• Агляд польскага друку
  • 08.06.2011

Штодзёнка “Gazeta Wyborcza” піша сёньня пра тайны працэс Анджэя Пачобута й заклікае беларускія ўлады вызваліць затрыманага журналіста. Гарадзенскі суд падтрымаў просьбу пракуратуры ды пастанавіў, што суд над беларускім журналістам будзе праходзіць за зачыненымі дзьвярыма ў закрытым фармаце.

Анджэя Пачобута арыштавалі 64 дні таму, абвінавачваючы яго ў тым, што ў сваіх артыкулах у польскай прэсе ды ў інтэрнэце ён зганьбіў і абразіў Аляксандра Лукашэнку. Працэс пачнецца 14-га чэрвеня, Пачобуту пагражае 4 гады турмы.

Гэта дзіўнае рашэньне. У нашай краіне за зачыненымі дзьвярыма разглядаюць справы, зьвязаныя зь дзяржаўнай ці вайсковай таямніцай ды згвалтаваньнем, - сказаў газэце менскі адвакат. Усе працэсы апазыцыянэраў затрыманых пасьля 19-га сьнежня праходзілі ў адкрытым фармаце. Жонка Анджэя Пачобута сказала, што журналіст запрашае ўсіх на абвяшчэньне прысуду, якое праходзіць адкрыта. Польскае выданьне зазначае, што гэта першая перамога Пачобута. Ніхто не сумняецца, што гэта будзе ня суд, а судзілішча з вэрдыктам, які проста прывязуць у тэчцы зь Менску. Засакрэчаньне працэсу – гэта страх уладаў, якія баяцца зганьбіцца, бо абвінавачаньні абсурдныя.

Тэму патаемнага судзілішча над журналістам Анджэем Пачобутам таксама асьвятляе сёньня штодзёнка “Rzeczpospolita”. Газэта задаецца пытаньнем, як можа быць засакрэчаным працэс, які датычыць артыкулаў, апублікаваных даўно ў прэсе? Цытуючы экспэрта Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), польскае выданьне робіць выснову, што ўлады засакрэцілі працэс, каб схаваць памылкі ды нацягнутасьць абвінавачаньня.

хххххххххххххххххххххххххххххххх

“Rzeczpospolita” піша таксама пра тое, што Эўразьвяз часткова высьветліў прычыны эпідэміі кішэчнай палачкі ў Эўропе. Пакуль усе прычыны невядомыя, але з упэўненасьцю можна сказаць, што крыніцаю заразы не сталі расьлінныя прадукты, як салата, агуркі ці памідоры, як думалі раней. Сапраўдную прычыну хваробы яшчэ не знайшлі. Аднак гэтыя падзеі нэгатыўна паўплывалі на сельскагаспадарчы рынак. Страты гішпанскіх фэрмэраў ацэньваюцца больш чым на 100 мільёнаў эўра штотыднёва

хххххххххххххххххххххххххххххххххх

Штодзёнка “Dziennik Gazeta Prawna” піша пра франускія палітычныя дэбаты наконт выхаду з зоны адзінай эўрапейскай валюты – эўра. Кандыдатка ад скрайняй правай партыі “Нацыянальны фронт” Мары Ле Пэн мае 25% грамадзкай падтрымкі на сёньняшні дзень. Яна мае сваё бачаньне выхаду з эканамічнага крызысу. Па-першае, яна зазначае, што трэба адмовіцца ад эўра – адзінай валюты, якая была з самага пачатку палітычным праектам, які вельмі моцна аслобіў эўрапейскі эканамічны арганізм. На думку францускага палітыка, калі краіны ЭЗ не дамовяцца выйсьці ўзгоднена з эўра, яны будуць банркутаваць па чарзе ўсьлед за Грэцыяй, Ірляндыяй ды Партугаліяй.

На думку Мары Ле Пэн, сёньня эўра перацэнена на 35%, гэта забівае эўрапейскі экспарт. Іншай праблемай застаецца застарэлая структура сусьветных фінансавых установаў. Апроч гэтага француская прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта выступае за тое, каб увесьці межы ўнутры ЭЗ ды абараніць францускі рынак ад нелегальных эмігрантаў, вывесьці Францыю са структураў NATO, узмацніць адносіны з Расеяй, вяртаючыся, такім чынам, да ідэі Эўропы нацыяў, як хацеў генэрал Дэ Голь.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч