• Беларуская тэма ў Варшаве
  • Audio3.29 MB
  • 27.05.2011

У Варшаве адбыўся XVII саміт краін Цэнтральна- ўсходняй Эўропы з удзелам 20 эўрапейскіх прэзыдэнтаў. Асноўнымі пытаньнямі, якія закраналіся падчас сустрэчы была сытуацыя ў Паўночнай Афрыцы й дэмакратызацыя балканскіх краінаў.

На сустрэчы прысутнічалі прэзыдэнты Ўкраіны й Летувы. Беларускага кіраўніка  на саміт не запрашалі, а вось беларуская тэма ў Варшаве гучала.

Яшчэ перад пачаткам саміта гаспадар сустрэчы- прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі запэўніваў, што тэма Беларусі абавязкова паявіцца. У ранішнім эфіры Польскага радыё прэзыдэнт сказаў, што складана гаварыць пра дэмакратыю ў Эўропе без зьвяртаньня ўвагі на тое, што адбываецца у суседняй краіне.

Браніслаў Камароўскі: Адным з прыярытэтаў польскага старшынства ў ЭЗ будзе ўсходняя палітыка ЭЗ й праграма „Ўсходняе партнэрства”. А яно адрасаванае, між іншым, да беларусаў. Зь вялікай занепакоенасьцю мы назіраем там адыход ад дэмакратычных пераменаў і вяртаньне да розных формаў аўтарытарнага кіраваньня краінай. Такім чынам Беларусь павінна быць абшарам вялікіх выклікаў і для Польшчы, і для ЗША, і для ЭЗ.

Адчыняючы саміт прэзыдэнт Камароўскі падкрэсьліў, што краіны Цэнтральна- ўсходняй Эўропы прайшлі складаны шлях да свабоды й дэмакратыі, таму гэты рэгіён можа быць прыкладам для іншых частак сьвету. Прэзыдэнт прыгадаў, што нельга забывацца пра рэгіёны, якія патрабуюць падтрымкі.

Браніслаў Камароўскі: Знакам Эўропы ў мінулым было адкрыцьцё на сьвет, гатоўнасьць разьвіваць кантакты зь іншымі рэгіёнамі, а таксам зацікаўленьне іншымі краінамі, іншымі людзьмі ды іншымі культурамі.  Дзякуючы гэтаму, цягам стагодзьдзяў разьвіваліся эўрапейскія сувязі. Аб’яднаная Эўропа павінна працягваць гэтую традыцыю, яна ня можа ізалявацца й быць эгаісткай.

На думку польскага прэзыдэнта, нягледзячы на новыя абставіны ідэя эўрапейскай інтэграцыі для усіх краін Ўсходняй Эўропы павінна надалей быць актуальнай.

Браніслаў Камароўскі: Працэс пераменаў, які пачаўся пасьля 1989 году надалей працягваецца і павінен працягвацца, нягледзячы на новыя абставіны. Паколькі ня ўсе краіны й ня ўсе нацыі здолелі ў аднолькавай ступені скарыстацца гэтым гістарычным  шанцам, якім была прапанова Заходняй Эўропы  далучаць паасобныя краіны Цэнтральна- Ўсходняй Эўропы да шчасьлівай сям’і краін Заходняй Эўропы.

Прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайце, якай прысутнічае на саміце, сказала карэспандэнту Польскага радыё, што для яе асабіста гэта дасканалая нагода да размоваў з прэзыдэнтамі балканскіх краінаў.

Даля Грыбаўскайце: У мяне ёсьць магчымасьць сустрэцца з прэзыдэнтамі балканскіх краінаў. Мы супрацоўнічаем  з ЭЗ, з краінамі Балтыі, але не супрацоўнічаем з Балканамі. Гэта дасканалая нагода для сустрэчы.

Пры нагодзе саміта, які адбываецца ў варшаўскім Каралеўскім палацы варта ўзгадаць, што на ім прысутнічае прэзыдэнт  Косава, у сувязі з чым прэзыдэнты Сэрбіі й Румыніі збайкатавалі сустрэчу.

Кульмінацыяй саміта будзе вячэра ў Прэзыдэнцкім палацы, дзе да эўрапейскіх прэзыдэнтаў далучыцца й Барак Абама.

Караліна Русіновіч