• "Беларусі можа пагражаць вайсковае ўмяшальніцтва Расеі"
  • 27.05.2011

Візыт Барака Абамы схаваў на другі плян падзеі ў Беларусі, якія маюць вялізарнае значэньне для Польшчы, піша публіцыст штодзёнкі “Dziennik.Gazeta Prawna” Анджэй Таляга. “Беларусь апынулася на павароце, выхад зь якога можа азначаць страту незалежнасьці” – піша аўтар артыкулу.

На думку Талягі, падзеі за ўсходняй мяжой Польшчы могуць цяпер разгортвацца паводле двух сцэнароў: 1) Расея цалкам скупляе Беларусь, а ў Менску застаюцца толькі вонкавыя атрыбуты незалежнай дзяржавы. 2) Банкруцтва Беларусі, вынікам якога станецца масавая эміграцыя, узброеныя сутыкненьні, а ў пэрспэктыве, нявыключана, і вайсковае ўмяшальніцтва Расеі. “Гучыць неверагодна?” – пытаецца аўтар, - гэтаксама яшчэ пару месяцаў таму было цяжка ўявіць грамадзянскую вайну ў Лібіі й авіяўдары NATO”.

Аўтар крытыкуе польскі ўрад за тое, што ён ня здолеў утрымаць Беларусь ад “абдымак Расеі” й сьцьвярджае, што сёньня для Польшчы сьвяты абавязак  - дапамагчы Беларусі.

Сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі Анджэй Таляга параўноўвае з альбанскім крызысам 1997 году. У выніку банкруцтва й сутычак, якія сталі яго вынікам, там загінула каля тысячы чалавек. Альбанія змагла ўзьняцца з кален толькі пасьля вонкавага ўзброеннага ўмяшальніцтва, якое вярнула парадак у краіне. Таксама й прыклад Лібіі паказвае, што грамадзянская вайная рэальная нават там, дзе, здавалася б, няма да гэтага аніякіх перадумоваў.

Таляга заўважае, што Польшча абсалютна непадрыхтаваная на выпадак драматычных падзей у Беларусі. Няма ані плянаў узмацненьня мяжы (калі б беларускія памежныя службы нечакана рассыпаліся), ані пляну перакідваньня вайсковых адзінак на Ўсход (калі б у краіне пачаліся сутычкі паміж прыхільнікамі й апанэнтамі Лукашэнкі). “Мы нават ня ведаем, што нам рабіць, калі б Расея ўвайшла ў Беларусь з мэтай “захаваць мір і парадак” альбо калі б беларускія вайсковыя аддзелы перакрочылі нашу мяжу, каб схавацца на нашай тэрыторыі” – піша публіцыст і зазначае, што гэта, хутчэй, гіпатэтычны варыянт для Беларусі.

“Больш верагодна, што Расея проста выкупіць Беларусь”, - працягвае Таляга. Для Польшчы гэта будзе вялізарнай стратай, бо лукашэнкаўская Беларусь, хаця й не была дэмакратычнай дзяржавай, то была прынамсі сувэрэннай краінай і буфэрам паміж Польшчай і Расеяй. А слабая эканамічна Беларусь, без моцнага войска й без статусу транзытнай дзяржавы, ня будзе для Польшчы партнэрам, нават калі ва ўладзе будзе апазыцыя. “Тым больш, - зазаначае Анджэй Таляга, - што апазыцыя сама стала інструмэнтам расейскіх уплываў і выкарыстоўваецца Масквой дзеля кантролю Лукашэнкі”.

дг