• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • Audio6.58 MB
  • 24.05.2011

 

Вядомыя пераможцы сёлетняга конкурсу „Мама на працы”

Цэнтар адукацыі „Oskar”, „O.K. Цэнтар замежных моваў” і „Danone” сталі пераможцамі апошняга выпуску конкурсу „Мама на працы”, які супольна арганізоўваюць Фундацыя Сьвятога Мікалая, рэдакцыя выданьня „Rzeczpospolita” і сацыялягічны цэнтар Brown SMG/KRC. 

Як тлумачаць прадстаўнікі Фундацыі Сьвятога Мікалая, усё больш фірмаў успрымае конкурс „Мама на працы”, як свайго роду праверку, чаго на працы чакаюць іхныя працаўніцы.

Конкурс зьяўляецца адным зь нешматлікіх, у якіх узнагароды прызнаюцца на падставе ананімных анкет, якія запаўняюць самі жанчыны-працаўніцы. Сёлета ў ім удзельнічалі 112 фірмаў. Анкеты даслалі каля 6 тысячаў 400 працаўніц. 

78% жанчынаў сьцьвярджаюць, што цяжарныя жанчыны зычліва ўспрымаюцца працадаўцамі. 89% зь іх заяўляе таксама, што зычліва ўспрымаюць іх таксама калегі па месцы працы.

Паводле 24% жанчынаў, маці, якая пасьля дэкрэтнага водпуску вяртаецца на працу, можа выконваць частку сваіх прафэсійных абавязкаў дома. Паводле 50% яна можа разьлічваць на працаўладкаваньне паводле частковай стаўкі, а 45%, што ў іхнай фірме можна карыстацца элястычным часам працы.

Паводле ранейшых дасьледаваньняў, праведзеных Фундацыяй Сьвятога Мікалая, менавіта арганізацыя часу працы асаблівым чынам спрыяе спалучэньню прафэсійнай актыўнасьці й бацькоўства.

У сваю чаргу, у 12% дасланых на конкурс анкетаў жанчыны паведамляюць пра тое, што падчас знаходжаньня на лекарскім бюлетэні іх сустракаюць непрыемнасьці. 11% сьцьвярджае, што іх прымушаюць працаваць дадатковыя гадзіны. Згаданая праблема выступае галоўным чынам у буйных фірмах.

Чым адрозьніваюцца фірмы, якія перамаглі ў Конкурсе „Мама на працы”?

„Danone” – пераможца ў катэгорыі буйных фірмаў - прапануе, між іншым, дадатковы месяць платнага дэкрэтнага адпачынку, аплочвае прыватную мэдычную апеку для цяжарных ды некаторыя вакцыны для дзяцей. Канцэрн увёў таксама элястычныя гадзіны працы.

„O.K. Цэнтар замежных моваў” зь Любліна абмяркоўвае з працаўнікамі індывідуальны графік працы ды згаджаецца, каб на працу маці нагла прыйсьці зь дзіцём.

У сваю чаргу, прыемная атмасфэра працы - гэта адзін з козыраў працы ў „Цэнтры адукацыі „Oskar”” з Ольштына.

rp.pl/аз

Польшча зарэгістравала ў Брусэлі 27 рэгіянальных прадуктаў

Польшча зарэгістравала ў Эўразьвязе 27 рэгіянальных прадуктаў. У чарзе на атрыманьне брусэльскага сэртыфікату - чарговыя 9.

У апошнюю пятніцу ў афіцыйным бюлетэні Эўразьвязу зьявілася распараджэньне аб рэгістрацыі заторскага карпа. Рыба, якую гадуюць у трох гмінах Малапольшчы: Затор, Пшэцішуў ды Спыткавіцэ, атрымала эўразьвязаўское званьне „Ахоўваемая назва паходжаньня”.

Такім чынам заторскі карп далучыў да групы 26 іншых польскіх, рэгіянальных прадуктаў, якія да гэтай пары зарэгістравала Эўрапейская камісія.

Першы супольны сэртыфікат атрымала ў 2007 годзе падгалянская брындза – рэгіянальны сыр з авечага малака. Чагровым быў асцыпак – таксама сыр завечага малака, які вырабляюць жыхары польсіх гор - Татраў.

На дадзены момант Польшча займае 9 месца сярод колькасьці зарэгістраваных рэгіянальных прадуктаў. Лідэрам зьяўляецца Італія – 230 зарэгістраваных прадуктаў з сэртыфікатам ЭЗ.  На другім месцы апынулася Францыя – каля 180, а на трэцім Гішпанія – 150.

Сярод гэтак званых новых чальцоўскіх краінаў палякаў апяраджаюць толькі чэхі – 29 эўразьвязаўскіх сэртыфікатаў на рэгіянальныя прадукты. 

Нагадаем, што палякі працягваюць спрэчку зь немцамі за рэгістрацыю назвы „кабанос” для вырабляных у краіне тонкіх сушоных кілбасак. Магчыма, што згаданай справай у чэрвені зоймецца Брусэль. 

rp.pl/аз


Падрыхтавалі Анна Задрожна й Яланта Сьмялоўская