• Латушку, як і Ярмошынай, вельмі хочацца ў Парыж
  • 02.06.2011

Пра “шлягбаўм” для беларускіх артыстаў піша “Gazeta Wyborcza”. Міністэрства культуры Беларусі забараніла прыезд на гастролі ў Польшчу найстарэйшаму беларускаму драматычнаму тэатру – Тэатру імя Янкі Купалы.

Летась акторы Купалаўскага паставілі ў Варшаве спэктакль “Пінская шляхта”. Мясцовы тэатральны бамонд сустрэў яго тады на “ўра”. Цяпер Купалаўскі тэатар плянаваў выступіць на Днях беларускай культуры ва Ўроцлаве. Білеты на спэктакль былі прададзеныя, у горадзе і цяпер вісяць афішы, якія запрашаюць на пастаноўку.

Мікола Іваноў, арганізатар беларускага фэстывалю ў сталіцы Ніжняй Сілезіі, распавядае, што некалькі дзён таму яму патэлефанаваў дырэктар тэатру й паведаміў, што ўлады забаранілі акторам выяжджаць у Польшчу. “Зь яго словаў я зразумеў, што ўлады баяцца палітычнай правакацыі супраць Аляксандра Лукашэнкі” – гаворыць газэце Іваноў.

Правакацыя гэта, відаць, адзін з пунктаў праграмы: “Вечар салідарнасьці зь беларускім народам”, у якім возьмуць удзел Аляксандар Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевічам. Паводле Іванова, рашэньне, хутчэй за ўсё, прыймаў міністар культуры Павал Латушка. Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што неўзабаве яго могуць прызначыць паслом у Францыі, таму, відаць, ён вырашыў не спакушаць лёс і пайшоў на прэвэнтыўныя меры.

Аб рашэньні ўладаў Беларусі шкадуе эўрадэпутат Яцэк Пратасевіч, які ў Эўрапарлямэнце ўзначальвае групу па кантактах зь Беларусьсю. “З аднаго боку ўлады просяць палегчыць візавы рэжым для беларусаў, а зь іншага боку – забараняюць ім выяжджаць за мяжу” – кажа ён і абяцае, што на днях пра гэты інцыдэнт будуць паінфармаваныя эўрадэпутаты.

Ажно дзьве паласы ў штодзёнцы “Gazeta Wyborcza” займае інтэрвію са старшынём польскага Пэн-клюбу, перакладчыкам беларускай літаратуры Адамам Паморскім. У займальнай размове з журналісткай Яаннай Шчэнснай ён распавядае пра беларускую літаратуру, мову й гісторыю. Нагодай для гутаркі стала анталёгія беларускай паэзіі ад 15 да 20 ст., выдадзеная па-польску. Кніга называецца “Nie chyliłem czoła przed mocą”.

“Калі гаворка ідзе пра літаратуру, то мы, палякі, не павінны сябе называць старэйшымі братамі беларусаў, і казаць, што яны, беларусы, маўляў, гадуюцца пад нашай рукою” – гаворыць Адам Паморскі. Паэта й перакладчыка моцна ўражвае “жывучасьць” беларускай літаратуры, беручы пад увагу факт, што існаваньне беларускай мовы і ўвогуле беларускага народу шмат разоў “вісела на валаску”. Ён праводзіць паралель зь ірляндцамі, якія маюць моцную самасьвядомасьць, але практычна цалкам страцілі мову. У Беларусі ж, дзе большасьць людзей размаўляе па-расейску, літаратура амаль цалкам ствараецца на мове тытульнай нацыі.

Пасьля сотняў гадоў акупацыі, закрыцьця беларускіх школаў, палянізацыі й русіфікацыі, а тым больш фізычнага зьнішчэньня інтэлігенцыі, беларусу хочуць пісаць па-беларуску, кажа Паморскі. Ён упэўнены, што зьнішчыць беларускую мову ўжо нікому ня ўдасца.

Паморскі дастаткова сьмела кажа пра польскія “грахі” перад беларусамі: і пра прымусовую палянізацыю, і пра Рыжскую мірную дамову, і пра пастаянныя ўзгадкі аб Крэсах. Дарэчы, паводле Паморскага, у выпадку Беларусі пра ніякія Крэсы ня можа быць і гутаркі, бо Рэч Паспалітая была дзяржавай двух народаў.

На апошняе пытаньне інтэрвію - чаму вас навучыў пераклад беларускай паэзіі, Паморскі адказвае: “Я зьдзівіўся, што мы так мала ведаем ня толькі пра паэзію, але ўвогуле пра Беларусь і беларусаў. Мы жывем на памежжы, у Польшчы жыве вялікая грамада беларусаў, шмат беларусаў прыяжджае да нас у госьці, а натоўпы палякаў езьдзяць у Беларусь. Нашае ўзаемнае культурнае знаёмства зьнікла ў чорнай прорве цэнзуры некалькіх сыстэм. Ня ведаючы гісторыі Беларусі, мы ня будзем ведаць і сваю”, - кажа Адам Паморскі. 

Польшча – гэта сапраўдны рай для замежных гадлёвых марак. Сёньня ў краіне працуе больш за 30% глябальных канцэрнаў, піша “Dziennik. Gazeta Prawna”. Сёлета чакаецца зьяўленьне 10% новых марак.

Пасьля Нямеччыны Польшча зьяўляецца самым прывабным розьнічным рынкам у Эўропе, на цэнтральным Усходзе й Афрыцы.

Уладкавацца на польскім рынку хочуць італьянскія й францускія фірмы па вытворчасьці вопраткі й абутку, а таксама кампаніі рэстараннага бізнэса. Гаворка ідзе пра гандлёвыя салёны плошчай 1500 кв. мэтраў. Гэта, пераважна, крамы з эксклюзіўнымі таварамі.

Паводле сацыялягічнай службы GFK Poloniа, фінансавая здольнасьць коднага паляка складае прыблізна 9 тыс. даляраў.

дг