• „Эстонцы і Беларусы: два народы - адзін голы, другі апрануты” (Агляд друку)
  • 26.05.2011

На палосах, прысьвечаных культуры, „Gazeta Wyborcza” чытаем „Эстонцы і Беларусы: два народы - адзін голы,  другі апрануты”.

Дзьве былыя рэспублікі СССР. Эстонія - сёньня частка ЭЗ, свабодная краіна. І зусім іншая Беларусь. Гэта бачна таксама ў мастацтве, што паказана на двух выставах у Варшаве – у галерэі „Захэнта” і ў Нацыянальным музэі.

Беларуска Марына Напрушкіна пасадзіла перад будынкам Захэнты газон у кшталце герба КДБ. Яна калекцыянуе таксама дзікунствы і дзівосы беларускай афіцыйнай прапаганды ў інсталяцыі „Бюро антыпрапаганды”. Магнітам выставы зьяўляецца праца „Пяць лірычных песень пра фізыку. Пяцьдзесят артыстаў і двое крытыкаў сьпяваюць пад фартэпіяна і тэрэмін” – фільм Максіма Тымінкі. Беларускія мастакі й скульптары запрошаныя ў хор. Яны сьпяваюць вызначэньні тэарэтычнай фізыкі. Гэта дасканалае, іранічнае й адначасова палітычнае, бо ж закранае пытаньні народу й яго мастацтва. 

„Для мяне беларускасьць гэтай выставы заключаецца ў яе падсьвядомасьці.”, - піша ў „GW” Дарота Ярэцка. Цікава тое, чаго на гэтай выставе няма. А няма на ёй цела. Няма гендэрнай тэмы.

Прыклад іншых посткамуністычных краін, напр. Польшчы, паказвае, што ў мастацтве першай рэакцыяй на свабоду экспрэсіі зьяўляеца адкрытасьць на тэматыку цела: інтымнасьць, сэксуальнасьць, іншасьць. І гэта дасканала бачна на эстонскай выставе. Гэта мастацтва без табу. У Нацыянальным музэі паказаны фота Аннт Сіны Трэўмунд „Ты і я і усе, каго мы ведаем” – партрэты лесьбіянскай грамадзкасьці ў Таліне.

Параўнаньне гэтых двух выставаў паказвае, што народ спачатку павінен вызваліцца як грамадзкае цела, і толькі потым прыходзіць эманцыпацыя індывідуальных цел.

Пра выставы беларускага й эстонскага мастцтва піша „GW”.

      Эўразьвяз выкарыстае ўсе магчымасьці, у тым ліку бесперапынны палітычны ціск з мэтай падтрымкі Анджэя Пачобута і іншых ахвяр рэпрэсіі ў Беларусі, - заявіла ўчора старшыня дыпляматыі ЭЗ кэтрын Эштан, -  і гэта прыгадвае  сёньня „Gazeta Wyborcza”.

У лісьце, які яна накіравала ў камісію замежных справаў Эўрапарлямэнту, Эштан зазначыла, што ледзь некалькі дзён пасьля арыштаваньня Пачобута, яна заклікала Менск спыніць перасьлед журналістаў.
Пачобут 51 дзень знаходзіцца ў гарадзенскай турме й чакае працэсу ў справе зьнявагі прэзыдэнта А.Лукашэнкі, што ён нібыта зрабіў у артыкулах, якія напісаў для „GW”. Журналісту пагражаюць 4 гады пазбаўленьня волі.
Польскі эўрадэпутат Міхал Каміньскі заклікаў Кэтрын Эштан уважліва сачыць за тым, хто замяшаны ў перасьлед Пачобута й накласьці на іх візавыя санкцыі.

Кангрэс украінцаў Холмшчыны й Падляшша заклікае ўлады Польшчы й Украіны

выплаціць кампэнсацыі для выселеных ў гадох 1944-46.


„Мы доўгі час змагаемся за прызнаньне нам праўнага статусу ды кампэнсацый за маральныя й матэрыяльныя страты. Мы зьвярталіся ў гэтай справе да ўсіх прэзыдэнтаў Украіны. Ніхто нас ня хоча слухаць.”, - кажуць прадстаўнікі Кангрэсу.

- Мы можам толькі шкадаваць, што пасьля ІІ Сусьветнай вайны праводзіліся высяленьні, але, нажаль, зьмены  межаў і зьвязаныя з гэтым дэпартацыі аўтарызавалі імпэрыі й гэта датычыла шматлікіх народаў, таксама палякаў, - сказаў „Rzeczpospolita” намесьнік старшыні Камісіі замежных справаў Сэйму Робэрт Тышкевіч. Таму, хутчэй за ўсё, ня будзе ніякіх кампэсацый з польскага боку, а калі пераселеныя хочуць атрымаць кампэнсацыі, то ў рамках украінскай дзяржавы, - лічыць Р.Тышкевіч.

 

Польскі міт пра „baby boom”

Летась у Польшчы нарадзілася менш дзяцей, чым год раней. Гэтыя дадзеныя сталі нечаканасьцю для дэмографаў, бо за апошнія шэсьць гадоў колькасьць нараджэньня памалу павялічвалася. Дзяржава марнатравіць грошы на аднаразовыя выплаты для кожнага нованароджанага дзіцяці замест рэалізаваць просямейную палітыку, – піша на першай паласе „Dziennik. Gazeta. Prawna”.

Разам з цяжкой эканамічнай сытуацыяй і тыповай для разьвіваючыхся грамадзтваў нежаданьня рана нараджаць дзяцей, у Польшчы няма пасьлядоўнай сямейнай палітыкі. Найбольш выніковыя мэтады, якія ўзьдзейнічаюць на дэмаграфічную сытуацыю і на якія мае ўплыў дзяржава, гэта эканамічны рост, малыя падаткі, добрая інфраструктура. Усё разам дапамагае прыняць рашэньне аб нараджэньні дзіцяці і, самае галоўнае – затрымаць на радзіме людзей рэпрадуктыўнага ўзросту.

„Dziennik. Gazeta Prawna” пералічае таксама непасрэдныя бар’еры для росту нараджальнасьці. Гэта незадавальняючая апека над цяжарнай, малымі дзецьмі, а потым вучнямі. Гаворка ідзе пра ясьлі, садзікі, дадатковыя заняткі, падтрымку бедным сем’ям.

яс