• Агляд друку
  • 11.06.2011

Хто забіў палкоўніка Буданава, задае пытаньне газэта “Жэчпасполіта”. У цэнтры Масквы сярод белага дня застрэлілі былога афіцэра, абвінавачанага з гвалце й забойстве. Забілі прафэсіяналы, лічаць расейскія спэцыялісты. Сьледчы камітэт Расейскай Фэдэрацыі паінфармаваў, што працяглы час за Буданавым сачылі. Калі былы афіцэр выйшаў з натарыяльнай канторы, зь белай машыны “Міцубісі Лянсэр” выскачыў мужчына ў сіняй куртцы з капюшонам. Выстраліў шэсьць разоў і ўскочыў у аўтамабіль, які хутка рвануў зь месца. У машыне за рулём сядзеў вадзіцель. Паводле сьведкаў, вадзіцелем быў мужчына славянскай зьнешнасьці. І аўто, і зброю паліцыя хутка знайшла кінутымі на вуліцы.

Юрый Буданаў у 2002 годзе падчас чачэнскай вайны камандаваў танкавым палком. У мясцовасьці Тангі затрымаў 17-гадовую Эльзу Кунгаеву, якая, паводле расейцаў, была снайпэрам чачэнскіх паўстанцаў. Допыт дзяўчыны праводзіў асабіста Буданаў, біў яе, прымяняў катаваньні, а ў канцы згвалціў ды забіў. Пачаўся скандал. Дзякуючы дзеяньням расейскіх правабаронцаў Буданава ўдалося паставіць перад судом. Пасьля некалькіх працэсаў яго прыгаварылі да 10 гадоў пазбаўленьня свабоды, пазбавілі афіцэрскага званьня ды ўзнагародаў. Буданаў пакінуў турму датэрмінова пасьля адбыцьця 6-гадовага тэрміну.

Для расейскіх нацыяналістаў палкоўнік Буданаў быў нацыянальным героям, а для чачэнцаў – увасабленьнем жывёльнай жорсткасьці. Гаворыцца, што на сумленьні Буданава, акрамя сьмерці Элізы, яшчэ некалькі забітых людзей. У 2001 годзе чачэнскія партызаны запрапанавалі расейскім уладам абмен некалькіх ваеннапалонных на Буданава. Калі Крэмль адмовіўся, чачэнцы палонных расстралялі. Дарэчы, пракрамлёўскі кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў ня раз заяўляў, што адпомсьціць Буданаву, а яго датэрміновае вызваленьне назваў “пляўком у душу чачэнскага народу”.
Такім чынам, гіпотэза пра помсту з боку чачэнцаў – адна з асноўных вэрсій сьледзтва, паведамляе “Жэчпасполіта”. Зь іншага боку, гэтую вэрсію пра чачэнскі сьлед абвяргае ўдзел у апэрацыі па ліквідацыі Буданава вадзіцеля славянскай зьнешнасьці. Некаторыя спэцыялісты лічаць, што мэта расстрэлу былога афіцэра на вуліцы– дэстабілізацыя грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Расеі. Сьледчыя таксама не выключаюць гэтую вэрсію.
Пасьля забойства ўлады Масквы адразу ж павялічылі колькасьць патрулей паліцыі ды АПАПу: кіраўнікі сталіцы баяцца антыкаўказскіх выхадак нацыяналістаў, паведамляе газэта “Жэчпасполіта”.

“Газэта Выборча” паведамляе пра тое, што жыхароў Варшавы чакаюць сур’ёзныя ўскладненьні падчас перамяшчэньня па сталіцы. Зь сёньняшняга дня поўнасьцю зачыненая вуліца Сьвентакшыская – адна з галоўных варшаўскіх артэрый. Зачыненая таксама іншая сталічная вуліца, невялікая Простая. У сувязі з гэтым, вадзіцелі павінны абмінаць вуліцу, што прывядзе да затораў, якіх і так нямала ў Варшаве. Гарадзкі транспарт таксама будзе накіраваны на аб’яздныя трасы, частка маршрутаў ліквідаваная. Адчыняць Сьвентакшыскую толькі пад канец 2013 году. Пры нагодзе вуліца будзе рэканструяваная – зьявіцца больш зялёных тэрыторый, роварныя сьцежкі ды шырэйшыя ды новыя тратуары. А ўвогуле вуліцу зачыняюць з-за будаўніцтва другой лініі варшаўскага мэтро, паведамляе “Газэта Выборча”.

Учора ў выпуску навін мы паведамлялі, што мужу брытанскай каралевы Елізаветы ІІ, герцагу Эдынбургскаму, прынцы Філіпу споўнілася 90 гадоў. У падарунак жонка яму падаравала тытул – Лёрд Высокага Адміралцейства, фармальна прызначаючы яго галоўнакамандуючым Каралеўскі ваенна-марскіх сіл Вялікабрытаніі, піша “Газэта Выборча”. Да гэтага галоўнакамандуючым з 1964 году была сама Елізавета. Газэта зазначае, што прынц Філіп выконвае ролю мужа каралевы найдаўжэй у гісторыі брытанскай манархіі. Пры гэтым штодзёнка зазначае, што функцыя мужа манархіні – нялёгкая справа: на працягу году Філіп прымае ўдзел у 300 сустрэчах і мерапрыемствах.

вс