укладышы „Rzeczpospolita”. 

Учора ў Менску на пазабіржавым рынку даляр каштаваў 7500 беларускіх рублёў у той час, калі афіцыйны курс паводле Цэнтрабанку складае 3130 рублёў за даляр. Банкі прапанавалі валюту прыватным асобам па курсе 6500 рублёў за даляр, але жадаючых здаваць валюту ў абменьнікі не было. На валютнай біржы набыць даляры па афіцыйным курсе могуць толькі імпартэры нафты, газу й лекаў.

- Тое, што сёньня адбываецца зь беларускай эканомікай, гэта наступства непрафэсійных і неадэкватных да сытуацыі дзеяньняў уладаў. Беларуская экономіка практычна зачыненая, яна амаль поўнасьцю залежыць ад паліва й энэргасыравіны. Улады не заўважылі шматлікіх небясьпечных сыгналаў, такіх як дэфіцыт плацёжнага балянсу й замежнага гандлю, а таксама значнае зьмяншэньне золата- валютных рэзэрваў, - ацэньвае сытуацыю Яраслаў Раманчук, старшыня Цэнтру Мізэса.

Добрага настрою не губляе толькі Аляксандар Лукашэнка. Яшчэ перад сёньняшнім візытам у Беларусь Уладзімера Пуціна ён заявіў, што мае дамоўленасьць з Расеяй аб крэдыце на 6 мільярдаў даляраў.

- Ніякай катастрофы няма, - запэўніў Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі ўраду й Цэнтрабанку.

Камэнтатар расейскага агенцтва „Новости” Дзьмітры Бабіч у інтэрвію штодзёнцы зазначыў, што невядома, зь якой прапановай прыедзе ў Менск Пуцін. Верагодна, ён узалежніць выдачу крэдыту ад сапраўднай прыватызацыі беларускай экономікі, каб расейскі бізнэс мог набыць кантрольныя пакеты акцыяў вядучых беларускіх прадпрыемстваў, лічыць Бабіч, пра што піша ў эканамічным укладышы „Rzeczpospolita”. 

Польскія фірмы хутка павялічваюць продаж на Ўсходзе. Пасьля балючага спыненьня экспарту ў 2009 годзе польскія фірмы вяртаюцца на рынкі Ўсходняй Эўропы. Ад мінулага году рост продажу польскіх тавараў перавысіў 30 %. Пра гэта чытаем у выданьні „Dziennik Gazeta Prawna”.

Пасля таго, як 2 гады таму польскі экспарт на тэрыторыю  краін СНД у выніку крызысу зьменшыўся на 38 %, фірмы вяртаюцца на гэтыя рынкі. З дадзеных рапарту Міністэрства эканомікі вынікае, што ў І квартале бягучага году продаж польскіх тавараў у гэтым рэгіёне павялічыўся на 30%.

Павялічыўся ўзровень экспарту ў гандлі з Расеяй, Беларусьсю й Казахстанам. Высокім попытам у прыватнасьці карыстаюцца: офісная мэбля, ды электрычныя й электратэхнічныя прыстасаваньні. Вытворцы й экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што асноўнай праблемай у гандлі з былымі савецкімі краінамі зьяўляецца палітыка. Таму, нягледзячы на актуальны рост экспарту, сытуацыя ў кожнай хвілі можа зьмяніцца.

У 2010 годзе польскі экспарт у суме склаў 117 мільярдаў эўра, з чаго ў СНД было прададзена тавараў на суму 9,9 мільярдаў эўра, прыгадвае „Dziennik Gazeta Prawna”.

КР