• Агляд польскага друку
  • 23.05.2011


Штодзёнка „Rzeczpospolita” піша пра сустрэчу міністраў замежных справаў Нямеччыны, Польшчы й Расеі, якая адбылася ў Калінінградзе, і на якой абмяркоўвалася беларускае пытаньне. Нямецкі й польскі міністры востра скрытыкавалі афіцыйны Менск, а расейскі міністар быў больш асьцярожны.

У Калінінградзе ўпершыню сустрэліся кіраўнікі зьнешнепалітычных установаў Нямеччыны, Польшчы ды Расеі. Гіда Вэстэрвэле, Радаслаў Сікорскі ды Сяргей Лаўроў шчыра размаўлялі пра адносіны ЭЗ-Расея ў кантэксьце надыходзячага польскага старшынства ў Эўразьвязе. Сярод іншых пытаньняў абмяркоўвалася справа адмены візаў для Расеі ды сытуацыя ў Беларусі.

Польскі й нямецкі міністры зазначылі, што Эўразьвяз выступае супраць правакацыйных прысудаў у дачыненьні да апазыцыйных палітыкаў, у тым ліку былога віцэ-міністра замежных справаў Андрэя Саньнікава. „Мы з Радаславам Сікорскім ня проста абураны, мы ў шоку” – сказаў Гіда Вэстэрвэле. Расейскі міністар быў больш асьцярожны ў сваіх выказваньнях. „Наша МЗС выступіла з заявай у гэтай справе, заклікаючы беларускае кіраўніцтва выконваць міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека” – паведаміў Сяргей Лаўроў. Ён падкрэсьліў, што санкцыі з боку ЭЗ – непасьпяховы крок, бо трэба не ізаляваць Беларусь, а схіляць да дэмакратычных ды эканамічных рэформаў.

Сярод іншых пытаньняў, якія абмяркоўваліся ў Калінінградзе, была справа ўвядзеньня малога памежнага руху паміж Польшчай і Калінінградзкай вобласьцю ды будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Калінінградзкую сустрэчу трох палітыкаў з Польшчы, Немеччыны ды Расеі апісвае таксама ў сёньняшнім нумары штодзёнка „Gazeta Wyborcza”. Тры міністры: Гіда Вэстэрвэле, Радаслаў Сікорскі ды Сяргей Лаўроў назвалі правакацыйнымі прысуды ў дачыненьні да дзеячоў апазыцыі ў Беларусі. Яны заклікалі беларускія ўлады адумацца й сысьці з кепскага шляху.

Польская штодзёнка прысьвячае сёньня шмат увагі падзеям, якія адбываюцца ў Гішпаніі. Гэтую краіну ахапілі грамадзкія пратэсты. Людзі абураныя палітыкай надзвычайнай эканоміі ды незадаволеныя палітыкімі. Польскае выданьне ставіць пытаньне, ці гэтыя пратэсты не перакінуцца на рэшту Эўропы?

Без кватэры, бяз сталай працы й без даходу. Але ўжо бяз страху, у Эўропе мноства людзей такіх, як мы! – кажа Фаб'ё Гандара, адзін зь лідараў масавых маніфэстацый у Гішпаніі. Гэтыя пратэсты назвалі ў Гішпаніі „рэвалюцыяй абураных”. Яны пачаліся 15-га траўня, пасьля байкоту мясцовых выбараў. Маладыя гішпанцы дамовіліся празь інтэрнэт ды выйшлі на вуліцы зь лёзунгамі „Памылка сыстэмы! Актуалізаваць праграму!” Гэтымі словамі яны пратэстуюць супраць дзейснага палітычнага эстаблішмэнту ды дамагаюцца „новай палітыкі”, гэта значыць зьменаў выбарчага заканадаўства, якое дэ факта стварыла сыстэму двухпартыйнасьці ў гэтай краіне, узмоцненага кантролю над банкамі, павялічэньня падаткаў ад банкаў і ад багатых, а таксама стварэньня новых месцаў працы. У Гішпаніі сёньня 5 мільёнаў беспрацоўных, - піша польскае выданьне.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Dziennik Gazeta Prawna” піша пра барацьбу вялікіх канцэрнаў за доступ да багацьцяў Балтыкі, якая нагадвае часы Дзікага Захаду ў ЗША. Справа ў тым, што апошнія гады шэраг фірмаў: польскія Orlen і Lotas, якія хочуць шукаць залежы газу сланцавых пародаў і нафту, італьянскі канцэрн ENI таксама зацікаўлены пошукам газу, расейскі Лукоіл хоча шукаць нафту, а нямецкія ды скандынаўскія фірмы хочуць будаваць ветравыя электрастанцыі. Тэрыторыя даступная для пошукаў і будаўнічых прац малая, і таму разгараецца вострая канкурэнцыйная барацьба за канцэсіі, як на Дзікім Захадзе. Хто першы зьвернецца за канцэсіяў, у таго перавага. Па гэтай прычыне ўрады сямі краін: Польшчы, Нямеччыны, Швэцыі, Летувы, Латвіі, Эстоніі ды Даніі ствараюць сумесны плян гаспадараньня Балтыйскага мора, каб пазьбегнуць канфліктаў ды не дапусьціць да экалягічнай катастрофы. Гэтую ініцыятыву пазытыўна ацэньваюць прапдрыемствы. Чакаецца, што яна ўвойдзе ў жыцьцё цягам бліжэйшых гадоў – піша польская газэта.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч