• Польшча, Нямеччына й Францыя выступілі супраць Лукашэнкі
  • 21.05.2011

 

Лукашэнка троху зьмягчыўся - піша “Gazeta Wyborcza”

Польскія газэты актыўна камэнтуюць суды над удзельнікамі маніфэстацыі 19 сьнежня.
Уладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі атрымалі адносна лагодныя прысуды – два гады з адтэрміноўкай. Іншыя экс-кандыдаты, Мікола Статкевіч і Дзьмітры Ус, увогуле не пачулі прысуду, бо судзьдзя раптоўна захварэла.

Чаму? – задае пытаньне “Gazeta Wyborcza”. Аляксандар Лукашэнка не атрымаў ад Уладзімера Пуціна крэдытаў, неабходных для ўратаваньня краіны ад банкруцтва. І таму адкручвае гайкі, каб ўлагодзіць Эўропу. Палітоляг Аляксандар Фядута ў інтэрвію штодзнцы “Gazeta Wyborcza” назваў хваробу судзьдзі “дыпляматычнай” і выразіў меркаваньне, што хвароба  працягнецца да 23 траўня. У гэты дзень міністры замежных справаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу павінны прыняць рашэньне аб санкцыях супраць некаторых беларускіх прадпрыемстваў. У пятніцу Менск паказаў, што можа быць “добры”, бо Лукашэнка вырашыў пагандлявацца з Эўропай – пракамэнтаваў падзею Аляксандар Фядута.

 

Польшча, Нямеччына й Францыя супраць Лукашэнкі – працягвае беларускую тэму “Gazeta Wyborcza”.

Міністры замежных справаў трох краінаў сустрэліся ў пятніцу ў польскім горадзе Быдгашч. Гіда Вэстэрвэле заявіў, што Эўропа павінна рашуча асудзіць рэпрэсіі супраць дэмакратаў у Беларусі.  “Мы ніколі не пагодзімся з правакацыйнымі прысудамі супраць апанэнтаў Лукашэнкі” – сказаў сказаў у сваю чаргу Радаслаў Сікорскі. Ён паўтарыў, што Эўропа намерана ўвесьці санкцыі. Пры гэтым, яны не павінныя пагоршыць сытуацыю звычайных беларусаў. Санкцыі будуць накіраваныя супраць канкрэтных фірмаў і ўдараць непасрэдна па кіраўніках краіны – патлумачыў міністар замежных справаў Польшчы.

Гіда Вэстэрвэле, Радаслаў Сікорскі і Алэн Жупэ размаўлялі пра сытуацыю ў Паўночнай Афрыцы й на Блізкім Усходзе, пра дамову аб асацыяцыі з Украінай і далучэньне Харватыі да Эўразьвязу. У другой палове дня палітыкі сустрэліся з Юрые Лянкэ – міністрам замежных справаў Малдовы.  А ў суботу Гіда Вэстэрвэле й Радаслаў Сікорскі наведалі Калінінград, дзе сустрэліся зь кіраўніком расейскай дыпляматыі Сяргеем Лаўровым – піша “Gazeta Wyborcza” .

 

У Варшаве адчынілася выстава беларускага сучаснага мастацтва.

Гэта не выстава палітычных дысыдэнтаў: мы запрасілі артыстаў, мастацтва якіх можа расказаць штосьці пра беларускую рэчаіснасьць – кажа ў інтэрвію “Gazecie Wyborczej” куратар выставы Кястутыс Куйзінас. Летувіскі мастацтвазнаўца запрасіў у Варшаву артыстаў, якія жывуць як у Беларусі, так і ў замежжы.

На выставу ў Варшаву запрошаныя такія мастакі, як Марына Напрушкіна з Бэрліну, Сяргей Шабоцін зь Менску, Максім Тымінко з Амстэрдаму, а таксама Ўладзімер Цэсьлер.
Беларускае сучаснае мастацтва малавядомае ў Эўропе. Праблема ня ў тым, што ў Беларусі не хапае цікавых артыстаў, а ў тым, што бракуе музэяў, галерэяў, арганізатараў выставаў, якія б дапамагалі артыстам прабіцца – кажа Кястутыс Куйзінас.

 

Спартовец затрэліў стрыечнага брата прэзыдэнта й кіраўніка аховы прэм’ера Паўднёвай Асэтыі – пра трагічны выпадак на Паўночным Каўказе піша “Rzeczpospolita”. 

 
Здарэньне адбылося ў сталіцы паўночнай Асэтыі Ўладзікаўказе. Паводле сьведкаў, ахоўнік прэм’ера непрызнанай рэспублікі Паўднёвая Асэтыя Вадзіма Бароўцава, а таксама стрыечны брат прэзыдэнта Эдуарда Какойты зашмат выпілі ў адным з клюбаў і паводзілі сябе агрэсіўна. Яны пасварыліся з кікбаксёрам Альбэртам Чагоевым. Чэмпіён пабіў чыноўнікаў, пасьля чаго хацеў папрасіць прабачэньня, але тыя пачалі пагражаць яму пісталетамі Сьцечкіна. Кікбаксёр вырваў пісталет з рук аднаго з паўднёваасэтынскіх чыноўнікаў і застрэліў абодвух.

Расейская паліцыя цяпер спрабуе высьветліць, як узброеныя прадстаўнікі ўладаў Паўднёвай Асэтыі трапілі на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Яны павінныя былі здаць зброю на мяжы – піша “Rzeczpospolita”. 

 

Інтэрнэт-сайт зачынены за абразу польскага прэзыдэнта – пра палітычны скандал піша газэта “Rzeczpospolita”. 

Прадстаўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы ўчора прыйшлі ў дом маладога чалавека, які вёў сайт Antykomor.pl. На старонцы былі сабраныя моўныя ляпы польскага прэзыдэнта, а таксама карыкатуры на яго, часам вельмі вострыя. Агенты спэцслужбаў забралі ноўтбук аўтара сайту. Пасьля іх візыту малады чалавек зачынііў інтэрнэт-старонку.

Пакуль ніякіх абвінавачаньняў ня выстаўлена. Вядзецца сьледзтва. Экспэрты павінныя высьветліць, ці зьяўляўся зьмест сайта абразьлівым – заяўляюць прадстаўнікі пракуратуры. Канцылярыя польскага прэзыдэнта адмяжоўваецца ад гэтай падзеі. Скаргу на аўтара сайту падаў інтэрнэт-карыстальнік, якога абразіў зьмест старонкі – тлумачыць пракуратура.

Прыхільнікі Браніслава Камароўскага называюць закрыцьцё сайта правакацыяй, а палітыкі апазыцыйнай партыі “Права й справядлівасьць” гатовыя наняць адваката, каб абараняць аўтара сайта – піша газэта “Rzeczpospolita”.

АП