• Беларускія паэты выступілі разам зь нямецкімі, польскімі ды нарвэскімі аўтарамі
  • Audio3.42 MB
  • 03.06.2011

У літаратурным вечары, які прайшоў у чацьвер у Кракавае, узялі ўдзел 9 творцаў з 4 краінаў. Усея яны – стыпэндысты фонду “Віла Дэцыя” і ўдзельнікі праграмы “Дагні”.

Назва праграмы паходзіць ад імя Дагні Пшыбышэўскай – жонкі польскага паэта-мадэрніста Станіслава Пшыбышэўскага, нарвэжкі па нацыянальнасьці. На пераломе XIX і XX стагодзьдзя нарвэская піяністка была сапраўднай музай літаратараў-дэкадэнтаў у Нарвэгіі, Даніі, Польшчы й Нямеччыне.

Пра гэта нам распавяла каардынатар праграмы Рэната Сэрдэніцка.

Р. Сэрдэніцка: “Віла Дэцыя” ўжо шмат гадоў арганізуе стыпэндыяльныя праграмы для замежных артыстаў. Назвы праграмаў часта зьмяняюцца ў залежнасьці ад іх удзельнікаў. Калі раней мы запрашалі пісьменьнікаў з Польшчы, Нямеччыны, Украіны ды Беларусі, то цяпер мы запрасілі таксама нарвэскіх літаратараў. У сувязі з гэтым мы прыгадалі постаць Дагні Пршыбышэўскай. Мала хто ведае, што яна перакладала польскую літаратуру на нарвэскую мову. Калі ёсьць стыпэндыяльныя праграмы “Эразмус” ці “Леанарда”, то мы вырашылі, што можам стварыць стыпэндыю “Дагні”.

У чацьвер ўдзельнікі праграмы пазнаёмілі польскую публіку са сваімі творамі. Побач з польскімі й нарвэскімі літаратарамі, на міжнародным літаратурным вечары выступіла беларуская паэтка й журналістка Ірына Хадарэнка, а таксама музыкант і паэт Павал Надольскі.

Літаратурны вечар праходзіў у незвычайным фармаце, які называецца “адкрыты мікрафон” – распавядае Рэната Сэрдэніцка.

Р. Сэрдэніцка: Звычайна на літаратурнай сустрэчы прысутнічае адзін аўтар і асоба, якая праводзіць сустрэчу. А мы маем адразу 9 аўтараў. Таму мы выбралі формулу “адкрытага мікрафону”. Мадэратар прадстаўляе пісьменьнікаў, запрашае іх да мікрафону. Кожны літаратар прадстаўляе свой твор і ўдзельнічае ў дыскусіі. “Адкрыты мікрафон” – гэта назва літаратурнага конкурсу, які штогод праходзіць у Бэрліне. Мы вырашылі, што такі фармат найлепей падыходзіць для нашай сустрэчы й назвалі яе гэтаксама.

Паводле якіх крытэрыяў выбіралі ўдзельнікаў праграмы “Дагні”? Якім чынам літаратары з розных краінаў могуць быць запрошаныя ў Кракаў?

Р. Сэрдэніцка: Мы разьмяшчаем інфармацыю пра нашыя стыпэндыяльныя праграмы на інтэрнэт-старонцы www.villa.org.pl, высылаем паведамленьні да літаратурных інтэрнэт-парталаў. Мы просім аўтараў выслаць сваю біяграфію, апісаць свае літаратурныя дасягненьні, часам выслаць да нас свой тэкст. Затым зьбіраецца камісія, у якой бяруць удзел нашыя замежныя партнэры. Яна выбірае найлепшыя творы. Часьцей за ўсё мы выбіраем літаратараў, якія маюць хаця б адну апублікаваную кнігу. Большасьць нашых стыпэндыстаў – гэта маладыя аўтары, якія пішуць цікавыя добрыя тэксты.

Гэты год – заключны для літаратурнай праграмы “Дагні”, у якой бяруць удзел беларускія паэты. Яна завершыцца фэстывалем “Дагні. Раман культур”, які пройдзе ў Кракаве з 6 па 8 кастрычніка.


Аляксандар Папко