• Польскія бацькі сталі праводзіць зь дзецьмі больш часу
  • 01.06.2011

Урад Польшчы зацьвердзіў праграму старшынства ў Эўразьвязе. Функцыю прэзыдэнта ЭЗ Варшава пяройме ад Будапэшту 1 ліпеня. Кіраваць працамі эўрапейскай супольнасьці Польшча будзе да канца году. Пра пляны ўраду Дональда Туска піша сёньня “Gazeta Wyborcza”.

Прыярытэты польскага старшынства, шмат у чым дыктуюць бягучыя праблемы ЭЗ: крызыс у Грэцыі, праблемы зоны эўра й сытуацыя ў Паўночнай Афрыцы.

Паводле Туска, сытуацыя ў Лібіі сьведчыць аб тым, што Эўропе патрэбная супольная палітыка абароны. Варшава хоча значна палепшыць адносіны паміж Эўразьвязам і NATO. Асобным пунктам праграмы зьяўляецца харчовая бясьпека ЭЗ.

Туск зазначыў, што Польшча будзе імкнуцца паглыбіць эўрапейскую інтэграцыю, прасоўваць ідэю бясьпечнай і адкрытай Эўропы. “Мы будзем пераконваць нашых партнэраў у ЭЗ падтрымаць і ўзмацніць палітыку фінансавай падтрымкі бяднейшым краінам ЭЗ” – сказаў Туск, – гэта інтарэс ня толькі краін, якія атрымаюць гэтыя сродкі, але ўсёй супольнасьці”.

Польшча плянуе таксама распачаць перамовы пра будучы бюджэт ЭЗ, ды працаваць на карысьць павелічэньня эканамічнага росту дзякуючы разьвіцьцю ўнутранага рынку.

Трэці прыярытэт – гэта праца на карысьць пашырэньня Эўразьвязу. Існуе вялікая верагоднасьць, што падчас “польскага паўгодзьдзя” ў ЭЗ будзе падпісаная дамова аб супрацы з Украінай і пагадненьне аб асацыяцыі з Харватыяй. Польшча зьбіраецца паскорыць перамовы з Сэрбіяй, Чарнагорыяй і Малдавіяй.

Дональд Туск нагадаў, што ўвосень у Варшаве адбудзецца саміт “Усходняга партнэрства”.

Шмат увагі польская прэса надзяляе Дню дзіцяці, які сёньня адзначаецца ва ўсім сьвеце.

“Dziennik. Gazeta Prawna” піша пра цікавую тэндэнцыю сярод польскіх бацькоў, якія перасталі высылаць дзяцей на ўсемагчымыя заняткі й гурткі па інтарэсах, а самі сталі праводзіць зь дзецьмі больш часу.

Газэта піша пра маладую маму Юстыну, якая выхоўвае 2-гадовую дачку. Юстына нядаўна скончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт і на дадзены момант шукае працу. Шукаючы працу, яна зьвяртае ўвагу толькі на прапановы, дзе працадаўца не патрабуе быць на месцы працы да позяняга вечара. “Я хачу больш часу праводзіць са сваім дзіцем, каб яно ня вырасла эмацыйным калекам” – кажа Юстына.

“Dziennik. Gazeta Prawna” піша, што такіх бацькоў, як Юстына, якія хочуць сумяшчаць працу й выхаваньне дзяцей, у Польшчы становіцца ўсё больш. “У большасьці бацькоў дыплём ВНУ, яны гавораць на 2-3 мовах, але зь дзяцінства памятаюць толькі стомленых працаю бацькоў, якія намагаліся ўзвышацца на кар’ернай лесьвіцы й ня мелі часу на шпацыр і кіно” – гаворыць выданьню доктар Бажэна Кшыжаноўска з Унівэрсытэту ў Зялёнай Гуры.

Пра сёньняшніх маладых бацькоў Кшыжаноўска кажа, што яны абсалютна ня ўмеюць гаварыць пра свае эмоцыі, паколькі выхоўваліся ў сем’ях, дзе бацькі мала размаўлялі зь дзецьмі. “Сёньня яны, маладыя, хочуць жыць інакш” – кажа яна.

Новая зьява добра бачная на прыкладзе садкоў. Яшчэ 2-3 гады таму большасьць бацькоў пакідала дзяцей з выхавацелямі на 10, а то й 12 гадзінаў. Сёньня ж гэта ня больш за 9 гадзінаў.  Маладым бацькам спрыяюць і працадаўцы, якія ўсё больш дастасоўваюцца да іх бацькоўскай ролі. Многія фірмы дазваляюць працаўнікам самім выбіраць час працы, а некаторыя ня супраць, каб працаўнік рабіў працу дома.

Летась у Польшчы ўвялі выхаваўчыя адпачынкі для татаў. Спачатку на іх спакусіліся 75 чалавек, але сёлета іх было ўжо 3 тысячы.

Пэдагог Аляксандра Пятроўска кажа, што польскія бацькі пачалі разумець: інвэставаць у дзяцей – гэта ня толькі рабіць ім дарагія падарункі, але ўдзяляць больш увагі. Вынікі дасьледаванья, якія правяла Пятроўска, сьведчаць аб тым, што дзеці, зь якімі бацькі праводзяць вольны час, вырастаюць больш крэатыўнымі й эмацыйна сьпелымі.

Калі верыць дасьледаваньню Аляксандры Пятроўскай, то самыя крэатыўныя дзеці жывуць у Нарвэгіі. Урад гэтай краіны зьбіраецца павялічыць бацькоўскі адпачынак па выхаваньні за дзецьмі для маладых татаў да 12 тыдняў. “А праз два гады ён будзе павялічаны да 14 тыдняў” – піша „Rzeczpospolita”.

Дарэчы, Нарвэгія стала першай краінай у сьвеце, якая ўвяла бацькоўскія адпачынкі для татаў. Гэта сталася ў 1993 годзе, тады адпачынак складаў роўна адзін месяц. Дзякуючы гэтаму, бацькі ў Нарвэгіі зразумелі, што выхаваньне дзіцяці – гэта ня толькі справа мамы.

Нарвэскія тата й мама маюць права да 46 тыдняў бацькоўскага адпачынку, які аплочваецца ў 100%. Калі бацькі жадаюць павялічыць яго на 10 тыдняў, то атрымаюць за адпачынак 80% ад заробку.

У Ісьляндыі дык наогул муж і жонка маюць па 3 месяцы аплачванага адпачынку. Чарговыя тры мясяцы яны маюць права падзяліць па ўласным жаданьні.

Але ня ўсё так цудоўна і ў багатай Эўропе. Галяндзкія таты маюць права на 2 дні адпачынку, у Швайцарыі – 3, у Латвіі – 10, у Францыі – 11.

дг