• Сэйм дазволіў геям і лесьбіянкам выступіць у ролі прыёмнай сям’і
  • 10.06.2011

Завяршаецца падрыхтоўка да будаўніцтва газаправоду Nabucco, па якім у Эўропу будзе трапляць газ з касьпійскіх радовішчаў. Мэта гэтага праекту – зьнізіць залежнасьць Эўропы ад Газпрому.

“Gazeta Wyborcza” паведамляе, што ў сераду ў турэцкім горадзе Кайсэры ўрады Турцыі, Балгарыі, Румыніі, Аўстрыі й Вугоршчыны падпісалі з кансорцыюмам Nabucco Gas Pipeline International пагадненьне пра падтрымку будаўніцтва на сваёй тэрыторыі трубаправоду.

Даўжыня трубы складзе 3,3 тысячы км. Па ёй штогод з радовішчаў на дне Касьпійскага мора ў Эўропу будзе пастаўляцца 31 млрд. кубамэтраў газу. Праз злучэньне з Аўстрыяй і Чэхіяй частка гэтага газу зможа трапіць і ў Польшчу.

Падпісаная ў Кайсэры дамова завяршае юрыдычны этап інвэстыцыі. Будаўніцтва ацэньваецца ў 8 млрд. эўра. Палову гэтай сумы абяцаюць пазычыць Эўрапейскі інвэстыцыйны банк, Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця, а таксама Сусьветны банк.

Галоўным пастаўшчыком газу для трубы будзе Азэрбайджан. Яго радовішчы газу ацэньваюцца ў 2-5 трыльёнаў кубамэтраў, а гэтага дастаткова, каб 100 гадоў бесьперапынна пастаўляць газ у Эўропу.

“Газпром”, зразумела, не зьбіраецца адмаўляцца ад манаполіі ў Эўропе й плянуе распачаць будаўніцтва газаправоду “Паўднёвая плынь”, па якім газ з Чорнага мора будзе трапляць у Эўропу, абмінаючы пры гэтым Турцыю. 

Нялёгкае жыцьцё расейскаму канцэрну “Газпром” абяцае эўрадэпутат з Польшчы Конрад Шыманьскі. Пра бескампраміснага паляка піша сёньня “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Конрад Шыманьскі заклікае Эўрапейскую камісію даць сыгнал “Газпрому”, што Эўропа не пагаджаецца на яго ролю манапаліста. І ў Шыманьскага ёсьць канкрэтная ідэя, як гэта зрабіць.

Эўрадэпутат дамагаецца, каб “Паўночны газаправод”, які будуюць расейцы, быў ахоплены гэтак званым “ІІІ энэргетычным пакетам”. Гэты эўрапейскі закон забараняе фірмам, якія здабываюць і гандлююць газам, валодаць адначасова й інфраструктурай па перасылцы паліва. Калі ўдасца ажыцьцвяіць ідэю Шыманьскага, то ў практыцы гэта будзе азначаць перадачу расейска-нямецкай трубы незалежнаму апэратару.

Ініцыятыву Конрада Шыманьскага падтрымлівае й польскі ўрад. Дзякуючы “ІІІ энэргетычнаму пакету” інфармацыя пра колькасьць транспартаванага па дне Балтыйскага мора газу была б празрыстай. Варшава ведала б, ці не зьмяншаюць расейцы колькасьці газу, якая цячэ праз Польшчу па Ямальскім газаправодзе. Польшча зьбіраецца лабіраваць гэтую ідэю падчас свайго старшынства ў ЭЗ.

Польскі Сэйм ухваліў законапраект, які дазваляе геям і лесьбіянкам выступіць у ролі прыёмнай сям’і. Супраць прыняцьця гэтага закону выказвалася кансэрватыўная партыя “Права й справядлівасьць”. Аднак усе яе намаганьні аказаліся марнымі. І ня дзіўна, бо ў партыі Яраслава Качыньскага няма большасьці ў парлямэнце.

Падчас гарачых дэбатаў кансэрватары сьцьвярджалі, што закон парушае Канстытуцыю й эўрапейскія законы. “Калі дзіця забіраюць ад бацькоў – гэта для яго вялікая траўма, але калі яго аддаюць двум татам ці мамам, то гэта яшчэ большая траўма” – кажа Бэата Мазурэк з партыі ПіС.

Славамір Пяхота з “Грамадзянскай плятформы” адказаў ёй, што немагчыма было б вызначыць, хто гей, а хто гетэрасэксуал. Дзеля гэтага неабходна было б стварыць адмысловую камісію, а гэта выглядала б як мінімум камічна й бессэнсоўна. Апошняе слова за прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім, піша „Rzeczpospolita”.

дг