• Купім свабоду для беларусаў за 8 мільярдаў даляраў!
  • 09.06.2011

 

“Купім свабоду для беларусаў за 8 мільярдаў даляраў” – заклікае намесьнік галоўнага рэдактара папулярнай польскай штодзёнкі “Dziennik. Gazeta prawna” Анджэй Талага.

Менск просіць дапамогі ў Міжнароднага валютнага фонду. “Мы можам паставіць рэжыму Лукашэнкі не такія суровыя ўмовы, як Масква, але такія, якія прывядуць да дэмакратызацыі краіны. Мы можам купіць рэформы” – прапануе польскі публіцыст.

Пасыўнае чаканьне, пакуль рэжым абрынецца пад цяжарам эканамічных праблемаў – можа й прыцягальная, але ня вельмі мудрая стратэгія. Польшча сама аддае буфер, які аддзялае яе ад Расеі, лічыць Анджэй Талага.

Міжнародны валютны Фонд можа запатрабаваць ад Лукашэнкі эканамічных рэформаў, якія прывядуць да рэформаў палітычных. Гаворка ідзе пра празрыстую прыватызацуыю, у якой узялі б удзел фірмы й банкі з Эўразьвязу, пра зьмены ў законах, якія датычаць функцыянаваньня фірм.

Крэдыт МВФ залежыць ад становішча Эўразьвязу й ЗША. Яны могуць узалежніць выдачу грошай ад вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Упарты й жорсткі Лукашэнка патрабуе крэдытаў. Таму гэтым разам ён можа саступіць і лібэралізаваць рэжым – лічыць польскі публіцыст.

 

Беларусь пераходзіць на ручное кіраваньне гаспадаркай – працягвае беларускую тэматыку газэта “Rzeczpospolita”.

 Менск ня плаціць за расейскую электраэнэргію й патрабуе таннага газу. У сераду на экстранай нарадзе кіраўнік Беларусі запатрабаваў панізіць цэны на бэнзін. Магчыма адміністратыўнае паніжэньне цэнаў на іншыя тавары. Тым часам усё больш партнэраў Беларусі патрабуюць вяртаньня даўгоў.

Расейскі канцэрн РАО ЕЭС, які пастаўляе 10 працэнтаў беларускай электраэнэргіі, пагражае адключыць рэспубліцы сьвятло. Менск ня плаціць Расеі з сакавіка. Чарговы канфлікт нарастае на лініі Менск-“Газпром”. Беларускі ўрад раптоўна заявіў, што прадасьць Расеі акцыі кампаніі  “Белтрансгаз”  толькі тады, калі тая панізіць цэны на газ – піша газэта “Rzeczpospolita”.

 

Да чэмпіянату Эўропы па футболе засталося 365 дзён – піша “Gazeta Wyborcza”. Ад моманту ўручэньня Польшчы ды Ўкраіне права правесьці турнір прайшло чатыры гады. Сёньня падрыхтоўка да спаборніцтваў выйшла на фінішную прамую.


Кіеў і Варшава справяцца з задачай – упэўнены гэнэральны сакратар UEFA Джыані Інфантына. Стадыён у горадзе Познань ужо гатовы. Будаўніцтва нацыянальнага стадыёну ў Варшаве скончыцца ў лістападзе. У Польшчы будуюцца ня толькі стадыёны, але й дарогі, аэрапорты, вакзалы. За чатыры гады ў падрыхтоўку да чэмпіяната Эўропы было ўкладзена  25 мільярджаў эўра.

Падчас чэмпіянату Эўропы па футболе Польшчу ды Ўкраіну наведаюць сотні тысячаў турыстаў. Пасьля спаборніцтваў гаспадарам застанецца сучасная інфраструктура, якая будзе стымуляваць рост іх эканомікі яшчэ шмат гадоў – падкрэсьліў кіраўнік UEFA.

 

“Газпром” павышае цэны на газ для суседзяў – піша “Gazeta Wyborcza”

Цэны расейскага газу для Польшчы залежаць ад таго, якія былі цэны на нафту на працягу апошніх 9 месяцаў. Нафта на сусьветных рынках даражэла. Таму Варшава будзе плаціць за энэрганосьбіты больш – піша “Gazeta Wyborcza”. Некалькі дзён таму міністэрства фінансаў Расеі павысіла “Газпрому” падаткі і абавязала яго ўнесьці ў бюджэт дадатковыя 5 мільярдаў даляраў.

“Газпром” жа заявіў пра павышэньне цаны газу для Ўкраіны. Сёньня Кіеў плаціць 300 даляраў за 1000 кубамэтраў паліва. Расейскі газавы манапаліст пагражае, што ўкраінцы будуць плаціць 500. Украінскі прэм’ер Мікола Азараў лічыць, што справядлівая цана блакітнага паліва для Кіева складае 220-300 даляраў. У абмен на таннейшы газ расейцы прапануюць Украіне далучыцца да мытнага зьвязу Расеі, Казахстану й Беларусі. Для Ўкраіны гэта азначала бы адмову ад інтэграцыі з Эўропай – паведамляе “Gazeta Wyborcza”.

 

Google maps далучыў Варшаву да Беларусі – пра кур’ёз піша варшаўскае выданьне газэты “Rzeczpospolita”.

Тых, хто шукае на сусьветна вядомым інтэрнэт-партале вуліцу Вострабрамскую, што знаходзіцца ва ўсходняй частцы Варшавы, чакае сюрпрыз. Паводле электроннай мапы Google вуліца зьяўляецца часткай беларускай магістралі М1. Для тых, хто сумняецца, назва магістралі напісана на беларускай мове.


Сапраўдная аўтатраса М1 пачынаецца пад Воршай і заканчваецца пад Берасьцем. Аднак паводле Google maps траса доўжыцца ажно да гораду Ловіч у цэнтральнай Польшчы – на былой мяжы Расейскай імпэрыі. Google выкарыстаў мапы з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай – іранізуюць экспэрты. Кампанія абяцае, што памылка будзе выпраўлена ў бліжэйшы час.

Памылкі Google maps даводзілі нават да вайсковых сутычак – інфармуе “Rzeczpospolita”. Паўгады таму салдаты Нікарагуа занялі адну з выспаў Коста-Рыкі. Пра тое, што выспа належыць менавіта іх краіне, вайскоўцы “даведаліся” дзякуючы інтэрнэт-мапе Google.

АП