• Усходняму партнэрству два гады: якія вынікі дасягнутыя? (ФОТА)
  • Audio4.67 MB
  • 08.06.2011

Праграма супрацоўніцтва Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства” была запушчаная два гады таму. Ці за гэты час Беларусь, Украіна, Малдова ды закаўкаскія рэспублікі сталі бліжэй да аб’яднанай Эўропы? Адказу на гэтае пытаньне шукалі ўдзельнікі канфэрэнцыі “Два гады Ўсходняга партнэрства – вынікі й пэрспэктывы”, якая прайшла ў сераду ў Варшаве.

Высокапастаўленыя дыпляматы апісвалі дасягненьні Усходняга партнэрства з энтузіязмам. Усе краіны праграмы, апрача Беларусі, распачалі перамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Дамова аб зоне вольнага гандлю неўзабаве будзе падпісаная з Кіевам. Малдова, Грузія, Арменія ды Азэрбайджан хутка таксама распачнуць перамовы па гандлю. Тбілісі, Кішынёў і Кіеў дамаўляюцца аб спрашчэньні візавага рэжыму. Рэгулярна адбываюцца сустрэчы міністраў і экспэртаў па розных пытаньнях.

Аднак ні ў адной з краінаў праграмы не заўважана ані значных эканамічных, ані палітычных рэформ. А Азэрбайджан і Беларусь ўвогуле аддаліліся ад Эўропы – зазначылі прысутныя ў ўзале экспэрты. Эўразьвяз ня можа паўплываць на краіны, якія самі ня хочуць рэфармавацца – адказаў на крытыку супрацоўнік Эўрапейскай дыпляматычнай службы Мацей Стадэек.

М. Стадэек: Гэта парадаксальная сытуацыя, аднак Усходняе партнэрства – гэта сумесная праграма. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва з двух бакоў. Мы зрабілі высновы з кантактаў з гэтымі краінамі. Гэтыя высновы бачныя ў праектах рэформы эўрапейскай палітыкі дабрасуседзтва. Мы будзем ацэньваць прагрэс, якога дасягнулі нашыя партнэры ў сфэры свабодных выбараў, свабоды сходаў, свабоды слова. У залежнасьці ад вынікаў мы будзем вырашаць, як весьці перамовы з краінамі-суседзямі, а таксама якія сумы ім выдзяляць.

Эўрапейскія дыпляматы абяцаюць павялічыць падтрымку дэмакратычных пераменаў у краінах-суседзях. Польшча прапанавала стварыць дзеля гэтых мэтаў Эўрапейскі фонд дэмакратыі. Пра гэта распавёў прадстаўнік польскага міністэрства замежных справаў Анджэй Цяшкоўскі:

А. Цяшкоўскі: Я ня думаю, што Эўрапейскі фонд дэмакратыі будзе абсалютна падобны да фонду, які ўжо даўно працуе ў ЗША, але калі ёсьць добрыя ўзоры – то мы павінныя іх выкарыстоўваць. Усё залежыць ад Эўрапейскай дыпляматычнай службы. Стварыць такі фонд запрапанаваў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Гэтая ініцыятыва ўзьнікла таму, што папярэднія інструмэнты не былі дастаткова эфэктыўныя ў прасоўваньні дэмакратыі. Адказ на нашую прапанову мы ўбачым хутка.

Экспэрты з краін-партнэраў казалі пра сур’ёзныя праблемы Ўсходняга партнэрства. Спрашчэньню візавага рэжыму паміж Эўразьвязам і Грузіяй перашкаджае пытаньне Асэтыі ды Абзхазіі. Няпрызная Прыднястроўская рэспубліка можа зрабіць немажлівай падпісаньне дамовы аб зоне вольнага гандлю паміж Кішынёвам і Брусэлем.

Усходняе партнэрства – добрая ініцыятыва, але яна занадта малая для Ўкраіны, якая хоча паўнавартаснай інтэграцыі з ЭЗ – заявіў у Варшаве былы міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк. Непакой выклікае таксама тое, што й так невялікія сродкі Ўсходняга партнэрства могуць быць урэзаныя на карысьць Паўночнай Афрыкі – зазначыў экспэрт.

Б. Тарасюк: Сёньня ў Эўразьвязе ідуць дэбаты наконт таго, каб перавесьці частку бюджэту Усходняга партнэрства на дапамогу паўднёвым краінам-суседзям. З такой ініцыятывай выступілі міністры замежных справаў 6 дзяржаў: Гішпаніі, Грэцыі, Кіпру, Мальты, Францыі й Славэніі. Гэта ня можа ня выклікаць непакою ў нас – усходніх партнэраў Эўразьвязу.

Якіх вынікаў за два гады Ўсходняга партнэрства дабілася Беларусь? Амаль ніякіх – кажа Дзяніс Мельянцоў з Беларускага цэнтру стратэгічных дасьледваньняў. Праекты, якія Беларусь распрацавала разам з Украінай і Летувой, так і не атрымалі фінансаваньня, а пасьля сьнежаньскіх выбараў удзел Менску ва Ўсходнім партнэрстве быў фактычна замарожаны – кажа Дзяніс Мельянцоў.

Дз. Мельянцоў: Я маркую, што ў мінулым годзе, калі інфраструктурныя праекты былі пададзеныя, краіны Эўрапейскага Зьвязу вырашылі зрабіць своеасаблівы тэст для Беларусі. Яны ўзалежнілі выдзяленьне грошаў на рэалізацыю гэтых праектаў ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў... Вынікі вядомыя ўсім. Таму ніякага прагрэсу ў гэтым накірунку няма.

З-за палітычных рэпрэсіяў апошніх месяцаў, Беларусь не змагла атрымаць фінансаваньня для інфраструктурных праектаў. Аляксандар Лукашэнка не атрымаў крэдытаў ад эўрапейскіх фінансавых інстытутаў. Былі замарожаныя нават перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму.

Брусэлю таксама не ўдалося дэмакратызаваць Беларусь і наблізіць яе да Эўразьвязу. Адзіным, хто выграў, на сёньняшні дзень зьяўляецца беларускі трэці сэктар. Дзесяткі няўрадавых арганізацыяў удзельнічаюць у Форуме грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства. Яны аб’ядналіся і наладзілі кантакты з эўрапейскімі партнэрамі – кажа Дзяніс Мельянцоў.

Эўразьвязу трэба набрацца волі й цярплівасьці. А перадусім – вызначыць, што ён хоча зрабіць з Беларусьсю - падкрэсьліў Дзяніс Мельянцоў

Дз. Мельянцоў: Эўрапейскаму Зьвязу трэба вызначыцца з мэтамі. Калі ён хоча зьмяніць беларускае грамадзтва, то патрэбна шматгадовая стратэгія. Калі ён хоча спрыяць хуткім палітычным пераменам, то ён павінен шырэй фінансаваць грамадзянскую супольнасьць і палітычныя партыі. Калі ён хоча разьвіваць гандлёвыя стасункі, то ён павінен рэалізаваць праекты ў сфэры гандлю, камунікацыі й гэтак далей. Насамрэч важна, каб Эўразьвяз вырашыў, чаго ён ад Беларусі хоча, і каб ён нарэшце ўсьведаміў, што Беларусь – гэта асобны выпадак у эўрапейскай зьнешняй палітыцы й да яго трэба ўжываць асобныя інструмэнты.

Такім чынам, разьвіцьцю Ўсходняга партнэрства перашкаджаюць унутраныя праблемы краінаў-суседзяў Эўропы, такія як аўтарытарызм Аляксандра Лукашэнкі ці сэпаратызм у Грузіі ды Малдове. Перашкаджае й адсутнасьць зацікаўленасьці з боку заходнеэўрапейскіх дзяржаваў. Экспэрты спадзяюцца, што праект атрымае другое дыханьне падчас польскага старшынства ў ЭЗ, якое распачнецца ўжо праз тры тыдні.

Аляксандар Папко

 

 

 

Удзельнікі канфэрэнцыі “Два гады Ўсходняга партнэрства – вынікі й пэрспэктывы”

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сустрэча выклікала вялікую цікавасьць сярод дыпляматаў, дзяржаўных чыноўнікаў і дасьледчыкаў з розных краінаў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Анджэй Цяшкоўскі - прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Мацей Стадэек - Эўрапейская дыпляматычная служба

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Барыс Тарасюк - былы міністар замежных справаў Украіны

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дзяніс Мельянцоў - экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў