• Беларускі крызыс - наступства дрэннай палітыкі Лукашэнкі
  • Audio2.91 MB
  • 07.06.2011

Склаўшаяся эканамічная сытуацыя ў Беларусі зьяўляецца наступствам дрэннай эканамічнай і міжнароднай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Яна  пацьвярджае тэзіс ыб тым, што без дэмакратыі нельга збудаваць дабрабыт у краіне, - такой думкі прытрымліваюцца польскія палітыкі.

Аналізуючы крызысную сытуацыю суседа, прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі сказаў Польскаму радыё, што склаўшаяся эканамічная сытуацыя вынікае са спыненьня інтэграцыйных працэсаў Беларусі з Захадам.

Браніслаў Камароўскі: Пасьля атрыманьня незалежнасьці Беларусь стартавала з той жа самай пазыцыі, як, напрыклад, Эстонія.  Калі гаварыць пра Беларусь, мы маем дачыненьне з сытуацыяй не прагрэсу, а наадварот - рэгрэсу. Трэба падрыхтавацца да палітыкі „ доўгага шляху”  й падтрымкі беларускіх  дэмакратычных сілаў. Я перакананы ў тым, што толькі дэмакратыя й свабодны рынак могуць быць гарантыяй разьвіцьця Беларусі.

Прэзыдэнцкі дарадчык па міжнародных пытаньнх Роман Кузьняр лічыць беларускую эканамічную сытуацыю крытычнай. Больш за тое, эканамічны крызыс спрычыніўся да павелічэньня ўплыву Расеі. Аднак на думку экспэрта, толькі беларускае грамадзтва можа зьмяніць гэтую некарысную сытуацыю.

Роман Кузьняр: Беларусь заўсёды  была часткай Расеі ў геастратэгічным значэньні, нават пасьля атрыманьня незалежнасьці. У нейкім моманце здавалася, што нешта ўдасца зрабіць, аднак  сёньня сытуацыя падаецца крытычнай. Хочацца верыць, што гэта не назаўсёды. Ключ да вырашэньня праблемаў знаходзіцца ў руках саміх беларусаў. Калі яны ня будуць у стане зьмяніць напрамку разьвіцьця палітычных падзеяў унутры краіны, то ніхто звонку ня можа на гэта паўплываць.

Прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі выказвае меркаваньне, што калі б у мінулым годзе, напярэдані выбараў, Аляксандар Лукашэнка прыняў прапанову дапамогі Заходу, якую яму прапанавалі міністры Вэрстэрвэле й Сікорскі, сытуцыя ў краіне выглядала б зусім інакш. Ён дадае, што гэтую прапанову яшчэ можна выканаць, але пры ўмове, што беларускі бок спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Марцін Басацкі: У першуі чаргу гэта ня толькі вызваленьне ўсіх затрыманых, але й зьняцьцё абвінавачаньняў з усіх асуджаных, у тым ліку й умоўна. Неабходна спыніць хвалю рэпрэсіяў, якія Лукашэнка пачаў паўгады таму. Прыгадаю, што праект „Ўсходняга партнэрства” прызначаны для 6 краінаў.Мы шкадуем, што ў такой сытуацыі Беларусь ня зможа ў ім удзельнічаць, у прыватнасьці ня можа карыстацца велізарнай дапамогай ЭЗ для гэтай краіны, якая магла ісьці на мільярды эўра.

На думку Марціна Басацкага,  дапамогі, якую Беларусь атрымае з антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭс можа нехапіць на вырашэньне фінансавых праблемаў.

Беларусь намагаецца атрымаць стабілізацыйны крэдыт з МВФ да 8 мільярдаў даляраў. Аднак, прагнозы экэспэртаў у гэтым пытаньні малааптымістычныя. Яны мяркуюць, што ў першую чаргу Беларусь будзе вымушаная палепшыць адносіны з Захадам, а асноўнай умовай гэтага паляпшэньня будзе вызваленьне ўсіх палітзьняволеных.

КР