• Польшчы пагражае міжнародны скандал
  • 07.06.2011

“Dziennik. Gazeta Prawna” піша пра тое, што гэтым разам Аляксандру Лукашэнку ня ўдасца падчас прыватызацыі беларускай маёмасьці абдурыць расейцаў, як ён гэта рабіў раней. Масква, бачачы, што рэжым Лукашэнкі ўпёрся ў фінансавую сьцяну, гэтым разам пойдзе на ўсё.

За 3 млрд. даляраў крэдыту Беларусь абавязалася спрыватызаваць прадпрыемствы на 7,5 млрд., па 2,5 млрд. кожны год.

Паводле выданьня, Менск будзе імкнуцца як мага даўжэй весьці перамовы з Масквой. Гульня ўжо пачалася. Нядаўна кіраўнік краіны заявіў, што плёткі пра продаж “фамільнага срэбра” – гэта правакацыя варожых СМІ. Калі ж Крэмль будзе паводзіць сябе вельмі нахабна, то Лукашэнка можа вярнуць скасаваны на хвалі лібэралізацыі дэкрэт пра залатую акцыю, згодна зь якім, дзяржава мае права атрымаць ва ўласнасьць любую фірму, калі гэта адпавядае яе інтарэсам. Так было ў 2003 годзе, калі ўлады “падзякавалі” расейскай “Балтыцы” пасьля таго, як яна ўклала ў мадэрнізацыю піўзавода “Крыніца” 11,5 млн. даляраў.

“Dziennik” пералічвае прадпрыемствы, на якія Масква паклала вока. У першую чаргу – гэта “Белтрансгаз”. За 50% акцый гэтай кампаніі Расея ў 2007 годзе заплаціла 2,5 млрд. Такую ж суму Менск хацеў бы атрымаць і гэтым разам. Праблема ў тым, што пасьля пабудовы газаправоду “Паўночная плынь” вартасьць кампаніі для расейцаў значна зьменшылася. Другім пунктам у сьпісе значацца Наваполацкі й Мазырскі НПЗ. Два гады таму ўлады ацэньвалі іх на 4 млрд. даляраў. За пярліну беларускай эканомікі завод “Беларуськалій” год таму Лукашэнка хацеў атрымаць ад расейскага алігарха Сулеймана Керымава 10 млрд. даляраў за 51% акцый. Зьдзелка не адбылася, бо Керымаваў прапанаваў на 2,5 млрд. менш. Першым з малатка, хутчэй за ўсё, пойдзе апэратар тэлефоннай сувязі МТС. 49% акцыяй кампаніі ўжо ў руках расейцаў. Рэшту ўлады гатовыя прадаць за 600 млн. 100% акцыяў МАЗу ўлады гатовыя памяняць на невялікую колькасьць акцыяў расейскага КАМАЗу. Пакуль, праўда, бакі не ўзгаднілі канчатковай цаны. Цікавым набыткам мог бы стаць дзяржаўны страхавы манапіст “Белдзяржстрах”.

“У камэры з забойцам” – так “Rzeczpospolita” апісвае накіраваньне экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава ў адну з найгоршых беларускіх турмаў – Наваполацкую калёнію.

Выданьне паведамляе цікавую дэталь. Менавіта ў гэтай калёніі адбывае пакараньне адзін з чальцоў “эскадрону сьмерці”Андрэй Васільеў. Яго асудзілі да 21 году за забойства дзяўчыны.

Сваякі Саньнікава вельмі хвалюцца за яго. Пра небясьпечнае “суседзтва” яны ўжо паведамілі ўрадам заходніх краінаў.

Сястра Саньнікава Ірына Багданава кажа, што калі штосьці станецца за кратамі зь ягоным братам, то яна будзе гэта ўспрымаць як непасрэдныя дзеяньні ўладаў супраць свайго апанэнта.

Калёнія знаходзіцца побач з Наваполацкім НПЗ, ад гэтага суседзтва ў камэрах заўсёды стаіць смурод ад хімічных рэчываў. Пра гэта сваёй маме паведаміў асуджаны за ўдзел у акцыі 19-га сьнежня Мікіта Ліхавід, які адбывае пакараньне таксама ў Наваполацку. Апрача таго, ў гэтай турме самая жорсткая дысцыпліна ў параўнаньні зь іншымі беларускімі вязьніцамі, піша “Rzeczpospolita”.

“Gazeta Wyborcza” піша пра міжнародны скандал, які разгортваецца вакол будаўніцтва трасы А2. Яна павінна быць збудаваная да Чэмпіянату Эўропы па футболе ў наступным годзе.

У тэндэры на будаўніцтва аўтастрады з Лодзі да Варшавы перамагла кітайская фірма. Будаўніцтва ішло спраўна ажно да выходных. У пятніцу кітайцы заявілі, што зьбіраюцца адмовіцца ад будаўніцтва дарогі. Афіцыйная Варшава ў шоку, бо пошук чарговай фірмы й працэдуры, якія з гэтым зьвязаныя, могуць істотна адцягнуць пачатак эксплюатацыі аўтастрады. Польшчы пагражае міжнародная кампрамітацыя, піша выданьне. Менавіта па гэтай дарозе футбольныя фанаты павінны былі ехаць на матчы Эўра-2012.

Два гады таму кітайцы паабяцалі пабудаваць 50 км. аўтастрады за, прыблізна, 500 млн. эўра. Гэта на палову менш, чым першапачаткова ацэньвалі польскія ўлады. Але месяц таму кітайцы перасталі плаціць заробкі польскім працаўнікам, якія ўдзельнічаюць у праекце. Агулам кітайская фірма павінная польскім працаўнікам каля 40 млн. эўра.

Самі кітайцы скардзяцца, што нечакана вырасьлі кошты на будматэрыялы, што ўлады краіны заніжаюць якасьць і колькасьць іх працы, а таксама, што грошы за выкананую працу прыходзяць на іх рахунак у апошні дзень прадбачаны дамовай.  

Да чацьвярга кітайцы і ўлады Польшчы маюць час, каб дамовіцца аб далейшай супрацы. Калі ж не, то фірма з “Паднябеснай” вымушаная будзе заплаціць Варшаве каля 200 млн. эўра кампэнсацыі. Аднак з гэтым могуць быць цяжкасьці, бо гэта палова гадавога абароту кітайскай кампаніі, піша “Gazeta Wyborcza”.

дг