• Сёньня ў Польскіх СМІ Дзень салідарнасьці з Анджэем Пачобутам
  • Audio5.22 MB
  • 28.05.2011

 

Сёньня ў Польскіх СМІ Дзень салідарнасьці з Анджэем Пачобутам – журналістам і вязьнем сумленьня.

У вядучых польскіх друкаваных выданьнях надрукаваны зварот, які падпісалі галоўныя рэдактары ўсіх грамадзкіх і прыватных тэле- й радыёстанцыяў, інфармацыйных агенцтваў, прэстыжных тыднёвікаў ды інтэрнэт-сайтаў. Гэты зварот надрукаваны на тытульных старонках разам зь інфармацыяй пра візыт у Польшчу Барака Абамы.

У звароце журналісты выказваюць пратэст супраць таго, што беларускі рэжым беззаконна ўтрымлівае ў турме калегу-журналіста Анджэя Пачобута. Кіраўнікі польскіх СМІ патрабуюць ягонага вызваленьня й зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў.

Карэспандэнт польскага выданьня „Gazeta Wyborcza” амаль два месяцы знаходзяцца ў гарадзенскай турме. Адзінай ягонай „віной” зьяўляецца тое, што ён добрасумленна выконваў прафэсійныя абавязкі. Дзякуючы яму польскія чытачы мелі магчымасьць даведацца пра сапраўдную сытуацыю ў Беларусі. Беларускі рэжым, які лічыць сябе дэмакратычнай дзяржавай, такім чынам змагаецца са свабоднымі СМІ й незалежнымі журналістамі.

Анджэй Пачобут не захацеў выехаць з краіны, дзе нарадзіўся ён і ягоныя дзеці. Ён лічыць, што Беларусь заслугоўвае на лепшы лёс, а ён можа спрычыніцца да гэтага сваёй прафэсійнай дзейнасьцю.

„Спадзяюся, што надыйдзе момант, калі Беларусь перастане быць музэем–запаведнікам Эўропы, кіраваным апошнім дыктатарам у гэтай частцы цывілізаванага сьвету, і стане свабоднай эўрапейскай краінай”, напісаў журналіст незадоўга да затрыманьня. Сёньня сваёй свабодай ён плаціць цану за свабоду слова ў Беларусі. Гэтая каштоўнасьць мае для нас надзвычайнае значэне. Таму мы -галоўныя рэдактары польскіх СМІ - выказваем зь ім сваю салідарнасьць», напісалі галоўрэды.

Ліст, які падпісалі 43 галоўныя рэдактары польскіх СМІ, зьмяшчаюць амаль усе польскія друкаваныя выданьні ды сайты.

 

Аляксандар Лукашэнка хоча выкінуць зь Беларусі расейскія СМІ, паведамляе „Rzeczpospolita”.

На думку беларускага кіраўніка, яны ствараюць паніку на рынку й спрыяюць скупліваньню тавараў і замежнай валюты насельніцтвам.


“Зрабіце ўсё, каб гэтыя сродкі масавай інфармацыі перасталі існаваць на нашай тэрыторыі”, -загадаў Лукашэнка сваім чыноўнікам.

 Паводле інфармацыі расейкага выданьня „Коммерсантъ”, беларускім дзяржаўным СМІ забаронена пісаць пра эканамічную сытуацыю ў краіне, паведамляе „Rzeczpospolita”.

 

“Белсат” можа застацца без фінансавых сродкаў, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

Кіраўнічка тэлеканалу “Белсат” занепакоена тым, што пад канец чэрвеня ёй можа нехапіць сродкаў на вытворчасьць праграмы.  Ці Эўрапейская камісія дапаможа? - задае пытаньне газэта.
“Мы падтрымліваем ідэю незалежнай беларускай тэлевізіі, але ўся тэлевізія апынулася ў складанай фінансавай сытуацыі і ўсе тэлеканалы, і ня толькі “Белсат”, павінны самастойна неяк справіцца”, - кажа прэс-сакратар Польскага тэлебачаньня Яанна Стэмпень-Рагаліньска (“Белсат” уваходзіць у структуру грамадзкага тэлебачаньня Польшчы). “Сёлета дадатковых сродкаў для “Белсату” ў нас няма. Савет дырэктароў не пагадзіўся на павелічэньне бюджэту тэлеканалу на дадатковыя 5,5 мільёнамі”, сказала прадстаўніца Польскага тэлебачаньня.

У Беларусі няма прыватных СМІ, а дзяржаўныя поўнасьцю кантралююцца ўладамі. Гэта датычыць таксама й сеціва, і таму незалежныя сайты блякуюцца, а рэдакцыі пастаянна наведваюць “госьці” зь сілавых структураў. Таму некаторыя незалежныя СМІ вяшчаюць з Польшчы.

Бюджэт “Белсату” – гэта датацыя польскага МЗС, але калі тэлеканалу не хапала сродкаў, датацыю давала таксама Польская тэлевізія. Сёлета Польшча павялічыла фінансавую дапамогу дэмакратычнаму грамадзтву ў Беларусі з 22 да 40 мільёнаў злотых (10 млн. эўра) Палова сродкаў пайшла на фінансаваньне “Белсату” й іншых СМІ, якія вяшчаюць у Беларусь. Рэшту сродкаў прызначана на падтрымку беларускіх мясцовых СМІ й стыпэндыі для моладзі.

Сёлета МЗС абяцаў прызначыць “Белсату” 5,5 млн эўра, рэшту мела даць Польскае тэлебачаньне, але ня дасьць, паколькі ў самога немалыя фінансавыя проблемы. Дырэктар тэлевізіі Юльюш Браўн вырашыў зьвярнуцца ў Эўракамісію па дадатковыя сродкі на фінансаваньне “Белсату”. Улады тэлевізіі заяўляюць, што сродкі з МЗС на фінансаваньне “Белсату” яшчэ не прыйшлі, а “Белсат” вяшчае за сродкі Польскага тэлебачаньня, як гаворыцца, у крэдыт.

У МЗС паінфармавалі, што сродкі для “Белсату” зарэзэрваваныя й неўзабаве трапяць на рахунак тэлевізіі.

У абарону “Белсату» выступіла група беларускіх інтэлектуалаў і журналістаў. У палове траўня яны напісалі адкрыты ліст кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. „Для беларусаў «Белсат» зьяўляецца адзінай тэлевізіяй, зь якой можна атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра сытуацыю ў краіне й на сьвеце. (…) На прыкладзе Польшчы, якой калісьці свабодны сьвет дапамог стаць незалежнай і свабоднай, мы ведаем, наколькі пасьпяховай можа быць такая дапамога. У першую чаргу пры распаўсюдзе незалежнай і праўдзівай інфармацыі”,- чытаем у лісьце беларускіх інтэлектуалаў, які цытуе „Gazeta Wyborcza”.


Падрыхтавала Караліна Русіновіч