• XVII саміт краін Цэнтральна- ўсходняй Эўропы ў Варшаве
  • Audio3.66 MB
  • 27.05.2011

20 эўрапейскіх прэзыдэнтаў сустрэліся ў польскай сталіцы. У Варшаве адбываецца XVII саміт краін Цэнтральна- ўсходняй Эўропы, на якім няма прэзыдэнтаў Сэрбіі й Румыніі, якія адмовіліся ад удзелу ў сустрэчы, паколькі на ёй прысутнічае прэзыдэнт Косава Атыфэта Ях'яху. Сэрбія, Румынія й Славаччына не прызналі незалежнасьці гэтай балканскай краіны, аднак славацкі прэзыдэнт Іван Гашпаровіч у Варшаву прыехаў.

Першы саміт краін Цэнтральна- ўсходняй Эўропы  адбыўся ў 1992 годзе ў Зальзбургу з ўдзелам прэзыдэнтаў Аўстрыі, Чэхіі, Нямеччыны й Вугоршчыны. Папярэдняя сустрэча тры гады таму адбылася ў Сэрбіі, таму ўдзел сэрбскага прэзыдэнта ў варшаўскай сустрэчы  падаваўся натуральнай зьявай. Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі зазначае, што на сёньняшнім саміце павінен прысутнічаць прэзыдэнт Сэрбіі, паколькі сустрэча зьяўляецца дасканалай нагодай для краінаў гэтага рэгіёну, каб паразмаўляць аб неабходнасьці дэмакратычных пераменаў. Аднак прэзыдэнт Камароўскі дадае, што польскі бок разумее й шануе рашэньне сэрбскай адміністрацыі.

Браніслаў Камароўскі: Мы гэта разумеем і ня робім з гэтага вялікай сэнсацыі. Аднак было б вельмі добра, каб яны скарысталіся нагодай і паказалі, што нягледзячы на розьніцу ў падыходах можна размаўляць пра дэмакратыю разам, каб захаваць давер да дэклярацыі аб пабудове дэмакратычнага ладу, таксама й на Балканах.

Прэзыдэнт Славаччыны, якая таксама не прызнала незалежнасьці Косава, зьмяніў рашэньне й прыехаў у Варшаву. Як перадае карэспандэнт Польскага радыё з Братыславы, Іван Гашпаровіч памяняў пляны пасьля таго, як атрымаў пэўныя гарантыі з польскага боку.

Анджэй Невядоўскі: Славаччына не прызнала незалежнасьці Косава, занепакоеная тым, што разьвіцьцё падзеяў у той краіне можа стаць імпульсам для сэпаратысцка настаўленай вугоркай нацыянальнай меншасьці, якая жыве ў Славаччыне. Дэпутаты славацкага парлямэнту нават прынялі дэклярацыю, якая просіць не прызнаваць незалежнасьць Косава бяз згоды Сэрбіі. Таму прэзыдэнт Іван Гашпаровіч намерваўся збайкатаваць варшаўскі саміт. Аднак Варшава пагадзілася з умовай Братыславы. А умовай удзелу славацкага прэзыдэнта на саміце была адсутнасьць якіх колечы сымбаляў- гэрбу ці сьцяга з назвай „Рэспубліка Косава”. Братыслава таксама запатрабавала не даваць пад подпіс прэзыдэнту Косава супольнай дэклярацыі, прынятай на саміце. 

На думку прафэсара паліталёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Ваўжынца Канарскага Сэрбія й Румынія, якія вырашылі збайкатаваць варшаўскі саміт, сталі перад выбарам, ці да канца адстойваць свае прынцыпы, ці сысьці з пазыцыі й прыехаць у Варшаву й сустрэцца з Баракам Абамам.

Ваўжынец Канарскі: Гэтыя краіны маюць свае важныя масцовыя й рэгіянальныя імкненьні, могуць адчуваць сябе ня вельмі камфортна ў кантэксьце палітыкі ў дачыненьні нацыянальных меншасьцяў. Трэба памятаць пра супярэчнасьці, калі ідзе гаворка пра статус вугорскай нацменшасьці. Гэтае пытаньне дзяліла Вугоршчыну й Румынію цягам амаль усяго XX стагодзьдзя, пачынаючы ад канца Першай сусьветнай вайны. Калі гаварыць пра Сэрбію, то яна мае вялікія прэтэнзіі да Амэрыкі, якая ў значнай ступені спрычынілася да распаду былой Югаславіі. Акрамя таго, Сэрбія памятае падтрымку прэзыдэнта Клінтана для імкненьня Косава да незалезнасьці. Яна прадстаўляе гэта ў якасьці прыкладу палітычнай маніпуляцыі, зазначаючы, што Клінтан ня ведаў балканскіх рэаліяў.

Увядзеньне дэмакратыі ў балканскіх краінах зьяўляецца адной зь вядучых тэмаў смаіту лідараў краін Цэнтральна- ўсходняй Эўропы. Увечары з удзельнікамі саміта сустрэнецца анерыканскі прэзыдэнт Барак Абама.

Караліна Русіновіч