• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • Audio5.8 MB
  • 31.05.2011

Міністэрства сельскай гаспадаркі заклікае: купляйце польскую агародніну

Міністэрства сельскай гаспадаркі заявіла, што існуе мінімальная пагроза імпарту зь Гішпаніі ў Польшчу заражаных кішэчнай палачкай (Escherichia coli) агуркоў.

Тым ня менш, ведамства чарговы раз заклікала палякаў купляць выключна польскую агародніну.

Нагадваем, урад Гішпаніі зьвярнуўся да Нямеччыны з просьбай прысьпешыць аналізы на прысутнасьць бактэрыяў, якія апынуліся ў Гамбурзе хутчэй за ўсё зь гішпанскімі агуркамі. Дасьледаваньні працягваюцца таксама ў Гішпаніі. Іх вынікі будуць вядомыя найпазьней у сераду.

Віцэ-міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Анджэй Бутра лічыць, што нельга выключыць паставак на польскі рынак невялікай партыі заражаных агуркоў. І таму неабходна захаваць асьцярожнасьць:

Анджэй Бутра: Неабходна памятаць пра асноўныя прынцыпы гігіены: мыць альбо тэрмічна апрацоўваць агародніну. Гэта ў вялікай ступені абмяжуе магчымасьць інфэкаваньня.  

Тым ня менш ён нагадаў, што палякі купляюць агуркі ў Гішпаніі галоўным чынам зімой, паколькі цяпер на рынак паступае агародніна айчыннай вытворчасьці.

Анджэй Бутра: Зімой зь Гішпаніі палякі імпартавалі каля 9 тысячаў тонаў. Цяпер імпарт значна зьменшыўся. І таму можна сказаць, што ў такой сытуацыі зьмяншэньне імпарту для нас карыснае.

- лічыць віцэ-міністар сельскай гаспадаркі Анджэй Бутра. 

Нягледзячы на гэта, Міністэрства сельскай гаспадаркі раіць пытаць у прадаўцоў пра месца паходжаньня агародніны, і пры гэтым кожны гандляр павінен абавязкова даць адказ.

Нагадаем, у выніку інфэкцыі кішэчнай палачкай (Escherichia coli) у шпіталі знаходзіцца адна полька, якая вярнулася менавіта зь Нямеччыны. Да гэтага часу ў заходняй суседцы Польшчы памерлі 14 чалавек, а 1200 - інфэкаваныя.

Выпадкі інфэкцыі кішэчнай палачкай зафіксаваныя, між іншым, у Даніі, Аўстрыі, Вялікабрытані, Галяндыі й Швэцыі.

аз

У Мазавецкім ваяводзтве найбольшыя заробкі

У першым квартале бягучага году найбольшыя сярэднія заробкі мелі жыхары Мазавецкага ваяводзтва – амаль 4 600 злотых (каля 1 160 эўра)  без выліку падаткаў і сацыяльных страховак.

На другім месцы апынулася Сілескае ваяводзтва, на трэцім Ніжнесілескае: адпаведна 907 эўра і 881 эўра без выліку падаткаў і сацыяльных страховак.

Такім чынам розьніца між першым і апошнім месцам складае больш за 234 эўра.

Найменш у краіне зарабляюць жыхары Вармінска-Мазурскага, Падкарпацкага й Любускага ваяводзтваў – каля 755 эўра.

аз

 

Расьце колькасьць задоўжаных турбюро 

Цягам 2 апошніх гадоў на 80% павялічылася колькасьць задоўжаных трубюро й турагенцтваў, якія трапілі ў Агульнапольскі сьпіс даўгоў.

Дзеля параўнаньня: у 2009 годзе ў сьпіс былі ўнесены 92 фірмы, а ў траўні 2011 - ужо 166 кампаній.

Іх агульныя даўгі павялічыліся з 1 мільёна 340 тысячаў злотых (каля 340 тысячаў эўра) да 2 мільёнаў 170 тысячаў злотых (амаль 550 тысячаў эўра).

Паводле прадстаўнікоў Агульнапольскага сьпісу даўгоў, згаданая тэндэнцыя можа непакоіць, тым больш, што ў іншых галінах колькасьць задоўжаных фірмаў зьмяншаецца. У турыстычнай галіне сярод даўжнікоў дамінуюць сярэднія турбюро й турыстычныя агенцтвы, якія пасярэднічаюць у продажы тураў.

У мінулым годзе турыстычныя фірмы страцілі ў выніку вывяржэньня вулькана на Ісьляндыі, эканамічных праблемаў у Гішпаніі й Грэцыі ды паводкі ў Польшчы. У сваю чаргу іх сёлетнія даходы могуць зьменшыцца з-за рэвалюцый у Паўночнай Афрыцы. Даўгі турбюро й турыстычных агенцтваў - гэта найчасьцей незаплачныя рахункі за рэкляму, транспарт ды начлегі. Здараецца таксама, што турыстычныя фірмы ня плацяць грошай страхавым кампаніям. Таму варта дакладна праверыць турбюро, у якім хочам купіць тур.

аз

Нацыянальны парк «Татры» атрымаў грошы зь Мінфіна

З двухмесячным спазьненьнем Нацыянальны парк «Татры» атрымаў абяцаную Міністэрствам фінансаў датацыю.

Дзякуючы гэтаму працаўнікі парку атрымаюць зарплаты, можна будзе таксама заплянаваць рамонт горных турыстычных трасаў.

Тым ня менш, мясцовыя прафсаюзы не намерваюцца спыніць гатоўнасьці да страйку, паколькі на рахунак парку замест абяцаных 2 мільёнаў 200 тысячаў злотых (каля 550 тысячаў эўра) пераведзена толькі каля 2 мільёнаў (500 тысячаў эўра).

Станіслаў Скупень - старшыня Агульнапольскага аддзелу працаўнікоў нацыянальных паркаў прафсаюзу „Салідарнасьць” лічыць, што атрыманая сума малая й ня вырашыць усіх праблемаў.

Станіслаў Скупень: Грошы, якія мы атрымалі, гэта меншая, чым заплянаваная сума, а працаўнікі атрымалі зарплаты са спазьненьнем.  Апрача таго, пытаньні фінансаваньня нацыянальных паркаў надалей невядомыя. Таму мы не абвастраем пратэстацыйнай акцыі, але гатоўнасьць да страйку ўтрымліваем.

- заявіў  Станіслаў Скупень - старшыня Агульнапольскага аддзелу працаўнікоў нацыянальных паркаў прафсаюзу „Салідарнасьць”.

Фінансавыя праблемы нацыянальных паркаў у Польшчы ўзьніклі пасьля ліквідацыі дачынных прадпрыемстваў, якія прыносілі паркам істотную частку даходаў, перш за ўсё з турызму. Са студзеня ўсе атрыманыя паркамі даходы трапляюць у Варшаву, а адкуль у выглядзе датацыяў вяртаюцца назад у нацыянальныя паркі.

аз

Курс валютаў паводле НБП:

Эўра- 3.97 зл
Даляр- 2.78 зл
1 тысяча BYR- 0.57 зл

Падрыхтавала Анна Задрожна