• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • Audio7.2 MB
  • 07.06.2011

 

Кітайцы адмаўляюцца ад будаўніцтва аўтастрады А2

Кітайская фірма COVEC адмаўляецца ад будаўніцтва двух адрэзкаў аўтастрады А2 (з Лодзі ў Варшаву). Агулам гаворка ідзе пра 50 кілямэтраў дарогі. 

Кітайцы атрымалі 7 дзён на ўпарадкаваньне справаў, зьвязаных зь інвэстыцыяй. Як запэўніў міністар інфраструктуры Цэзары Грабарчык, напрыканцы тыдня будзе вядома, хто закончыць будаўніцтва дарогі.

Уся траса аўтастрады А2 была падзеленая на 5 частак. Менавіта ў тэндэры на будаўвіцтва дзьвюх зь іх выйгралі кітайцы, якія запрапанавалі палякам вельмі карысную цану. Тым часам, некалькі тыдняў таму будаўніцтва кітайскіх адрэзкаў аўтастрады спынілася. Ад супрацы зь кітайцамі адмовіліся польскія фірмы. Яны сьцьвярджаююць, што COVEC ня плаціць ім за тэхніку й працу. Пратэрмінаваная сума складае некалькі дзясяткаў мільёнаў злотых. Кітайцы кажуць, што ня маюць грошай, паколькі кошты інвэстыцыі павысіліся ў выніку эканамічнага крызысу.

Як заявіў міністар інфраструктуры, дырэктар Агульнапольскіх дарог і аўтастрад падрыхтаваў аварыйны плян. Ён супакойвае, што падчас чэмпіянату Эўропы па футболе EURO 2012 аўтастрада будзе дзейнічаць.

Апрача таго, калі COVEC адмовіцца ад рэалізацыі дамовы польскі бок мае права патрабаваць кампэнсацыі. Гаворка ідзе пра за 740 мільёнаў злотых кампэнсацыі (больш за 186 мільёнаў эўра), плюс дадатковыя 130 мільёнаў злотых (каля 33 мільёнаў эўра) ў выпадку адсутнасьці заканчэньня інвэстыцый.

COVEC , гэта частка кансорцыюма CREC (China Railway Group Limited), у склад якога ўваходзіць 37 фірмаў. CREC зьяўляецца найбуйнейшай фірмай у будаўнічай галіне ў Азіі й трэцяй па вялічыні ў сьвеце.

Кансорцыюм працаўладкоўвае 280 тысячаў чалавек ды мае свае прадстаўніцтвы ў 23 краінах, у тым ліку ў Польшчы.

У Польшчы, апрача двух адрэзкаў аўтастрады А2, COVEC будуе таксама гатэль „Грамада” ў Кракаве.


У Варшаве праходзіць Канкрэс інавацыйнай эканомікі

„Інавацыйныя людзі, інавацыйная эканоміка”, - пад такім лёзунгам у варшаўскім Цэнтры навукі „Капэрнік” праходзіць Кангрэс інавацыйнай эканомікі.

Галоўная мэта мерапрыемства, якое арганізавала Агульнапольская эканамічная палата, гэта пошук адказу на пытаньне, якім чынам зрабіць польскую эканоміку больш сучаснай.

У двухдзённым кангрэсе прымаюць удзел прадстаўнікі польскага ўраду, бізнэс-колаў і навукі.

Учора ганаровым госьцем мерапрыемства быў прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі, які ў сваёй прамове на пачатку сустрэчы патлумачыў, што дзеля павелічэньня інавацыйнасьці неабходны час і зьмена мэнталітэту грамадзтва. А гэтаму, у сваю чаргу, можа паспрыяць зьмена адукацыйных прынцыпаў.

Паводле агранізатараў мерапрыемства, галоўнай прычанай адносна слабой пазыцыі Польшчы ў галіне інавацыйнасьці зьяўляюцца: нізкі ўзровень выдаткаў на дасьледаваньні й разьвіцьцё эканомікі ды неэфэктыўнае супрацоўніцтва бізнэс-колаў і прадстаўнікоў сьвету навукі.

 

 

Польшча не пасьпее з падрыхтоўкай да EURO 2012

 Вышэйшая кантрольная палата NIK прааналізавала падрыхтоўку краіны да футбольнага чэмпіянату Эўропы 2012 году. Заўзятары сустрэнуцца са шматлікімі цяжкасьцямі. Найбольшыя праблемы чакаюць тых, хто будзе падарожнічаць па Польшчы дарожным транспартам.

Прэс-сакратар NIK Павал Бедзяк мяркуе, што нягледзячы на актуальныя праблемы са стадыёнамі, іх будаўніцтва ўдасца скончыць да пачатку мерапрыемства.

