• Абама: Лукашэнка поўнасьцю ігнаруе дэмакратычныя каштоўнасьці ды ўласны народ
  • Audio4.86 MB
  • 28.05.2011

Польшча й ЗША павінны разам падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, а таксама імкненьне грамадзян да дэмакратычных пераменаў, заявіў Барак Абама ў Варшаве.
 
Тэматыка Беларусі неаднойчы закраналася падчас візыту амэрыканскага прэзыдэнта ў Польшчы.

Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім Абама зазначыў, што Польшча й ЗША павінны супольна падтрымліваць беларускае грамадзтва ў барацьбе за свабоду.

Барак Абама: Вельмі важна, каб мы дзейнічалі супольнымі сіламі. Мы ўзялі на сябе абавязак падтрымліваць беларускае грамадзтва й дэмакратычныя перамены. Мы заклапочаны падзеямі ў Беларусі, яны могуць уплываць на сытуацыю ў цэлым рэгіёне. А ў самой жа краіне сытуацыя можа яшчэ больш дэстабілізавацца.

Пасьля заканчэньня сустрэчы з Баракам Абамам кіраўнік польскай дзяржавы заявіў, што важным акцэнтам размовы было пытаньне аб заангажаваньні ў пашырэньні дэмакратыі ў Эўропы, у тым ліку і ў Беларусі.

Браніслаў Камароўскі: Беларусь, гэта краіна, дзе заўважаецца трагічны працэсу адсутнасьці дэмакратызацыі. Там затрымліваюць і садзяць у турму прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, там жа праходзіць акцыя ў абарону затрыманага журналіста й карэспандэнта польскай прэсы (Анджэя Пачобута – Рэд.)? Я задаволены, што па гэтым пытаньні нашыя погляды поўнасьцю супадаюць. Гаворка ідзе пра непахісную пазыцыю ў тым, каб пастаянна нагадваць пра правы чалавека й грамадзяніна ў Беларусі.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі польскіх палітычных сілаў і былымі актывістамі антыкамуністычнай апазыцыі амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што парушэньне асноўных прынцыпаў дэмакратыі ў Беларусі можа нэгатыўным чынам уплываць на стабільнасьць сытуацыі ў цэлым рэгіёне.

Амэрыканскі прэзыдэнт запэўніў, што гэта толькі пачатак дыялёгу паміж польскім і амэрыканскім урадамі на тэму дэмакратызацыі ў сьвеце, у прыватнасьці, у рэгіёне Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

Барак Абама: Мы сочым за рэгрэсам дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Мы павінны памятаць, што нясём супольную адказнасьць за падтрымку свабодных і дэмакратычных сілаў у гэтай краіне.

Абама дадаў, што дасягненьні Польшчы на шляху да дэмакратыі могуць быць прыкладам для Беларусі й іншых краінаў гэтага рэгіёну.

Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што барацьба палякаў з камуністычным рэжымам ПНР выклікала ў Амэрыцы вялікую павагу да польскага народу, бо звычайныя людзі пісалі новую старонку сучаснай гісторыі пры дапамозе мірнай рэвалюцыі, якая зьмяніла сытуацыю ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Барак Абама: Я хачу зьвярнуць увагу на іншыя краіны, якія на дадзены знаходзяцца ў падобнай сытуацыі, і заклікаць выкарыстоўваць польскі досьвед. Новыя дэмакратычныя ўрады павінны выкарыстаць сваю энэргію канструктыўным чынам, яны павінны вызначыць сабе вышэйшыя стандарты й прытрымлівацца заканадаўства.

Беларускае пытаньне закраналася таксама падчас сустрэчы Барака Абамы з польскім прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. Падчас сустрэчы Абама заявіў, што сытуацыя ў Беларусі павінна зьмяніцца.

Барак Абама: Мы вельмі ўважліва праааналізавалі сутыацыю ў Беларусі, і з такім станам рэчаў нельга пагаджацца. Лукашэнка поўнасьцю ігнаруе дэмакратычныя каштоўнасьці, прынцыпы прававой дзяржавы, а таксама ўласны народ.

Абама зазначыў, што Польшча й ЗША двубакова, а таксама пры непасрэдным заангажаваньні ЭЗ супрацоўнічаюць і будуць працягваць супрацоўніцтва на карысьць стварэньня ў Беларусі грамадзянскай супольнасьці.

Барак Абама: Мы вырашылі, што будзем аказваць на Беларусь моцны ціск аж да часу, пакуль беларускія ўлады не задумаюцца над сваімі паводзінамі. ЗША па гэтым пытаньні будуць супрацоўнічаць ня толькі з Польшчай, але й іншымі эўрапейскім краінамі. Падчас свайго старшынства ў ЭЗ Польшча зможа заняцца гэтай праблемай больш актыўна.

Дональд Туск дадаў, што ў пытаньні беларускай дыктатуры пазыцыі Польшчы й ЗША згодныя ў 100 %.

Дональд Туск: У такіх дыктатураў, якую рэпрэзентуе Лукашэнка ў Беларусі, няма будучыні. ЗША й Польшча будуць сумесна рэалізаваць плян дзеяньняў і прапанаваць яго міжнароднай думцы ў імя таго, каб беларускі народ ня быў вымушаны доўга плаціць высокую цану.

Туск прыгадаў, што прэзыдэнт Камароўскі, а таксама ён асабіста паінфармавалі прэзыдэнта Абаму пра сутуацыю прадстаўнікоў непрызнаванага беларускім рэжымам Саюзу палякаў і беспадстаўнае ўтрыманьне ў турме польскага атрывіста й журналіста Пачобута. Паводле словаў Туска, прэзыдэнт Абама сказаў, што „знаёмы са справай Пачобута”.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч