• “Gazeta Wyborcza”: дэмакратыя Лукашэнкі (агляд друку)
  • 14.06.2011

Сёньняшнія польскія газэты надзвычай шырока асьвятляюць беларускія тэмы. У першую чаргу нашыя калегі пішуць пра суд над Андрэям Пачобутам – супрацоўнікам польскай штодзёнкі “Gazeta Wyborcza”. На першай паласе згаданая штодзёнка зьмяшчае фотаздымак Андрэя з заклеянымі стужкай вуснамі. Гэта непасрэдны намёк на тое, што беларускія ўлады хочуць зачыніць рот непакорнаму журналісту. Акрамя таго, “Gazeta Wyborcza” піша пра тое, што на беларуска-польскіх памежных пераходах адна з польскіх недзяржаўных арганізацый усталявала бігборды са здымкам Пачобута й напісам на беларускай і польскай мовах “Лукашэнка, вызвалі Пачобута!”. Зразумела, што бігборды ўсталяваныя па польскаму боку мяжы, і цяпер кожны грамадзянін Беларусі, уяжджаючы на тэрыторыю Польшчы, бачыць вялізны плякат. Пішучы пра суд над Пачобутам, журналістка газэты зазначае, што працэс праходзіць за зачыненымі дзьвярамі. Паводле камэнтатараў, гэта можа азначаць толькі адно: сьледзтва не сабрала дастаткова доказаў віны журналіста, і таму хаваюць паседжаньне ад людзей. А вось Аксана, жонка Андрэя, кажа, што такія цяжкія хвіліны дапамагае ёй перажыць сын Яраслаў, якому 16 месяцаў. Парадаксальна, але хлопчык нарадзіўся якраз у момант, калі Андрэй сядзеў у турме. Першы дзень нараджэньня малога Пачобут таксама правёў за кратамі –за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Дарэчы, у Горадні мала хто верыць, што Андрэй Пачобут будзе прыгавораны да невялікага прысуду, чытаем на старонках штодзёнкі “Gazeta Wyborcza”.

Гэтая ж самая штодзёнка, на гэты раз на другой паласе публікуе фотарэпартаж пад агульнай назвай “Дэмакратыя Лукашэнкі”. На здымках бачым, як міліцыя разганяе дэманстрантаў, бязьлітасна б’ючы грамадзян дзе пападзе, у тым ліку па галаве. Бачым Саньнікава за кратамі, чорныя мундзіры АМАПУ з паднятымі ўверх гумавымі дубінкамі. І бачым таксама, як амапавец б’е ў твар жанчыну – Сьвятлану Завадзкую, за тое, што яна выйшла на вуліцу з партрэтам свайго зьніклага мужа, апэратара Дзьмітрыя Завадзкага. А яшчэ ёсьць здымак Лукашэнкі. Ён сядзіць у сябе дома на Шклоўчыне ў мяккім крэсьле, спартыўным касьцёме савецкага тыпу і ў такіх жа тапках. Здымак зроблены на наступны дзень пасьля перамогі на выбарах у 1994 годзе, зазначае “Gazeta Wyborcza”.

А вось штодзёнка “Dziennik. Gazeta Prawna” піша пра пратэсты беларусаў на мяжы – у Горадні ды Берасьці. Газэта таксама закранае больш шырокі кантэкст і паведамляе пра тое, што ў Беларусі сасьпявае грамадзкі выбух. У прыватнасьці, сваіх чытачоў “Dziennik” інфармуе пра спантанны пратэст менскіх вадзіцеляў пад назвай “Стоп бэнзін!”, які прайшоў на мінулым тыдні ў беларускай сталіцы.

Гэтая ж газэта публікуе іншую цікавую інфармацыю: у Польшчы павялічваецца колькасьць замежных працаўнікоў, якія ўладкоўваюцца на работу. На 50% у параўнаньні зь мінулым гордам вырасла колькасьць грамадзян Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы й Грузіі, якія знайшлі працу ў Польшчы. Нягледзячы на тое, што ў краіне 2 млн. грамадзян ня маюць працы, палякі ня хочуць працаўладкоўвацца, напрыклад, у сельскай гаспадарцы. І таму на гэтую работу прыяжджаюць іншаземцы, перш за ўсё ўкраінцы. Паводле спэцыялістаў, калі б не грамадзяне Ўкраіны, то плянтацыі клубнікі ў цэнтральным Мазавецкім рэгіёне прыйшлося б проста заараць – не было б каму зьбіраць ураджай. З пачатку бягучага году да траўня ў гэтым жа Мазавецкім ваяводзтве польскія фірмы заявілі пра магчымасьць прыняць на працу больш за 80 тыс. іншаземцаў, паведамляе “Dziennik. Gazeta Prawna”.

вс