• Апазыцыя: катаваньні й турма - гэта адзіная форма дыялёгу уладаў з народам
  • Audio4.83 MB
  • 30.05.2011

Вялікія палітычныя прысуды актывістам дэмакратычнай апазыцыі, у тым ліку незалежным журналістам, фізычныя й псыхічныя катаваньні - гэта на сёньняшні дзень адзіны спосаб беларускіх уладаў весьці дыялёг з народам, заяўляюць праваабаронцы й прадстаўнікі беларускай апазыцыі.

Сёньня ў Варшаве адбылася прэс-канфэрэнцыя для прадстаўнікоў польскіх СМІ на тэму „Беларусь на мяжы краху”. Прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных сілаў зьвярталі ўвагу прысутных на факт, што хаця ад прэзыдэнцкіх выбараў прайшло амаль паўгоду, палітычныя апанэнты Лукашэнкі атрымліваюць жорсткія прысуды.

У прыватнасьці, кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што 19 сьнежня мінулага году ў Беларусі пачаўся новы гістарычны пэрыяд. У краіне няма сыстэмы правасудзьдзя й ніхто гэтага нават не хавае. Ход судовых працэсаў сьведчыць пра тое, што беларускія суды рэалізуюць палітыку адміністрацыі Лукашэнкі, а не незалежную судовую дзейнасьць. Паводле ягоных словаў, ня дзейнічае ніякая судовая сыстэма, у судах „адыгрываюць спэктакаль, дзе судзьдзя, адвакат і пракурор адыгрываюць напісаныя ім ролі”.

Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў прысутным журналістам, што за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах пачулі абвінавачаньні 43 чалавекі, у тым ліку 5 апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты.

22 чалавекі атрымалі прысуды ад 2 да 3,5 гадоў пазбаўленьня свободы, 10 асобаў асуджаны на 4-6 гадоў.

- Агульны час пазбаўленьня свабоды ўсіх вязьняў складае 100 гадоў, а агульны час пазбаўленьня свабоды ўмоўна альбо з адтэрміноўкай сладае 20 гадоў. Па сёньняшні дзень цягнуцца крымінальныя справы, а ўлады пакінулі за сабой магчымасьць прыцягненьня да адказнасьці чарговыя асобы. Статус падазронага альбо абвінавачанага маюць 18 чалавек,- падлічыў Дзьмітрыеў, дадаючы, што ў сувязі са сьледзтвам па крымінальнай справе праведзена 200 ператрусаў у кватэрах і офісах падазраваных грамадзянаў, актывістаў, палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў.

Кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Фонду прававых тэхналёгіяў Алена Танкачова паведаміла, што пасьля 19 сьнежня беларусы ўпершыню наўпрост сутыкнуліся з такой колькасьцю палітычных закладнікаў. На думку праваабаронцы, гэта сьведчыць аб тым, што Лукашэнка адчувае сябе зусім бяскарна.

- Адсочваючы ўсе працэсы, зьвязаныя з пасьлявыбарчымі падзеямі 19 сьнежня 2010 году, можам адназначна сьцьвердзіць, што вэрсіі адносна масавых беспарадкаў ніякім чынам не былі даказаныя. У прынцыпе не было доказаў, але гэта не перашкодзіла ў вынясеньні жорсткіх прысудаў,- сказала Танкачова.

Юрыстка падкрэсьліла, што адмысловую ўвагу міжнароднай думкі неабходна зьвярнуць на фізычныя й псыхічныя катаваньні, якія выконвалі замаскаваныя функцыянэры КДБ у дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты й іх бліжэйшых супрацоўнікаў.

- Арыштаваным не аказвалася мэдычная дапамога, якой яны патрабавалі. Іх пазбаўлялі доступу да юрыдычнай дапамогі, ускладняючы альбо пазбаўляючы магчымасьці кантактаў з адвакатам, - зазначыла Алена Танкачова. Яна зьвярнула ўвагу журналістаў на факт, што ў дачыненьні да юрыстаў, якія ўзяліся бараніць палітзьняволеных, Міністэрства юстыцыі Беларусі аказвае ціск, пазбаўляючы адвакацкіх ліцэзіяў і забараняючы кантактавацца са СМІ.

- Найбольш вялікай праблемай праваабаронцаў зьяўляецца немагчымасьць доступу ва ўстановы зачыненага тыпу, дзе няма магчымасьці маніторынгу, што там адбываецца і ў якім стане знаходзяцца асуджаныя, -дадала юрыстка.

На канфэрэцыі ў Варшаве прысутнічала Дар’я Корсак. Яе мужа прыгаварылі на 4 гады калёніі строгага рэжыму. Жанчына распавяла журналістам пра ўмовы ўтрыманьня ў Менскім СІЗА: „Абвінавачаныя знаходзіліся ў камэрах, дзе тэмпэратура паветра была 5-8 градусаў. Паколькі ў камэры не хапала ложкаў, некаторыя зь іх спалі на дошках пад ложкамі. Скарыстацца прыбіральняй маглі 2-3 разы ў дзень. Спаць ім прыходзілся тварам да моцнага сьвятла”.

Жанчына сказала, што стан здароўя шматлікіх вязьняў драматычна пагоршыўся, а некаторыя зь іх патрабуюць тэрміновай шпіталізацыі.

- Мой муж знаходзіцца ў калёніі строгага рэжыму, дзе праўдападоба прабудзе 4 гады. Адзінае, што можна зрабіць для яго й іншых вязьняў, адмовіца ад гандлю з Лукашэнкам і паставіць умову, што перамовы зь ім будуць магчымыя толькі тады, калі на свабоду выйдуць усе палітзьняволеныя,- зазначыла Дар’я Корсак.

Варшаўская канфэрэнцыя для прадстаўнікоў польскіх СМІ, зладжаная пры падтрымцы Польскага прэс-цэнтра, была першай з цыклю канфэрэнцыяў у эўрапейскіх сталіцах. Заўтра канфэрэнцыя заплянаваная ў Празе пры падтрымцы Асацыяцыі міжнародных адносінаў. У сераду яна пройдзе ў Брусэлі пры падтрымцы Дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю.

Канфэрэнцыі ладзіць Інфармацыйны офіс Бюро салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю з мэтаю зьвярнуць увагу заходняй прэсы на падзеі, якія адбываюцца ў цэнтры Эўропы.

Караліна Русіновіч