• Цэнтральная Эўропа – незачыненая старонка гісторыі
  • 05.06.2011


ІІ сусьветная вайна па сёньняшні дзень адгукаецца ў краінах Цэнтральнай Эўропы. Польшча нядаўна асэнсоўвала масавыя забойствы мірнага габрэйскага насельніцтва ў Ядвабнэ. Цяпер урад Летувы хоча ўшанаваць памяць загінуўшых у Панарах.

Падчас ІІ сусьветнай вайны фашысты пры падтрымцы летувіскіх нацыяналістаў растралялі ў Панарах непадалёк ад Вільні каля 100 тысяч чалавек, у асноўным габрэяў ды палякаў.
Урад Летувы плянуе ўвесьці ў праграмы навучаньня гэтую тэму – злачынства ў Панарах. Створаны экспэртны калектыў з удзелам спэцыялістаў з суседніх краінаў, які распрацоўвае канцэпцыю навучаньня. Такім чынам афіцыяная Вільня хацела бы зачыніць трагічную ды непрыемную старонку сваёй гісторыі, разпаўсюджваючы ў грамадзтве веды пра тыя падзеі.
Ёсьць шанец на пералом у справе злачынства ў Панарах, лічыць Пётр Цывіньскі, дырэктар Дзяржаўнага музэю Аўшвіц-Біркэнаў. Пётр Цывіньскі бярэ ўдзел у працы экспэртнай групы, якая распрацоўвае вышэйзгаданую канцэпцыю.

Пётр Цывіньскі: У гэтым бярэ ўдзел прэм’ер-міністар ды міністар культуры, запрошана некалькі экспэртаў. Пачалася экспэрцкая дыскусія на гэтую тэму. Выглядае ўсё шматабяцальна. Аднак пакуль што мы не працуем на этапе вызначэньня зьместу, канкрэтыкі. Пакуль усё на ўступным этапе. Але размовы ішлі на вельмі добрым узроўні, без аніякіх табу, без аніякіх комплексаў з усіх бакоў.

Летувісы прынялі на сябе абавязацельства, што да канца году падрыхтуюць агульную канцэпцыю. На думку Пятра Цывіньскага, у справе ўшанаваньня памяці растрэлаў у Панарах ды ўвогуле падзеяў ІІ сусьветнай вайны найважнейшая рэч – адукацыя.

Пётр Цывіньскі: Сюды павінны прыяжджаць вучні, каб там на месцы зразумець гэтую гісторыю. Я лічу, што ёсьць вельмі моцнае палітычнае жаданьне, каб упарадкаваць гэтую тэму. Яшчэ не было канкрэтных рашэньняў. Пакуль толькі была дэклярацыя, што ёсьць жаданьне заняцца гэтай тэмай. Нас пыталі пра тое, якія мы бачым прыярытэты ды цяжкасьці. Як можа дзейнічаць такое месца памяці як сярод грамадзтва, так і ў геаграфічнай прасторы.

У Панарах расстрэльвалі інтэлегенцыю, жаўнераў АК, габрэяў, цыганоў, летувісаў ды палонных чырвонаармейцаў. Гісторык зь Інстытуту нацыянальнай памяці, доктар гістарычных навук Патрык Пляскот нагадвае, што панарскія растрэлы можна параўнаць з катыньскім злачынствам. Тут забілі прадстаўнікоў польскай інтэлегенцыі на Віленшчыне. У асноўным расстрэламі займаліся летувіскія шаўлісы – прадстаўнікі вайсковых арганізацыяў, якія былі на службе гітлераўцаў.

Патрык Плескот: Тут адбываліся жудасныя рэчы. Тут можна казаць пра генацыд, экстэрмінацыю ня толькі польскага насельніцтва, але ў першую чаргу габрэйскага. Агулам лічыцца, што з 1941 па 1944 гады там забіта як мінімум 100  тыс. чалавек, большасьць зь іх, недзе 60-70%, гэта габрэйскае насельніцтва польскага ды расейскага паходжаньня (грамадзянства). Сымбалічнай датай пачатку гэтага злачынства лічыцца 27 верасьня 1941 году, калі расстралялі першую партыю зь некалькіх соцен палякаў, прадстаўнікоў віленскай інтэлегенцыі. Адной з мэтаў гэтай акцыі было зьнішчэньне элітаў, таксама як у Катыні, ці падчас зондэр-акцыі «Кракаў». Гэта рабілі летувіскія нацыяналісты, якія бачылі ў хаўрусе зь Гітлерам магчымасьць этнічнай зачысткі летувіскай тэрыторыі ды магчымасьць стварэньня летувіскай дзяржавы ў супрацы з фашыстамі. Безкамраміснасьць нацыстаў прывяла да таго, што гэты рух калябарантаў ня змог разьвіцца ў большай ступені, бо немцы не хацелі ісьці на такія саступкі ў дачыненьні да летувісаў. Гэта была маргінальная, але даволі заўважальная група, якая зьдзейсьніла мноства злачынстваў.

Паводле падлікаў гісторыкаў, у Панарах растраляна каля 20 тысяч  чалавек польскай нацыянальнасьці: гімназістаў, студэнтаў, унівэрсытэцкіх выкладчыкаў, ксяндзоў, прадстаўнікоў інтэлегэнцыі ды жаўнераў Арміі Краёвай. Летувіскі бок узяў на сябе абавязак уключыць гэтую тэму – масавыя расстрэлы ў Панарах – у праграму навучаньня. Да канца году павінна зьявіцца агульная канцэпцыя.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч