• Іран зьбіраецца стварыць уласны Інтэрнэт
  • 31.05.2011

Іран зьбіраецца стварыць уласны Інтэрнэт, каб адмежаваць грамадзян ад “варожай” інфармацыі з-за мяжы, піша “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Калі Тэгерану ўдасца стварыць унутраную кампутарную сетку, то краіна можа цалкам адмовіцца ад традыцыйнага сеціва. Іранскія ўлады вельмі баяцца Інтэрнэту й лічаць яго сур’ёзнай пагрозай для сыстэмы. Менавіта дзякуючы сеціву, на мяжы 2009 і 2010 гадоў, дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы іранскіх гарадоў з пратэстам супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

“Наша сетка будзе цалкам адпавядаць прынцыпам ісламу, мы яе прыстасуем да мусульманскага этычнага ўзроўню”, – цытуе выданьне аднаго зь іранскіх чыноўнікаў і дадае, што разам з уласнай апэрацыйнай сыстэмай яна будзе ўяўляць цікавасьць для ўсяго ісламскага сьвету.

Калі іранскім уладам сапраўды ўдасца замяніць Інтэрнэт мясцовым аналягам, то Тэгеран далучыцца да невялікага сьпісу краінаў, якім у рознай ступені ўдалося дасягнуць абмежаваньня доступу грамадзян да сеціва: Паўночнай Карэі, Бірмы й Кубы.

“Gazeta Wyborcza” піша пра місію прэзыдэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ў Трыпалі. Учора сусьветныя СМІ паведамілі, што Джакаба Зума прыбыў у лібійскую сталіцу на перамовы з Муамарам Кадафі пра ўмовы яго сыходу з пасады. Аднак сам Зума зьняпраўдзіў гэтыя паведамленьні й заявіў, што яго задачай зьяўляецца як мага хутчэйшае спыненьне агню, павелічэньне гуманітарнай дапамогі, а таксама рэформы, якія дапамогуць ліквідаваць прычыну канфлікту.

Спадзявацца на тое, што Зума ўгаворыць Кадафі пакінуць пасаду прэзыдэнта, не выпадае. Лібійскі палкоўнік – гэта бліжэйшы саюзьнік Зумы. Цягам многіх гадоў дыктатар фінансаваў нацыянальна-вызвольныя рухі ў Афрыцы, у тым ліку й Афрыканскі народны кангрэс – партыю Джакаба Зумы.

Амэрыканскі палітоляг Джордж Іофэ сумняецца, што Зума прыбыў у Трыпалі праводзіць перамовы. “Кадафі спадзяецца, што Афрыканскі саюз пераканае NATO пайсьці на кампраміс”, – лічыць ён. Але пакуль гэта выглядае вельмі малаверагодна.

Вайсковая апэрацыя заходняй кааліцыі з кожным днём узмацняецца. Францыя й Вялікабрытанія зьбіраюцца высылаць у зону канфлікту баявыя верталёты. Брытанцы нядаўна заявілі, што іх паветраныя сілы плянуюць выкарыстоўваць ракеты Paneway III, якія здольныя прабіваць бункэры.

Сілы кааліцыі сьцьвярджаюць, што яны не зьбіраюцца забіваць Кадафі. Адзінае, чаго яны дабіваюцца – гэта націснуць на яго, каб той адмовіўся ад улады. Паводле брытанскай разьведкі, кожную ноч лібійскі дыктарар праводзіць у іншым шпіталі.

Пакідаць Лібію дыктатар ня хоча. “Ніхто ня ў праве патрабаваць ад яго пакінуць зямлю, дзе пахаваныя ягоныя продкі”, – кажа прэс-сакратар Кадафі Муса Ібрагім. Затое працягваюць уцякаць яго паплечнікі. Паводле тэлеканалу Аль-Арабія, 120 афіцэраў Кадафі ўцяклі ў Італію.

“Дыктатар ведае, што канфлікт зайшоў вельмі далёка й што атрымаць добрыя ўмовы капітуляцыі яму ўжо ня ўдасца, – піша выданьне. - Яго чакае ганьба й суд у Гаазе”.

“Вандроўка, а не тэлевізар” – так называецца нетыповая грамадзкая кампанія, якая днямі стартуе ў Польшчы. Пра яе піша “Rzeczpospolita”. Ініцыятары кампаніі дамагаюцца, каб 1 чэрвеня, у Дзень дзіцяці, дэпутаты Сэйму пашырылі сьпіс дзіцячых правоў. Яны хочуць, каб у дзяцей было права на суботу без тэлевізара й права на вандроўкі ў выходныя дні.

У 2010 годзе польскія бацькі праводзілі каля тэлевізару прыблізна 4 гадзіны ў дзень, а на выхадныя больш за 9.

Акцыю падтрымалі вядомыя ў Польшчы людзі. Сваім уласным прыкладам яны зьнішчаюць стэрэатыпы, што з малымі дзецьмі нельга выехаць у падарожжа. Вядомы падарожнік Марэк Каміньскі аб’ехаў са сваімі дзецьмі ня толькі ўсё Польшчу, але й Скандынавію, Турцыю, Італію. Падтрымала ініцыятву й Бэата Катэлка, якая разам з мужам і двумя дзецьмі (6 і 10 гадоў) зьдзейсьніла кругасьветнае падарожжа.

Дзецям неістотна, дзе яны будуць гуляцца: у гарах Бэскідах ці на пустыні Сахары, піша выданьне, галоўнае, каб гэты час правесьці разам з мамай і татай.  

дг