• У чаканьні працэсу Анджэя Пачобута
  • 10.06.2011

Набліжаецца працэс Анджэя Пачобута – актывіста польскага руху ды журналіста штодзёнкі “Gazeta Wyborcza” ў Беларусі. У Польшчы вельмі вялікі інтарэс да гэтай справы.

14-га чэрвеня Анджэй Пачобут стане перад беларускім судом за абразу гонару ды годнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Яму пагражае за гэта 4 гады турмы. Працэс будзе ісьці за зачыненымі дзьвярыма. Гэтак на мінулым тыдні пастанавіў суд паводле просьбы пракуратуры, выклікаючы зьдзіўленьне ў сваякаў ды абаронцы Пачобута. 

“Gazetа Wyborczа” – працадаўца Пачобута – назвала гэта першай перамогай журналіста над беларускай уладай. Газэта напісала, што гэтым крокам улады паказалі, што працэс цалкам палітычны, а высунутыя абвінавачаньні абсурдныя. Увогуле, у Польшчы вельмі вялікая ўвага да гэтай справы.

Пра польскае бачаньне справы Анджэя Пачобута мы размаўляем з Томашам Пісулем, старшынём фонду “Свабода й дэмакратыя” з Варшавы. Польскую грамадзкую думку ўсхваляваў факт засакрэчаньня судовага слуханьня. Чаму, на вашу думку, беларускія ўлады надалі працэсу Анджэя Пачобута закрыты характар?

Томаш Пісуля: Частка палітычных працэсаў у Беларусі насіла зачынены характар, напрыклад, працэс Атрошчанкі, калі судзьдзя выганяў прысутных з залі суда. Мне здаецца, што ў выпадку Анджэя Пачобута беларускія ўлады кіраваліся той самай лёгікай. Яны хацелі прадухіліць праявы салідарнасьці ў судовай залі. Па-другое, яны баяцца таго, што сказаў бы Пачобут. Я ведаю Анджэя. Ён ніколі не здаецца і не прапусьціў бы такой магчымасьці, каб сказаць некалькі “цёплых” словаў пра суд. Зь яго артыкулаў, якія друкавала прэса, відаць, што ён не баіцца рэжыму, моцна на яго раззлаваўся ды не скорыцца.

Анджэй Пачобут настолькі вялікая пагроза для беларускай улады ды для Аляксандра Лукашэнкі, што яго арыштавалі ды будуць судзіць?

Томаш Пісуля: На маю думку, гэта бандытызм, бо нікога нельга судзіць за ягоныя погляды. Гэта стандарты дэмакрытычных краінаў, да якіх, як бачна, Беларусь не належыць. Ці Анджэй Пачобут зьяўляецца пагрозай для ўладаў? Зьяўляецца, бо ён доўгі час быў мозгам Саюза палякаў у Беларусі. Дзякуючы яму, СПБ існаваў ды разьвіваўся, нягледзячы на ўвесь ціск на арганізацыю. Па-другое, журналіст Пачобут ніколі не цэнзураваў сябе й заўсёды пісаў тое, што думаў, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі з боку ўладаў. Гэта асоба, якая не баіцца ўлады Лукашэнкі, і гатовы за гэта заплаціць высокую цану. Менавіта таму ён небясьпечны для рэжыму Лукашэнкі.

Сакрэтнасьць працэсу будзе мець уплыў на вырак суду?

Томаш Пісуля: Безумоўна, судзьдзі будзе прасьцей вынесьці яму абвінаваўчы прысуд у пустой залі, ці залі, дзе будуць толькі супрацоўнікі КДБ або міліцыянты. Хутчэй за ўсё, яго асудзяць і дадуць чатыры гады. Я спадзяюся, што ён не пасьпее іх адсядзець, бо рэжым Лукашэнкі заваліцца. Чым хутчэй, тым лепш. Ня дай Бог, каб ён цалкам яго адсядзеў.

З падтрымкай Анджэя Пачобута выступілі палітыкі ўсяе Польшчы да ЭЗ. З заклікам да беларускіх уладаў вызваліць яго зьвярнулася Кэтрын Эштан, кіраўнічка эўрапейскай дыпляматычнай службы, Ежы Бузэк, старшыня Эўрапарлямэнту. Лісты падтрымкі Пачобуту пішуць людзі з усяго сьвету. Ці гэта можа паўплываць на вынік суду?

Томаш Пісуля: Я хацеў бы на гэта спадзявацца. Але сумнеўна, каб Лукашэнка дазволіў паказаць, што яго можна нечым шантажаваць. Гэта адна рэч. Па-другое, папярэднім разам Анджэй казаў, што ён няёмка сябе адчуваў, калі яго адзінага выпусьцілі на свабоду пасьля арыштаў 19 сьнежня, а большасьць людзей засталіся сядзець. Я думаю, калі б у нас была магчымасьць запытаць яго, што ён думае цяпер, ён сказаў бы, што хоча быць на свабодзе, але разам з усімі вязьнямі рэжыму Лукашэнкі, каб не рабілі выключэньня для яго аднаго. Альбо мы кажам пра ўсіх вязьняў у Беларусі, альбо пра нікога.

На дадзены момант у Беларусі ў турмах утрымліваюцца некалькі дзясяткаў палітычных зьняволеных.