• Агляд друку
  • 06.06.2011

“Gazeta Wyborcza” друкуе артыкул пад назвай “Калёнія Беларусь”. А чаму калёнія? Газэта тлумачыць: рэжым Лукашэнкі цяпер не ўпадзе толькі дзякуючы крэдытам з Масквы. Узамен Расея выкупіць пярліны беларускай эканомікі. “Аляксандар Лукашэнка прыціснуты да сьцяны. Ён прымушаны выконваць патрабаваньні Масквы й рэалізаваць праграму прыватызацыі”, кажа газэце прафэсар Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі. Менск у нэрвах чакаў у суботу рашэньня пра выдзяленьне крэдыту з антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС. Рашэньне пра выдзяленьне 3 млд. даляраў крэдыту прынятае, і гэта апошняя саломінка, за якую можа ўхапіцца рэжым, каб не патануць. Адна з умоваў атрыманьня крэдыту – прыватызацыя маёмасьці на суму 7,5 млрд. даляраў. Сьпіс прадпрыемстваў будзе падрыхтаваны праз тры месяцы. Газэта зазначае, што Лукашэнка баіцца прыватызацыі, бо страціць уплыў на эканоміку й ня зможа раздаваць пасады на заводах альбо прымушаць дырэктароў плаціць такія ані іншыя зарплаты, нягледзячы на тое, што, напрыклад, завод прыносіць страты. Акрамя таго, Беларусь вядзе перамовы пра атрыманьне 8 млрд. крэдыту зь Міжнароднага валютнага фонду. Лукашэнка можа шукаць паратунку ў Кітаі, які ў мінулым годзе абяцаў 15 млрд. даляраў крэдыту.
Тым часам беларусы бяднеюць. Грэчневая каша ды мука падаражалі ў 2-3 разы. У краіне катастрафічна не хапае валюты. Улады дазволілі разьлічвацца за тавары альбо плаціць падаткі ў валюце, у тым ліку ў расейскіх рублях. Гэтае рашэньне аднак аслабіць і так слабы беларускі рубель, паведамляе “Gazeta Wyborcza”. Гэтую ж саму тэму закранае штодзёнка “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Пра Беларусь таксама піша штотыднёвік “Newsweek Polska”.Часопіс зазначае, што Беларусь – поўны банкрут. Без крэдытаў эканоміка краіны ня вытрымае. Пры гэтым няма жадаючых пазычаць афіцыйнаму Менску. Напрыклад, праекты ў Беларусі зачыняе Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця. Крокі беларускіх улад нагадваюць істэрыку. Нядаўна Лукашэнка павялічыў пэнсіі на 13%, каб хоць неяк абласкавіць верных яму пэнсіянераў пасьля больш чым 50-працэнтнай дэвальвацыі. І менавіта з-за такіх бязграматных эканамічных дзеяньняў дыктатар загнаў краіну ў даўгавую яму. Перад выбарамі на 40% павысіў зарплаты для бюджэтнікаў, хоць ужо тады бюджэт быў пусты. Сытуацыя ў эканоміцы настолькі цяжкая, што ў выпадку адсутнасьці радыкальных дзеяньняў ужо летам можа наступіць крах. Проста няхопіць грошай на зарплаты, у тым ліку для апарата бясьпекі, на якім трымаецца ўлада дыктатара. Сам жа Лукашэнка абвінавачвае ў крызысе сродкі масавай інфармацыі, захад, у тым ліку палякаў, апазыцыю ды Расею. Парадаксальна, але дыктатар якраз абвінавачвае тых, у каго просіць крэдыты.
Тым часам звычайныя беларусы ня вераць ані дзяржаве, ані Лукашэнку, ані пралукашэнкаўскім СМІ. На вуліцах беларускіх гарадоў адчуваецца напружаньне. Нельга выключыць, што ўся гісторыя можа завершыцца паводле сцэнару падзей з Эгіпту ці Тунісу. Там, як і ў Беларусі, не было аб’яднанай апазыцыі, замежнай дапамогі. Был толькі звычайны бунт людзей супраць карумпаванай улады, якая дбала пра свае інтарэсы, а не пра насельніцтва, чытаем на старонках часопіса “Newsweek Polska”.

Штотыднёвік “Wprost” закранае тэму, якая стала прадметам спрэчкі паміж палітычнымі сіламі ў Польшчы. Саюз левых дэмакратычных сілаў падаў у Сэйм на разгляд праект закону аб гэтак званых партнэрскіх саюзах. Сутнасьць праекту заключаецца ў наступным: мужчына й жанчына, калі ня хочуць афіцыйна жаніцца, могуць свой партнэрскі саюз зарэгістраваць у натарыюса, а пасьля гэтага падаць дакумэнты ў ЗАГС. Прычым такі саюз могуць заключыць таксама геі ды лесьбіянкі. Цяпер, калі нават людзі доўга жывуць разам, яны пазбаўлены асноўных правоў. Напрыклад, калі памірае адзін з партнёраў, іншы ня можа атрымаць у спадчыну кватэру. Калі ж партнёр трапіў у шпіталь, то лекар мае права не інфармаваць пра стан здароўя дэ-юрэ чужога чалавека.
Тыднёвік “Wprost” друкуе інтэрвію з гей- ды грамадзкім і палітычным дзеячам Крыстыянам Легерскім. Ён кажа, што аргумэнт правых сіл, што гэта пакушэньне на інстытут сям’і, абсалютная мана. У Францыі, дзе дазволены партнёрскія саюзы, толькі 5% ад іх ліку – гэта аднаполыя саюзы. Акрамя таго, кажа Крыстыян, тое, што людзі таго ж самага полу ня могуць афіцыйна жыць разам, парушае Канстытуцыю. “Якім чынам палякі могуць даведацца, што геі й лесьбіянкі – гэта нармальныя людзі, такія ж, як і яны самі”, кажа Легерскі, зазначаючы, што вакол сэксуальных меншасьцяў стварылася маса стэрэатыпаў, і прыйшоў час іх зьнішчыць, паведамляе “Wprost”.  
 
вс