• Інтэрнэт -- пагроза годнасьці прэзыдэнта?
  • 24.05.2011

У Польшчы разгарэўся чарговы скандал вакол свабоды слова, годнасьці прэзыдэнта ды інтэрнэту. Спэцслужбы гэтай краіны зачынілі сайт, які абражаў гонар і годнасьць прэзыдэнта. Экспэрты кажыць пра празьмернасьць служб і атаку на свабоду слова.

На днях Агенства ўнутранай бясьпекі Польшчы на загад пракуратуры, якая вядзе сьледзтва, правяло ператрус у кватэры  адміністратара інтэрнэт старонкі  Аntykomor.pl , канфіскавала абсталяваньне пад прэтэкстам таго, што старонка ўтрымлівае зьмест, які абражае гонар прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага. Размова вядзецца пра кампутарныя гульні “Komor Killer” і “Komor Szoter”, у якіх гулец страляе ці кідае сьмеццем па выяве прэзыдэнта краіны.
Стваральнік старонкі Робэрт Фрыч абвінавачвае службы ў хлусьні. Паводле ягоных словаў, кожны карыстальнік рэсурсу ведаў, што гэта сатыра.

Робэрт Фрыч: Інфармацыю пра тое, што гэта сатырычная гульня бачыў кожны карыстальнік рэсурсу, зайшоўшы на старонку гульні. Спачатку было паведамленьне, якое інфармавала пра характэр гульні, як трэба яе ўспрымаць, а потым было кароткае апісаньне ды спасылка на гульню.

Меркаваньні карыстальнікаў інтэрнэту наконт гэтай справы падзяліліся. Адныя лічаць, што свабода слова ў інтэрнэце не павінна быць неабмежаванай. Іншыя бачаць у дзеяньнях пракуратуры ды Агенства ўнутранай бясьпекі палітычную звышстаранасьць ды напад на свабоду слова.
На думку Катажыны Шымелевіч, дырэктаркті Фонда “Panoptykon”, які працуе над стварэньнем законапраекту правілаў выкарыстаньня інтэрнэту, сеціва – гэта ня места, дзе можна безпакарана некага абражаць. Разам з тым, праблемай Польшчы зьяўляецца тое, што дагэтуль пытаньні абразы гонару прэзыдэнты рэгулююцца крымінальным кодэксам.

Катажына Шымелевіч: Нельга безпакарана абражаць іншых, паклёпнічаць альбо заахвочваць да нянавісьці. Але гэткімі справамі павінны займацца суды, а не карныя ўстановы, як паліцыя ды прокуратура, спэцслужбы. Суд павінен даць ацэнку парушэньню ды прааналізаваць, што ў дадзенай справе важней: свабода мастацкай творчасьці, доступ да інфармацыі, палітычная крытыка ці інтэрэсы асобы, чый гонар пацярпеў. Я лічу, што крымінальны мэханізм памылковы й яго трэба замяніць звычайным цывільнапраўным мэханізмам. Калі прэзыдэнт ці любая асоба адчувае, што нехта абразіў яго гонар, ён зможа пайсьці ў суд, які вынясе вэрдыкт. 

У сваю чаргу, Ярослаў Ліпшыц, з Фонду “Сучасная Польшча”, лічыць, што лёс старонкі AntyKomor.pl – гэта прыклад звышстараннасьці спэцслужбаў, якія імкнуцца да празьмернага кантролю над грамадзтвам. Рэакцыя на публікацыі ў інтэрнэце павінна быць адэкватнай да сутнасьці справы.

Ярослаў Ліпшыц: Нават калі б гэтыя матэрыялы абразілі гонар прэзыдэнта, што вырашае суд і чаго пакуль няма, гэта не тлумачыць тое, як да гэтай справы падыйшлі спэцслужбы. Іх дзеяньні -- гэта скандал. У нас ёсьць надалей праблема празьмернай кантролі. Мы ставімся да інтэрнэту гэтаксама як да публікацыі ў газэце. Але гэта розныя рэчы. Нельга перасьледаваць блёгераў альбо людзей, якія камэнтуюць нешта на інтэрнэтфорумах. Магчыма часам гэтыя камэнтары нізкага ўзроўню, але да гэтага трэба падыходзіць з пачуцьцём гумару. Зразумела, што спэцслужбы не маюць пачуцьця гумару, але здаровы сэнс павінен быць. 

