• Агляд друку
  • 13.06.2011

Польскія штодзёнкі заўважаюць пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. „Dziennik. Gazeta Prawna”, са спасылкай на Польскую мытную палату ў Беластоку, піша пра зьмены ў правілах адносна перасяканьня ўсходняй мяжы й вывазу тавараў. Беларусь абмяжоўвае магчымасьці памежнага гандлю. Палякі, якія запраўлялі аўтамабілі ў Беларусі, змогуць гэта зрабіць не часьцей, чым адзін раз на пяць дзён. Таксама й беларусы змогуць выехаць сваім аўтамабілем за мяжу раз на пяць дзён, што павінна абмежаваць вываз таньнейшага беларускага паліва – дадае „Rzeczpospolita”.

Мэта рашэньняў беларускага ўраду – забясьпечыць эканамічную стабільнасьць і загарантаваць грамадзянам годны ўзровень жыцьця” – цытуе абгрунтаваньне гэтых дзеяньняў агенцтва БелТА. Правілы датычаць абмежаваньня вывазу фізычнымі асобамі бэнзіну ды дызэльнага паліва ў Летуву й Польшчу, а таксама іншых асноўных тавараў, цэны якіх рэгулююцца дзяржавай, па-за межы Мытнага зьвязу, створанага Расеяй, Беларусьсю й Казахстанам. Часьцей вывозіць паліва змогуць тыя, хто запоўніць дэклярацыю й заплаціць мыта. Мытныя аплаты ўводзяцца й на цыгарэты – у выпадку вывазу больш за два пакеты мыта будзе складаць 4 тысячы беларускіх рублёў за кожны пакет звыш нормы.

Забарона вывазу датычыць таксама многіх іншых прадуктаў, напр. мукі, круп, макаронаў, мяса, жоўтага сыру, масла; халадзільнікаў, маразільнікаў, газавых плітаў, сродкаў гігіены, цэменту.     

„Rzeczpospolita” паведамляе таксама, што ў суботу Масква прыгразіла ўстрыманьнем выплаты 3 мільярдаў даляраў крэдыту, прызнанага Эўра-Азіяцкай эканамічнай супольнасьцю, калі Менск ня спыніць перасьледу расейскіх журналістаў.

Пытаньне перасьледу журналістаў абмяркоўваецца й на старонках штодзёнкі „Gazeta Wyborcza”, якая задумоўваецца, чаму журналіста Анджэя Пачобута вырашылі судзіць за зачыненымі дзьвярыма? З польскай штодзёнкай сваімі меркаваньнямі падзяліўся беларускі паэт і былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, які ў траўні бягучага году быў прысуджаны на два гады зьняволеньня ўмоўна за быццам бы парушэньне правапарадку падчас дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году, тым часам праўда такая, што ён нават не дайшоў да Плошчы, таму што раней быў зьбіты невядомымі й апынуўся ў шпіталі.

Працэс Анджэя Пачобута, які абвінавачваецца ў парушэньні двух параграфаў Крымінальнага кодэксу – абраза й паклёп на прэзыдэнта, – пачнецца заўтра. Слова прэзыдэнт адносіцца да Аляксандра Лукашэнкі, але ж прэзыдэнты ў цэлай Эўропе выбіраюцца ў дэмакратычных выбарах, згодна са стандартамі, прынятымі ў АБСЭ, сябрам якой Беларусь зьяўляецца.. Тым часам падзеі, якія адбываліся да прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля іх, сьведчаць пра тое, што Лукашэнка не намерваецца ўводзіць гэтыя стандарты, а значыць, не зьяўляецца дэмакратам, толькі дыктатарам – адзначае „Gazeta Wyborcza”. 

І менавіта так Аляксандра Лукашэнку называў у сваіх публікацыях Анджэй Пачобут. Значыць, нельга гаварыць пра ніякую зьнявагу, калі гэта праўда, калі сам Лукашэнка адмоўна ставіцца да дэмакратаў, называючы іх „дермократами”.

