• Дзеці іншаземцаў – нявінныя закладнікі бацькоўскіх праблемаў
  • Audio2.97 MB
  • 03.06.2011

Грамадзкія арганізацыі, якія займаюцца абаронай дзіцячых правоў, заклікаюць да ўвядзеньня ў Польшчы забароны разьмяшчаць непаўнагадовых дзяцей іншаземцаў ва ўстановах зачыненага тыпу, пазбаўляючы іх гэтым самым усялякіх кантактаў з бацькамі й блізкімі. 

Прадстаўнікі фундацыі „Апрача межаў” перадалі дарадчыку польcкага прэзыдэнта Генрыку Вуйцу пэтыцыю ў справе пашаны польскімі ворганамі правоў дзяцей іншаземцаў, нават тых, якія знаходзяцца ў краіне нелегальна.

Яанна Бранавіцкая з фундацыі „Апрача межаў” тлумачыць, шо пэтыцыя да прэзыдэнцкай пары закранае справы дзяцей іншаземцаў у Польшчы, але ня толькі.

Яанна Бранавіцкая: Яна датычыць доступу да мэдычных паслугаў дзяцей і цяжарных жанчынаў. Калі гэтыя асобы ня маюць урэгуляванага статусу альбо страхоўкі, яны пазбаўленыя магчымасьці карыстацца мэдычнымі паслугамі. Мы хочам, каб заканадаўчыя ўлады ўзялі пад разгляд магчымасьць легалізацыі ў Польшчы сем’яў, якія xочуць зьвязаць свой лёс з нашай краінай.

Усё часьцей ва ўстановы для іншаземцаў зачыненага тыпу трапляюць дзеці з-за нядбайнасьці ці бездапаможнасьці бацькоў, - тлумачыць Агнешка Горлях з Цэнтра юрыдычнай дапамогі. Пераважна гэта дзеці нелегальных эмігрантаў. Нелегалы баяцца зьвяртацца па якую-колечы дапамогу, у выніку чаго нявінна церпяць дзеці. Прадстаўнікі польскіх сацыяльных ворганаў вырашаюць гэтую праблему даволі проста, забіраючы дзяцей бацькам и зьмяшчаючы ў такія ўстановы.

Агнешка Горлях: Дзеці вельмі часта трапляюць у такія пляцоўкі, паколькі іх бацькі знаходзяцца ў Польшчы нелегальна. У сувязі з гэтым, парушаючы канвэнцыю аб правах дзіцяці, дзеці пакараныя за тое, што зрабілі іх бацькі. Знаходзячыся ў такіх установах, яны практычна пазбаўленыя права на адукацыю, а гэта ў сваю чаргу супярэчыць прынцыпам Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму дзіцяці права й абавязак адукацыі.

Летась ва ўстановы зачыненага тыпу патрапіла 375 непаўнагадовых іншаземцаў. Давід Цэгелка з Таварыства юрыдычнай дапамогі  зазначае, што дзеці заходзяцца ў гэтых пляцоўках нават па 12 месяцаў, на дадатак у вельмі складаных умовах, што нэгатыўна ўплывае на псыхіку дзяцей.

Давід Цэгелка: Знаходзяцца яны за агароджай, у памяшканьнях з закратаванымі вокнамі. Маюць вельмі абмежаваны доступ да сьвежага паветра, абмежаваны доступ да адукацыі. Утрыманьне гэтых дзяцей у такіх установах не прыносіць ніякіх эфэктаў. Больш за тое, дзеці зьяўляюцца закладнікамі бацькоў, альбо ахвярамі дзеяньняў бацькоў.

На дадзены момант вядзецца праца над навэлізацыяй Закону аб іншаземцах. Агнешка Горлях з Цэнтра юрыдычнай дапамогі заклікае аўтараў закону ўзяць пад увагу правы дзяцей іншаземцаў. Сярод прапановаў грамадзкіх арганизацыяў ёсьць больш практычныя мэтады супрацы паміж польскімі ворганамі й іншаземцамі, у прыватнасьці хатнія візыты прадстаўнікоў сацыяльных службаў.


Караліна Русіновіч