• Польскае рэха афганскай вайны
  • 02.06.2011

У Польшчы нядаўна скончыўся гучны працэс па гэтак званай справе Нангар Хэль. Суд апраўдаў усіх абвінавачаных. Гэтую навіну шырока камэнтуюць экспэрты ды СМІ.

Вайсковы акруговы суд у Варшаве апраўдаў усіх абвінавачаным у справе Нангар Хэль. Нагадаем, у жніўні 2007-га году польскі патруль, ратуючы сваіх калегаў, якія трапілі ў засаду, абстраляў з буйнакалібернага кулямёта ды мінамётаў пабліскую вёску Нангар Хэль, адкуль, паводле іх меркаваньня, вёўся агонь. У выніку абстрэлу загінулі афганскія мірныя жыхары.
Польскі суд прызнаў, што няма доказаў злачынства з боку польскіх вайскоўцаў. Пракуратура не пагаджаецца з вэрдыктам ды абяцае абскардзіць прысуд. Маўляў, сабраныя следзтвам матэрыялы сьведчаць пра віну жаўнераў.
Гэтую сытуацыю камэнтуе Гжэгаж Галдановіч, галоўны рэдактар часопіса „Войска-Тэхніка-Абарона”. Ці гэта справядлівы прысуд?

Гжэгаж Галдановіч: Я з самага пачатку лічыў, што жаўнеры былі невінаватыя. Яны дзейнічалі ў зоне ваенных дзеяньняў, і там цяжка застрахавацца ад памылак. Нашы жаўнеры памыліліся альбо гэта быў нешчасьлівы выпадак... Я пазытыўна ацэньваю іх апраўданьне судом. Шкада, што гэта цягнулася так доўга й што справа зрабілася вельмі гучнай, выкарыстоўвалася ў прапагандысцкіх мэтах. Я спадзяюся, што больш ня будзе такіх дзеяньняў, і за іх нехта адкажа. Я спадзяюся, што гэты прысуд увойдзе ў сілу.

Чаму гэтае следзтва так доўга цягнулася?

Гжэгаж Галдановіч: Гэта была ня простая справа, неабхожна было правесьці мноства экспэтызаў, экпэрымэнтаў, бо гэта новая справа для польскіх юрыстаў ды вайскоўцаў. Апроч таго, справа мела палітычны характар. Я спадзяюся, што ў будучыні ня будзе больш палітычных гульняў вакол такіх справаў. Бо гэта не міратворчая місія, а вайсковая місія. Адзіны пазытыў – гэта досьвед польскіх юрыстаў, які яны выпрацавалі падчас гэтай справы.

З боку праваахоўных ворганаў быў вельмі жорсткі падыход да жаўнераў. Хто павінен адказаць за гэта?

Гжэгаж Галдановіч: Я ня ведаю, я не бачыў дакумэнтаў. Не ведаю, хто загадаў іх арыштаваць на досьвітку, выцягнуць з дому ды надзець кайданкі. Я ведаю, што гэтую справу можна было вырашыць інакш, не парушаючы гонар мундзіру, не крычучы пра гэта ва ўсіх СМІ, не аплёўваючы нашых жаўнераў. Бо да іх паставіліся як да ўдзельнікаў нейкай банды, як да злачынцаў! Гэта было нешта неверагоднае!

Што цяпер будзе з гэтымі жаўнерамі ды зь іх кар’ерамі пасьля ўсёй гэтай чорнай прапаганды?

Гжэгаж Галдановіч: Тое, што вакол іх адбываецца – гэта дзін бок мэдалю. Калі яны надалей захочуць служыць у войску пасьля ўступленьня ў сілу прысуду, гэтая справа не паўплывае на іх кар’еру, бо гэтага прысуду ня будзе ў іх справах. Зь іншага боку я спадзяюся, што ў будучыні больш ня будзе падобных пытаньняў ды дылемы выбару. Крымінальныя злачынствы падчас вайсковых дзеяньняў павінны карацца й перасьледавацца. Але такога злачынства не было ў выпадку бою пад Нангар Хэль.

Справа ў тым, што ваеннае злачынства – гэта сьвядомае дзеяньне, накіраванае на зачыстку ці зьнішчэньне мірнага насельніцтва. Тут жа польскія вайскоўцы стралялі па пазыцыях талібаў на падставе дадзеных разьведкі. Акрамя таго, у іх не было высокадакладнай зброі. Мінамёт, паводле словаў экспэрта, такой зброяй не зьяўляецца.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч