• "Аляксандар Лукашэнка прадае Беларусь Расеі"
  • 20.05.2011

Аляксандар Лукашэнка прадае Беларусь Расеі, піша “Gazeta Wyborcza”. У артыкуле “Менск на павадку”, які, дарэчы, апублікаваны на першай паласе, Вацлаў Радзівіновіч піша, што ўзамен за расейскія крэдыты Беларусь аддасьць усходняй суседцы стратэгічныя аб’екты. “Мы можам стаць спадарожнікам Масквы” - кажа ў інтэрвію выданьню палітоляг Павал Усаў.

“У краіне паглыбляецца эканамічны крызыс. Вырасьлі нават цэны на хлеб, якія былі нязьменнымі апошнія некалькі гадоў. У абменьніках няма валюты, таму ўрад вырашыў “вызваліць” курс. Гэта прывяло да дэвальвацыі беларускага рубля. Ад пачатку году цэны на тавары й паслугі павялічыліся на 11%, а інфляцыя ў красавіку скала 4,5%. Гэта прыблізна столькі ж, колькі і ў блізкай да банкруцтва Грэцыі” – пералічвае “Gazeta”.

У крызысе, паводле штодзёнкі, вінаваты сам Лукашэнка. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі ён павялічыў заробкі й сацыяльную дапамогу, надрукаваў больш рублёў. Але на імпарт тавараў валюты ўжо не хапіла, бо сёлета моцна падаражала расейская газ і нафта.

Да гэтага часу свой імпарт Беларусь фінансавала дзякуючы расейскім і заходнім крэдытам. Але пасьля таго, як у дзень выбараў Лукашэнка аддаў загад расправіцца з апазыцыяй, спадзявацца на дапамогу Захаду яму ня варта. Застаецца толькі Расея.

Узамен за крэдыт у 3,5 млрд. даляраў Беларусь абавязалася спрыватызаваць маёмасьць на суму 3 млрд. Гаворка ідзе пра найбольш важныя аб’екты беларускай эканомікі, якія Расея, дарэчы, будзе пераймаць на сваіх умовах. Расейскія СМІ паведамляюць, што “Газпром” атрымае кантрольны пакет акцый “Белтрансгазу”. Гэта дазволіць Крамлю цалкам кантраляваць беларускую энэргетыку, якая ў 90-ці працэнтах залежыць ад расейскай сыравіны. Масква “паклала вока” й на беларускія НПЗ, прадпрыемствы аўтамабілебудаваньня й хімічнай прамысловасьці.

“Крэмль хоча, каб Беларусь раз і назаўсёды прыняла курс на інтэграцыю з Расеяй” – лічыць рэдактар часопісу “Расея ў глябальнай палітыцы” Фёдар Лук’янаў. Палітоляг Аляксандар Фядута гаворыць, што Лукашэнка ўжо неаднаразова дурыў Расею, таму на гэты раз Масква пачакае, пакуль не атрымае ўсяго.

Не ўсё так адназначна і ў самой Расеі. Паглыбляецца канфлікт паміж Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Ўладзімерам Пуціным.

“Цяперашні прэзыдэнт мае шанец на пераабраньне толькі ў тым выпадку, калі здолее правесьці эканамічныя рэформы ў краіне, – піша “Dziennik. Gazeta Prawna”, - але ягоным плянам перашкаджае прэм’ер Уладзімер Пуцін”.

Сёньняшняя расейская эканоміка вельмі далёкая ад эўрапейскага ўзору. Яна хутчэй нагадвае нафтавыя аўтакратыі на Блізкім Усходзе. Большая частка даходаў краіны – гэта сродкі ад продажу нафты й газу, а каля 70% выдаткаў – гэта сацыяльныя выплаты. Сёлета чакаецца рост ВУП у памеры 4%, але, як кажуць экспэрты, ён мог бы быць значна лепшы, калі б улады правялі рэформы. Дзеля гэтага Мядзьведзеў стварыў адмысловую групу з 23 чалавек, якую ў народзе празвалі “ценявым кабінэтам”. Але ўсе іх спробы правесьці рэформы тармозіць міністар фінансаў Аляксей Кудрын, чалавек Пуціна.

Моцным ударам па людзях Пуціна стала забарона міністрам уваходзіць у праўленьне буйных прадпрыемстваў. У выніку віцэ-прэм’ер Ігар Сечын і міністар Аляксей Кудрын былі вымушаныя адмовіцца ад пасадаў у “Роснефти” і банку ВТБ. Пацярпелых было нашмат больш, і гэта былі пераважна ляяльныя Пуціну людзі. Такім чынам Мядзьведзеў хацеў абмежаваць іх уплыў.

Галоўная розьніца паміж Мядзьведзевым і Пуціным у тым, што першы хоча правесьці радыкальныя эканамічныя рэформы й лібэралізацыю палітычнага жыцьця. Пуцін жа спрабуе захаваць статус-кво. У Расеі склалася парадксальная сытуацыя, калі пераабраньне Мядзьведзева цалкам знаходзіцца ў руках Пуціна. – піша “Dziennik. Gazeta Prawna”.

“Rzeczpospolita” піша пра чарговых кубінскіх дысыдэнтаў, якіх пратэст супраць дыктатуры Кастра на высьпе прывёў на мяжу жыцьця й сьмерці.

48-гадовы Ўладзімір Алею й 45-гадовы Анхэль Энрыкэ Фэрнандэз распачалі пратэст 29 сакавіка. Яны абодва зашылі сабе вусны, пакінуўшы невялікую адтуліну для саломкі, каб магчы піць ваду і размаўляць. Есьці яны ня могуць. Галадоўка была сьвядомым актам пратэсту супраць 15 гадоў зьняволеньня для грамадзяніна ЗША Алана Гроса, які прывёз на Кубу прыладу для спадарожнікавай сувязі.

У панядзелак супрацоўнікі спэцслужбаў прымусілі Фэрнандэза падключыцца да кропельніцы й спрабавалі накарміць. Але мужчына адмовіўся і сказаў, што будзе пратэставаць да канца. Пратэст аднак спыніў другі дысыдэнт Уладзімір Алеё. Інфэкцыя амаль цалкам зьнішчыла яго вусны.
На зашываньне вуснаў у знак пратэсту на Кубе ідуць нямногія. Летась пасьля такога пратэсту быў вызвалены з турмы й дэпартаваны ў Гішпанію Хуан Карлас Гэрэйра Акоста. Ён адбываў пакараньне ў пяці турмах, яго катавалі, гадзінамі прымушалі вісець у кайданках без магчымасьці выйсьці у туалет. У знак пратэсту ён восем разоў зашываў рот дротам, піша “Rzeczpospolita”.

дг