П. Бедзяк: На нашу думку, стадыёны будуць завершаны й будуць добра працаваць. Усе гарады-гаспадары EURO вельмі стараюцца. Часам назіраюцца затрымкі, напрыклад у Варшаве і ў Гданьску, але тэрміны завяршэньня стадыёнаў настолькі далёкія да старту чэмпіянату, што напэўна ўсе недахопы ўдасца выправіць.

Значна горш справа выглядае з будаўніцтвам дарог.

П. Бедзяк: 14 фрагмэнтаў хуткасных дарог і магістраляў, якія былі прызнаныя ключавымі для EURO, паводле нас увогуле ня будуць завершаны да чэмпіянату. Мы лічым, што немагчыма будзе завяршыць працы на 7-мі фрагмэнтах магістраляў і 7 –мі хуткасных дарогах, агулам гэта 400 кілямэтраў.

Назіраюцца таксама праблемы з мадэрнізацыяй некаторых аэрапортаў і чыгуначных вакзалаў.

П. Бедзяк: Сярод аэрапортаў найменшыя шанцы на завяршэньне будаўніцтва ў Познані.  Там было вельмі вялікае спазьненьне з выдачай дазволу адносна аховы навакольнага асяродзьдзя. Цяпер справа зрушылася, паглядзім ці пасьпее інвэстар. А калі казаць пра чыгунку, то няма грошай на мадэрнізацыю найбліжэйшага да Нацыянальнага стадыёну вакзала «Варшава Ўсходняя». Няма сродкаў на завяршэньне работ на вакзале ў Познані, таксама назіраюцца праблемы з мадэрнізацыяй вакзала «Варшава Заходняя».

Павал Бедзяк, прэс-сакратар вышэйшай кантрольнай палаты паведаміў, што неўзабаве NIK ізноў будзе кантраляваць работы, зьвязаныя з падрыхтоўкай Польшчы да EURO 2012.

 

Капітула 21 конкурсу гербу „Цяпер Польшча” „Teraz Polska” узнагародзіла 15 тавараў, 7 паслугаў, 3 інавацыйныя праекты ды 6 гмінаў.

„Разнароднасьць ляўрэатаў конкурсу паказвае, што польскія прадпрымальнікі могуць сьмела спаборнічаць у шматлікіх галінах на міжнароднае арэне. Польскі тавар выконвае сусьветныя нормы і мы абавязаны паказаць гэта сьвету”, - падкрэсьліў старшыня Фундацыі Польскага прамацыйнага герба Кшыштаф Пшыбыл.

У катэгорыі тавараў, між іншым, адзначана біядабаўкі Гумавіт „Хвашч і крапіва”, вяндліны АТ LIDL POLSKA Прадуктовыя крамы. Сярод адзначаных паслугаў: банкаўская сыстэма электроннага абслугоўваньня кліентаў Банку Pekao а таксама вакацыйны маршрут чыгункі Варшава Заходня – Гдыня – Варшава Заходня.

Капітула конкурсу адзначыла таксама гаспадарлівыя гміны. Сярод іх гміна Маравіцэ ў адным зь бяднейшых рэгіёнаў Польшчы – у Сьвентакшыскім ваяводзтве. Гміна Маравіцэ адзначана за актыўнасьць і выніковасьць у хадайніцтве за эўразьвязаўскія сродкі, дзякуючы якім праводзяцца шматлікія інвэстыцыі ў інфраструктуру. Гэта спартыўныя комплексы, вадаправод, каналізацыя. Гміна становіцца ўсё больш прывабнай для жыхароў, якія не зьбягаюць у вялікія гарады й для інвэстараў.
Пераможцы конкурсу „Цяпер Польшча” атрымліваюць падтрымку фундацыі гэтай прэміі падчас рэклямы па-за межамі краіны.
Герб „Цяпер Польшча” зьяўляецца пацьверджаньнем прафэсіяналізму і добрасумленнасьці фірмы.


Капітула адзначыла таксама выбітных палякаў, якія сваімі прафэсійнымі дасягненьнямі ды паводзінамі славяць Польшчу ў сьвеце. Тытул „Выбітнага паляка” атрымалі: прафэсар трансплянталёгіі Марыя Сямёнаў, анколяг, прафэсар Яцэк Ясэм ды лыжны скакун Адам Малыш.

Курс валютаў паводле НБП:

Эўра- 3.94 зл
Даляр- 2.68 зл
1 тысяча БР- 0.55 зл

Падрыхтавалі Анна Задрожна й Яланта Сьмялоўская