• Францыя на баку Польшчы
  • 04.06.2011

Францыя на баку Польшчы - піша „ Rzeczpospolita ”. Прэм’ер –міністар Дональд Туск падчас візыту ў Францыю атрымаў ад важнага саюзьніка падтрымку перад польскім старшынствам ў ЭЗ.

Францыя знаходзіцца ў ліку краін, найбольш непрыхільных ідэі пашырэньня ЭЗ. Аднак прэзыдэнт Сарказі абяцаў, што яго дзяржава ня будзе перашкаджаць перамовам з Украінай. Польшча хоча таксама, каб падчас старшынства ў ЭЗ былі пахутчаны перамовы з Сэрбіяй, Чарнагорыяй і Малдовай, а таксама падпісана дамова з Харватыяй аб далучэньні. Польскія ўлады могуць таксама разьлічваць на падтрымку праекту Ўсходняга партнэрства. Нікаля Сарказі ня выключыў удзелу ў саміце партнэрства, які ў верасьні пройдзе ў Варшаве.

Посьпехам трэба таксама лічыць тое, што ўдалося ўгаварыць Францыю не блякаваць здабычы сланцавага газу ў Польшчы. Некалькі тыдняў таму французкія ўлады ўвялі ў сябе забарону на здабычу гэтага віду паліва, паколькі тэхналягічны працэс здабычы шкодны для навакольнага асяродзьдзя. «Мы дамовіліся, што Францыя будзе нэйтральнай у пытаньні магчымай здабычы сланцавага газу ў Польшчы»,– заявіў польскі прэм’ер-міністар.

Пра вынікі візыту Дональда Туска ў Францыю піша „Rzeczpospolita”

Небясьпечная бактэрыя стала прычынай сварак у Эўразьвязе, - піша на першай паласе „Rzeczpospolita”.

Хвароба, выкліканая невядомай да нядаўняга часу бактэрыяй, зьбірае ўсё большы плён. Колькасьць хворых у Нямеччыне перакрочыла 2 тысячы, улады мяркуюць, што іх будзе больш. Памерлі 19 чалавек. Гаворыцца, што гэта эпідэмія. Нягледзячы на высілкі, не ўдалося вызначыць крыніцы заражэньня. Працягваюцца пошукі вінаватых. Гішпанія дамагаецца ад Нямеччыны «рэабілітацыі» сваёй агародніны. Зыскі супраць Гамбурга плянуюць падаць гішпанскія плянтатары, падобнага кроку не выключае таксама ўрад Гішпаніі. Улады Гамбурга 22 траўня распаўсюдзілі інфармацыю, што людзі заражаюцца пасьля спажываньня гішпанскіх агуркоў.

17 чэрвеня плянуецца сустрэча міністраў Эўразьвязу й камісараў аховы здароўя й сельскай гаспадаркі, якая будзе прысьвечаная барацьбе з хваробай. Не выключаецца, што будзе прынята рашэньне пра ўзмоцнены кантроль грузаў.

За заўзятараў у трамваі заплаціць УЭФА, - паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

Праезд на гарадзкім транспарце на матчы EURO 2012 будзе бясплатны. Гэта вельмі добрая навіна, асабліва ў супастаўленьні з інфармацыяй аб праблемах з будаўніцтвам дарог і стадыёнаў. Білет на матч будзе адначасова талонам на праезд на трамваі, аўтобусе, прыгарадным цягніку ці мэтро.
Такое вырашэньне УЭФА праверыла ўпершыню падчас EURO 2008 у Аўстрыі і Швайцарыі. І менавіта эўрапейская футбольная арганізацыя заплаціць за перавозку балельшчыкаў. У выніку камунікацыйныя фірмы не панясуць стратаў. Адначасова ўлады гарадоў, дзе заплянаваныя матчы чэмпіянату, укладаюць немалыя грошы ў абнаўленьне парка аўтобусаў ды трамваяў.

«Скрытая галеча ў школах», - застаемся на старонках „GW”. Узровень матэрыяльнага забесьпячэньня бацькоў вельмі розны, і часам праяўляецца нечакана ў розных акалічнасьцях.

Частка вучняў атрымлівае бясплатныя абеды ў школах, іншыя не выяжджаюць на экскурсіі, кошт якой крыху больш за 100 даляраў. Але бывае, што трэба адмяніць экскурсію, якая каштуе ўсяго некалькі дзясяткаў злотых, таму што ня ўсе вучні могуць сабе на гэта дазволіць.
Больш багатыя вучні ўцякаюць ад тых бяднейшых, у сваю чаргу менш заможным дзецям сорамна, што яны паходзяць з такіх сем’яў. Якім чынам павінны паводзіць сябе настаўнікі перад абліччам рознага матэрыяльнага ўзроўню дзяцей? Найперш праводзіць адмысловыя ўрокі. Сцэнары такіх заняткаў ужо распрацаваныя – паведамляе „GW”.

За 22 гады ад часткова свабодных парлямэнцкіх выбараў у Польшчы не ўдалося вывесьці з заканадаўства ўсіх пунктаў родам з ПНР, - піша „Rzeczpospolita”.


Сёньня спаўняюцца ўгодкі гістарычных выбараў 4 чэрвеня 1989 году. Аднак Польшча па сёньняшні дзень ня здолела адарвацца ад мінулай эпохі. У многіх заканадаўчых актах гаворыцца пра Польскую Народную Рэспубліку, існуе мноства састарэлых юрыдычных дакумэнтаў. Дзіўна, што парлямэнтары за гэтыя 22 гады не пасьпелі памяняць ці адмяніць часам проста сьмешныя акты. Напрыклад, ёсьць такі пункт закону: „Галоўным рэдактарам газэты ці часопіса ня можа стаць грамадзянін, які прыгавораны за злачынствы супраць асноўных палітычных і эканамічных інтарэсаў Польскай Народнай Рэспублікі”. Таксама іншыя прыклады юрыдычных архаізмаў зь мінулай эпохі ў польскім заканадаўстве прыводзіць „Rzeczpospolita”.

яс