• “У Польшчы была турма ЦРУ”
  • 30.05.2011

“У Польшчы была турма ЦРУ” – сэнсацыйны артыкул на першай старонцы штодзёнкі “Gazeta Wyborcza” стаў сёньня навіной нумар адзін у краіне. Але на гэтым скандал ня скончаны. Як паведамляе выданьне, польскі пракурор, які расьсьледаваў гэтую справу й рыхтаваў абвінавачваньні тагачасным чыноўнікам левага ўраду, быў адсунуты ад сьледзтва.

Расьсьледаваньне па гучнай справе аб прысутнасьці амэрыканскіх сакрэтных турмаў вядзецца ў Польшчы ад 2008 году. Сьледзтва мае зачынены характар, невядома нават, хто быў дапытаны ў якасьці сьведкі. “Gazeta Wyborcza” валодае заключэньнем экспэртаў адносна законнасьці турмаў ЦРУ ў Польшчы. На яго падставе пракурор Ежы Мяжэўскі падрыхтаваў абвінавачваньні ў парушэньні Канстытуцыі, беспадстаўнага пазбаўленьня свабоды й злачынстве супраць чалавецтва чыноўнікам ураду Саюзу левых дэмакратаў. Менавіта тагачасны левы ўрад выдаў згоду на разьмяшчэньне ў Польшчы сакрэтных турмаў ЦРУ.

Але два тыдні таму Ежы Мяжэўскі быў адсунуты ад сьледзтва. Пасаду пракурора страціў і ягоны партнэр па сьледзтву Робэрт Маеўскі. Начальства адмаўляецца тлумачыць прычыны такога рашэньня. Самі Мяжэўскі й Маеўскі ня могуць камэнтаваць справу ў сувязі з абавязкам таямніцы сьледзтва. Крыніца “GW” у пракуратуры тлумачыць, што зачыніць скандальную справу ўлады ня могуць. Гэта было б страшэнным ударам па іміджы ўраду. Аднак існуе быццам бы неафіцыйная дамова з ЗША аб тым, што амэрыканскі бок будзе зацягваць з прадстаўленьнем матэрыялаў сьледзтву, і ў выніку справу будуць вымушаныя зачыніць у сувязі з заканчэньнем тэрміну даўніны.

Сакрэтныя турмы ЦРУ існавалі ў Польшчы паміж 2002 і 2003 гадамі.

У рэдакцыйным камэнтары публіцысты выданьня Яраслаў Курскі й Пётр Стасіньскі вельмі востра скамэнтавалі скандал вакол сакрэтных вязьніцаў і пракурораў. “Калі Польшча хоча вучыць іншых мыць рукі, то спачатку ёй самой трэба вышараваць пазногці” – пішуць яны ў “GW”.

Саудаўская Арабія абяцае зьменшыць цану за барэль нафты да 70 даляраў, паведамляе “Dziennik. Gazeta Prawna” У Рыядзе занепакоеныя ўсё больш актыўным выкарыстаньнем заходнімі краінамі аднаўляльных крыніц энэргіі.

Саудаўскі прынц Альвалід бін Талал заявіў учора на тэлеканале CNN: “Мы ня хочам, каб Захад адмовіўся ад нас і пайшоў шукаць альтэрнатыву. Чым большай будзе цана на нафту, тым большая ў іх будзе матывацыя шукаць іншыя крыніцы энэргіі”.

У пятніцу барэль нафты на нью-ёркскай біржы каштаваў 100 даляраў. Саудаўская Арабія гатовая зьменшыць кошт на 20-30%.

Напрыканцы мінулага году краіны OPEC дамовіліся, што да канца 2011 г. цана аднаго барэля нафты не павінна перакрочваць 90 даляраў. Большы кошт, паводле экспэртаў, можа прывесьці да зьмяншэньня запатрабаванасьці на нафту. Гэтым плянам перашкодзілі рэвалюцыі ў арабскіх краінах і напружаная сытуацыя ў Лібіі. У выніку хваляваньняў цана ўзьнялася да 100-125 даляраў за барэль.

Саудаская Арабія зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце вытворцам нафты. Кожны дзень яна здабывае па 10 мільёнаў барэляў нафты.

Справа “падляшскай Катыні” можа трапіць у Страсбургскі суд, піша „Rzeczpospolita”. “Падляшскай Катыньню” ў Польшчы называюць таямнічае зьнікненьне 600 жыхароў трох паветаў на Падляшшы ў 1945 годзе. Зьніклыя палякі належалі да падпольнай арганізацыі Грамадзянская Армія Краёва, якая пасьля станаўленьня ў Польшчы камуністычнай улады працягвала змаганьне супраць новых акупантаў.

Сьвятло на гэтую справу праліў пару тыдняў таму расейскі гісторык Нікіта Пятроў. У сваёй кнізе ён апублікваў сакрэтны дакумэнт НКВД, у якім чорным па белым напісана, што больш як паўтысячы жыхароў Падляшша былі расстраляныя без судовага працэсу савецкімі жаўнерамі. Да гэтага часу невядома, дзе адбыўся расстрэл і дзе пахаваныя ахвяры сталінізму.

Аднак публікацыя згаданага дакумэнту дае падставу сваякам загінулых зьвяртацца ў суд з патрабаваньнем распачаць сьледзтва. Нявыключана, што хтосьці з адказных за забойства жывы да гэтага часу. Калі б Расея адмовілася праводзіць сьледзтва, то сваякі забітых маюць права зьвярнуцца са скаргай у Эўрапейскі трыбунал правоў чалавека ў Страсбургу.

Пошукам адказных за так званую “аўгустоўскую аблаву” (ад назвы Аўгустоўскага павету – ПР.) доўгі час займаўся Беластоцкі аддзел Інстытута нацыянальнай памяці. Матэрыялы справы выразна сьведчылі пра адказнасьць бальшавікоў, але не хапала афіцыйнага дакумэнту, які б гэта пацьвярджаў. Дзякуючы расейскаму гісторыку, які зьмясьціў яго ў сваёй кнізе – цяпер гэта магчыма.

Расея ня мае права адмовіцца ад правядзеньня сьледзтва, паколькі ў 1998 годзе падпісала Эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека. Менавіта дзякуючы гэтаму пагадненьню ў палякаў ёсьць права дамагацца праўды праз суд.

дг