Чаму судзьдзі вырашылі правесьці працэс за зачыненымі дзьвярыма? Можа таму, што не ўяўляюць сабе, якім чынам можна праўду прадставіць як зьнявагу, ці каб схаваць ад сьвету свой сорам? Хутчэй за ўсё – не. Палітычныя працэсы ўдзельнікаў мірнай пратэстацыйнай акцыі паказалі, што беларуская судовая сыстэма выконвае заданьні, пастаўленыя ўладай. Пачуцьцё сораму ёй поўнасьцю чужое, дарэчы, як і самому рэжыму.

Калі рэжым падаўляе імкненьні грамадзянаў, разьбіваючы галовы кандыдатам на прэзыдэнта і канкурэнтам Лукашэнкі, калі падслухоўваюцца размовы кандыдатаў на прэзыдэнта, удзельнікаў іх выбарчых штабоў, а таксама дыпляматаў пры згодзе пракуратуры, калі падсудныя ня маюць права да абароны, бо адмаўляецца ім у  суcтрэчах з адвакатамі без прысутнасьці сьледчага – калі ўсё гэта на цэлым сьвеце лічыцца злоўжываньнем улады, і Анджэй Пачобут пра гэта менавіта пісаў, дык дзе тут зьнявага прэзыдэнта?

Няўжо абразай зьяўляецца паўтор словаў самога Лукашэнкі, які ўмешваецца ў сьледзтва, загадвае, што газэты павінны пісаць, а радыё й тэлебачаньне гаварыць, колькі павінен каштаваць літар бэнзыну й які адсотак галасоў павінен атрымаць на не адбыўшыхся яшчэ выбарах? Лукашэнка сам пра ўсё гэта казаў, а  журналіст Анджэй Пачобут даў толькі гэтаму маральную ацэнку, і менавіта за ягоную грамадзянскую паставу дыктатура будзе цяпер судзіць яго за зачыненымі дзьвярыма.

Сёньня цэлая Беларусь – гэта вязьніца. За кратамі тое самае, што й на свабодзе. У любы момант могуць забраць міску з кашай, і нідзе не даб’ешся справядлівасьці.

Справа Пачобута сталася для беларускага рэжыму прынцыпова важнай. Улады спрабуюць паказаць, што могуць ня ўлічваць меркаваньня грамадзкай думкі ня толькі беларусаў, але й жыхароў цэлай Эўропы, і то ў момант, калі стаяць перад Эўропай з выцягнутай рукою, просячы ў Міжнароднага валютнага фонду крэдыты. Ашукоўваюць нават саміх сябе.

Адважны чалавек і сапраўдны грамадзянін, журналіст Анджэй Пачобут змагаецца за тое, каб вызваліць Беларусь з турмы. Ён – паляк замагаецца й за свабоду беларусаў, як за „нашу й вашу свабоду” змагаліся супольна палякі й беларусы ў ранейшых паўстаньнях: Касьцюшкаўскім, Лістападаўскім, Студзеньскім ды ў часе Другой сусьветнай вайны.

І таму робіцца ўсё, каб Пачобут забыў пра свае прынцыпы й нават пра сваю нацыянальную тоеснасьць, таму забаранілі яму з бацькам размаўляць па-польску, і таму будуць судзіць яго за зачыненымі дзьвярыма. Але нават калі суд пасадзіць сумленнага журналіста ў турму, то не схавае праўды, не арыштуе гонару, сумленнасьці й чалавечай годнасьці. Муры турмы ўжо хістаюцца, замкі ледзь трымаюцца ў дзьвярах. Неўзабаве ўсе беларусы разам з Анджэем Пачобутам выйдуць на волю, а іх суд над тымі, хто паслаў іх за краты, будзе яўны й адкрыты – напісаў Уладзімер Някляеў на старонках „GW”. 

нб