• Скандал вакол турмы ЦРУ ў Польшчы
  • 30.05.2011

У Польшчы ў чарговы раз выбухнуў скандал вакол тайнай турмы CIA. Пракурор, які вядзе сьледзтва ў гэтай справе, быў звольнены напярэдадні прад’яўленьня абвінавачаньня. СМІ ды экспэрты заклікаюць урад раз і назаўсёды высьветліць гэтую справу.

Справа тайных турмаў CIA пачалася ў 2005 годзе, калі амэрыкаснкая газэта „Washington Post” напісала пра сыстэму сакрэтных турмаў у краінах Цэнтральнай Эўропы, якія выкарыстоўвала амэрыканская выведка дзеля нелегальнага затрыманьня асобаў, падазраваных у тэрарызьме. Неўзабаве правабарончая арганізацыя Human Rights Watch заявіла, што гэтыя турмы знаходзіліся ў Польшчы ды Румыніі.

Польскі ўрад выступіў неадкладна з абвяржэньнем абвінавачаньняў у спрыяньні CIA перавозіць ды ўтрымліваць сваіх вязьняў. Аднак у 2008 годзе польская пракуратура пачала сьледзтва ў гэтай справе. Паводле пракурора Ежы Мяжэўскага, які вёў гэтую справу, на тэрыторыі Польшчы была такая сэкрэтная турма. Паводле паведамленьня штодзёнкі “Gazeta Wyborcza”, пракурор зьбіраўся на днях прад’явіць абвінавачаньне, але яго адсунулі ад сьледзтва. Міністар юстыцыі Польшчы Кшыштаф Квяткоўскі адмовіўся камэнтаваць гэтую справу з-за таямніцы сьледзтва.

Кшыштаф Квяткоўскі: Гэтае сьледзтва ішло ўвесь час да падзелу функцыяў міністра юстыцыі ды генэральнага пракурора. Я не магу камэнтаваць і агучваць дэталі сьледзтва, якое яшчэ ня скончылася. Хто павінен весьці гэтае сьледзтва, вырашаюць іншыя асобы. Іх трэба й пытаць.

Польская палітычная сцэна падзялілася ў гэтай справе. Адныя палітыкі выступаць з абвяржэньнямі, а іншыя заклікаюць пракуратуру давесьці сьледзтва да канца ды высьветліць гэтую справу. Так, паводле словаў палітыка Саюза левай партыі (СЛД) дэпутата Рышарда Каліша, няма ніякіх фактаў, якія б даказвалі існаваньне ў Польшчы турмаў CIA. Сьледзтва цягнецца ўжо тры гады й не дало ніякіх вынікаў, зазначае палітык.

Рышард Каліш: Шмат разоў галоўныя асобы ў дзяржаве: прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, прэм’ер-міністар Лешэк Мілер казалі, што ў Польшчы не было ніякіх патаемных турмаў ЦРУ. На пачатку кіраваньня Грамадзянскай плятформы пракуратура пачала сьледзтва, калі кіроўная партыя й новы міністар юстыцыі яшчэ ня мелі досьведу. Да гэтага часу гэтае сьледзтва не дасягнула ніякіх вынікаў.

У сваю чаргу чалец кіроўнай партыі Грамадзянская плятформа й дэпутат ды кіраўнік камісіі па міжнародных справах польскага Сэйму Анджэй Галіцкі чакае ад пракуратуры заявы ў справе турмы ЦРУ, бо апроч заяваў палітыкаў няма ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт.

Анджэй Галіцкі: Тады кіраваў урад левай партыі, тагачасныя прэзыдэнт і прэм’ер-міністар абвяргалі гэтыя факты. Гэтаксама наступны прэзыдэнт, з партыі Права й справядлівасьць, Лех Качыньскі абвяргаў існаваньне турмаў. Апроч абвяржэньняў нам нічога больш невядома. Я хацеў бы, каб выказалася пракуратура, бо гэта адзіная крыніца, якая магла б нешта зьмяніць у параўнаньні з папярэднімі заявамі.

Вядомы экспэрт, дарадца прэзыдэнта Польшчы па міжнародных справах Роман Кузьняр лічыць, што пытаньне існаваньня тайнай турмы CIA ў Польшчы павінна быць высьветлена раз і назаўсёды. Гэтая справа зьяўляецца час ад часу й бударажыць грамадзкую думку.

Роман Кузьняр: Калі існавала гэта турма – гэта кепска. Так не павінна быць. Адзіны змякчальны элемэнт, што гэта існавала нядоўга й праз гэтую турму прайшла невялікая колькасьць людзей. Тут не было нейкага трагічнага маштабу. Мяне непакоіць найбольш тое, што польскія ўлады не да канца ведалі, што гэта было й што там адбывалася.

Паводле польскіх СМІ, пракурор хацеў прад’явіць абвінавачаньні чальцам папярэдніх урадаў у парушэньні Канстытуцыі, незаконным пазбаўленьні свабоды ды ўдзеле ў злачынстве супраць чалавецтва.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч