• Global Forum ва Ўроцлаве
  • 09.06.2011

250 палітыкаў, дыпляматаў і экспэртаў прымаюць удзел у Global Forum, які адбываецца 9-11 чэрвеня ва Ўроцлаве.

Сярод удзельнікаў і гасьцей імпрэзы прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, польскі міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі, а таксама шэраг іншых выбітных людзей, сярод іх, між іншым, Станіслаў Шушкевіч.

Падчас форуму будуць уручаныя узнагароды Freedom Awards, якія прызнае Атлянтычная Рада. Уроцлаўскі форум прысьвечаны будучыні Беларусі, адносінам Эўропы з ЗША ды працэсам трансфармацыі ў Паўночнай Афрыцы, распавядае суарганізатар сустрэчы Анджэй Бабіньскі.

Анджэй Бабіньскі: Гэта трансатлянтычная сустрэча, падчас якой адбываюца размовы на тры вядучыя тэмы: бясьпекі, дэмакратызацыі й эканомікі. Гэтыя тэмы зьяўляюцца падставай двухбаковага дыялёгу паміж Польшчай і ЗША. Падаецца, што гэта тры найбольш важныя й найбольш цікавыя тэмы для трансатлянтычнай супольнасьці.

У сустрэчы прымаюць удзел вядучыя дзеячы міжнароднай палітычнай сцэны.

Анджэй Бабіньскі: Прыехалі такія асобы, як амэрыканскі сэнатар Джон Макэйн– супернік Барака Абамы на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Джым Джонс - былы дарадчык Абамы па пытаньнях бясьпекі. Несуменна гэта вельмі цікавыя палітыкі, якія могуць распавесьці, што адбываеца ў трансатлянтычных адносінах.

Як ужо гаварылася, адной зь вядучых тэмаў будзе дэмакратыя ў сьвеце.

Анджэй Бабіньскі: Дэмакратызацыя, альбо размова пра тое, якім  чынам два кантынэнты, Эўропа й Паўночная Амэрыка, могуць супрацоўнічаць у рамках пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце. У прывтанасьці, падчас форуму мы будзем падтрымліваць Малдову ў яе памкненьнях, падтрымліваць Эгіпет і працэсы трансфармацыі, якія там назіраюцца, а таксама падтрымліваць прадэмакратычныя памкненьні беларусаў.

Дарэчы, сёлетні форум прысьвячае надзвычай шмат увагі Беларусі. У прыватнасьці, адна з дыскусій цалкам прысьвечаная беларускаму пытаньню. У ім прынялі удзел старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна, старшыня праваабарогчага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі й дырэктар «Свабоднага Тэатру» Натальля Каляда.

Анджэй Бабіньскі: Беларусь зьяўляецца адной з тэмаў, пра якія сёньня шмат гаворыцца на важных амэрыканска- эўрапейскіх ці амэрыканска- польскіх сустрэчах. У нас гэтая тэма абмяркоўваецца з удзелам выбітных прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Мы супольна шукалі адказаў на пытаньне,  якім чынам павінна выглядаць амэрыканска- эўрапейская супраца, каб найлепш падтрымліваць зьмены, якія, хочацца верыць, неўзабаве пачнуцца ў Беларусі.

Хаця падобнага роду сустрэчы носяць нефармальны характар, яны ствараюць грунт для далейшай палітыкі.

Падчас форуму будуць уручаныя ўзнагароды Freedom Awards. Узнагароды атрымаюць  прадстаўнікі  беларускай  грамадзянскай супольнасьці, якія змагаюцца за правы чалавека ў Беларусі, а гэта праваабарончы цэнтр «Вясна», БАЖ і Свабодны тэатр.

Караліна Русіновіч