• "600 жаўнераў Арміі Краёвай забіла савецкая контрразьведка"
  • 24.05.2011

“Gazeta Wyborcza” апублікавала сэнсацыйны дакумэнт пра лёс 600 жаўнераў Арміі Краёвай з сувальшчыны, у паўночна-ўсходняй Польшчы. “1945 годзе іх расстраляла савецкая контразьведка” – паведамляе выданьне.

Згаданы дакумэнт зьяўляецца, фактычна, падрабязным плянам забойства ваенапалонных без судовага працэсу. Яго апублікаваў у сваёй кнізе “Паводле сцэнару Сталіна” расейскі гісторык Нікіта Пятроў.

Падзеі ліпеня 1945 году – гэта адна з найбольш трагічных старонак найноўшай гісторыі Польшчы. 46 тыс. жаўнераў Чырвонай Арміі й НКУС, супольна з польскай Грамадзянскай міліцыяй, Управай грамадзянскай бясьпекі й аддзелам Народнага польскага войска цягам двух тыдняў праводзілі карную апэрацыю ў аўгустоўскім, сувальскім і частцы сакольскага паветаў.

У навакольных вёсках і лясах яны палявалі на партызанаў Грамадзянскай Арміі Краёвай, незалежніцкай арганізацыі, якая ўзьнікла пасьля расфарміраваньня АК. Грамадзянская Армія Краёва ў прамым сэнсе катралявала тры згаданыя  паветы, ліквідуючы новую ўладу прызначаную саветамі.

У выніку гэтай апэрацыі СМЕРШ затрымаў больш за 7 тыс. чалавек. Большасьць зь іх выйшлі на волю, але амаль 600 чалавек зьніклі бязь вестак. Дзясяткі гадоў сем’і зьніклых спрабавалі высьветліць лёс сваіх родных, але безвынікова.

Дакумэнт пра падзеі 66-гадовай даўніны Нікіта Пятроў знайшоў у архіве КДБ. У ім чорным па белым напісана, што жаўнераў Грамадзянскай АК забілі й пахавалі ў лесе СМЕРШаўцы. Аднак да гэтага часу невядома: у якім лесе пахаваныя ахвяры камуністаў. “Інфармацыя на гэты конт можа знаходзіцца ў архівах ФСБ” – кажа ў інтэрвію газэце Нікіта Пятроў. 

Краіны зоны эўра патрабуюць ад Грэцыі распачаць беспрэцэнднэтны продаж нацыянальнай маёмасьці, піша Dziennik. Gazeta Prawna. Дзякуючы гэтаму яны хочуць атрымаць сродкі, якія выдалі Афінам на барацьбу з наступствамі эканамічнага крызысу. “Жорсткай ашчаднай палітыкі недастаткова” – лічаць лідары краін эўразоны.

Ініцыятарам гэтай ідэі зьяўляецца прэм’ер-міністар Люксэмбургу Жан Клёд-Юнкэр, які на дадзены момант узначальвае клюб дзяржаў зоны эўра. Паводле яго, прыватызацыя ў Грэцыі павінна праходзіць пад шчыльным кантролем ЭЗ. “Краіны эўразоны павінны мець прыярытэт у прыватызацыі грэцкай маёмасьці” – кажа Юнкэр і тлумачыць, што 110 млрд. эўра, якія Грэцыя атрымала ад Эўраклюбу – гэта вялізаная сума, вяртаньне якой павінна быць абумоўленамі сур’ёзнымі гарантыямі.

Грэцкі прэм’ер-міністар Папандрэў абяцае, што да 2014 году яго краіна правядзе прыватызацыю на суму 50 млрд. эўра.

Сусьветнавядомы расейскі рэжысэр Мікіта Міхалкоў адмовіўся ад пасады дарадцы міністра абароны Расеі. Міхалкоў пакрыўдзіся, бо ў яго адабралі права мець “мігалку” на аўтамабілі, піша Rzeczpospolita. 

Пра “мігалку Міхалкова” даведалася так званая група “блакітных вядзёрак”, нефармальная група праціўнікаў мігалак на маскоўскіх дарогах. Сваю назву яны атрымалі ад дзіцячых вядзёрак, якія яны ставяць на дахах сваіх машын, парадзіруючы такім чынам машыны чыноўнікаў і алігархаў.

Пасьля таго, як пра мігалку мэтра расейскага кіно даведаліся журналісты,  яны папрасілі яго адмовіцца ад “сымбалю алігархаў”. Міхалкоў моцна абразіўся на журналістаў, а аднойчы нават публічна вылаяўся. І толькі пазьней высьветлілася, што мігалку Міхалкоў атрымаў у якасьці дарадчыка міністра абароны. У панядзелак стала вядома, што Мінабароны скарачае колькасьць мігалак, а адной з ахвяраў гэтага скарачэньня стаў Міхалкоў. Сам рэжысэр кажа, што пазбаўленьне яго мігалкі абсалютна не паўплывала на сыход з пасады. Аднак Міністэрства абароны заявіла, што калі Міхалкоў даведаўся пра тое, што ў яго забіраюць мігалку, то пачаў шантажаваць Міністэрства сыходам з пасады.

Афіцыйна Міхалкоў кажа, што прычынай адмовы ад пасады стаў парад на Дзень Перамогі. Міхалкову, быццам бы, не спадабалася малая колькасьць самалётаў на парадзе, што ён успрыняў як знак слабасьці расейскага войска й, маўляў, з-за гэтага адмовіўся ад пасады дарадчыка міністра абароны.

дг