Пытаньне гонару прэзыдэнта стала вострай грамадзкай справай і ў некаторых суседных з Польшчай краінах. Напрыклад, у Беларусі на дадзены момант на разгляд справы ў турме па абразе гонару й годнасьці прэзыдэнта чакае вядомы журналіст, блёгер ды дзеяч Саюза палякаў Анджэй Пачобут. Беларуская пракуратура абвінавачвае яго якраз у абразе гонару ды годнасьці прэзыдэнта.  Прыкладам таго, як крымінальны мэханізм абароны гонару палітыка злоўжываецца спэслужбамі, зьяўляецца Беларусь, -- лічаць праваабаронцы. Распавядае незалежны адвакат, праваабаронца Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла: У Беларусі вынесена асобна абарона годнасьці прэзыдэнта. Чаму? Гэта зробленаў у 1999-м годзе, замест існуючага дагэтуль артыкулу пра абразу ды паклёпу на прадстаўнікоў улады. Гэтыя меры існуюць і на Захадзе, але імі карыстаюцца вельмі рэдка. У нас жа гэта практыка вельмі шырока выкарыстоўваецца, як інструмэнт барацьбы з іншадумствам. Гэтыя артыкулы выкарыстоўваюцца супраць журналістаў, праваабаронцаў, мастакоў, якія не пабаяліся назваць рэчы сваімі імёнамі.  

На думку экспэрта мэдыйнага права Анджэя Міхалоўскага, у Эўропе сёньня ўсё ідзе да таго, каб абарону годнасьці палітыкаў перанесьці ў Грамадзянскі кодэкс, каб ураўняць магчымасьці праўнай абароны ўсіх грамадзянаў.

Анджэй Міхайлоўскі: Эўрапейская тэндэнцыя, у тым ліку прысуды Эўрапейскага суда, сьведчаць пра тое, што ў краінах ЭЗ адыходзяць ад падзелу на лепш ды горш абароненых грамадзянаў. Таму гэты артыкул можна выдаліць з Крымінальнага кодэксу й гэта ня зьменшыць узровень аховы прэзыдэнта.  Яго ахоўваюць іншыя заканадаўчыя нормы. З іншага боку, публічна агучаныя меркаваньні ня могуць абражаць, прыніжаць, паклёпнічаць. Інтэрнэт дае большую свабоду выказваньня, ствараючы ілюзію ананімнасьці. Адсуль часам празьмерна агрэсыўныя выказваньні. Выкарыстаньне існуючых нормаў дазваляе спакойна рашыць гэтую проблему. Існуе рызыка, што дадатковымі нормамі будуць злоўжываць. Крымінальны кодэкс –гэта моц дзяржапарату, які з лёгкасьцю ідзе на злоўжываньне сваімі паўнамоцтвамі ў абароне сваіх інтарэсаў супраць грамадзянам. Цывільнае закандаўства стварае большую роўнасьць. 

Дыскусія вакол інтэрнэт старонкі, якая паводле спэцслужбаў, абражала гонар прэзыдэнта дасягнула такога ўзроўня, што ўмяшаўся нават кіраўнік польскага ўраду. Дональд Туск заявіў, што дзеяньні праваахоўчых ворганаў яго зьдзівілі ды запатрабаваў тлумачэньняў.


Дональд Туск: Часам службы вядуць сябе празьмерна старанна, нават у  рамках заканадаўства. Мне было вельмі прыкра, калі я даведаўся, што ў такой дробнай справе выкарыстоўвалі неадэкватныя сродкі. Я буду патрабаваць тлумачэньняў. У будучыні, каб у службаў не было жаданьня ды прэтэксту да  такой звышстараннасьці, трэба зьмяніць законы, якія ня будуць больш аберагаюць палітыкаў чым іншых людзей.

У Польшчы разгарэўся інтэрнэт скандал вакол гонару прэзыдэнты ды свабоды слова. Большасьць экспэрта згодна, штонельга дазваляць безпакараныя абразы ў інтэрнэце. Аднак крымінальныя меры гэтую праблему не вырашаць.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч